Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На старонцы былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы зьявілася абвестка пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах

абноўлена

Валеры Цапкала, архіўнае фота
Валеры Цапкала, архіўнае фота

На старонцы ў Фэйсбуку былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы зьявілася абвестка пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Допіс суправаджаецца абʼёмным тэкстам пра бачаньне Цапкалам шляхоў разьвіцьця Беларусі.

Валеры Цапкала пакуль не пацьвердзіў свайго намеру ў асабістай размове, ягоны тэлефон на аўтаадказьніку. Радыё Свабода датэлефанавалася да маці Валерыя Цапкалы. Тая кажа, што сын нічога не казаў ёй пра намер ісьці ў прэзыдэнты, і што яна не змагла датэлефанавацца да сына.

Вось некаторыя тэзы са старонкі Цапкалы:

У краіне зацьвярджаліся сямейныя, неаэфэадальныя адносіны з магчымасьцю праявы розных формаў капрызнасьці, бесцырымоннасьці і грубасьці ў дачыненьні да тых, хто стаіць ніжэй на сацыяльнай лесьвіцы.

  • У краіне сфармавалася мадэль, пры якой узвышэньне адных адбывалася ня шляхам індывідуальнага разьвіцьця і асобаснага росту, а за кошт «апушчэньня» і прыніжэньня іншых, пазбаўленьня іх гонару і чалавечай годнасьці.
  • «Адбывалася пасьлядоўная ізаляцыя энэргічных асобаў або іх выцісканьне з краіны». У выніку «эканоміка страціла канкурэнтаздольнасьць, а грамадзтва — здольнасьць да разьвіцьця.
  • Беларусы зарабляюць менш за самую бедную кітайскую правінцыю.
  • Моладзь зьяжджае за мяжу семʼямі. Таму што лічаць, што там больш пэрспэктыў, ведаў, свабоды, грошай і… надзеі. Надзеі на тое, што заўтрашні дзень можа быць лепшым за сёньняшні. Беларускае Адраджэньне, магчымасьць якога яшчэ адчувалася ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, не адбылося. Яно зьмянілася бясчасьсем, пэрыядам застою, стагнацыі, грамадзкай апатыі і абыякавасьці.
  • На тле імклівых пераменаў мы захрасьлі ў састарэлых уяўленьнях пра сьвет, дзе ключавое паняцьце — вораг. Яго наяўнасьцю апраўдваюцца нашыя ўнутраныя праблемы.
  • З краіны з самым высокім патэнцыялам мы ператварыліся ў другую па беднасьці дзяржаву на эўрапейскім кантынэнце.
  • Даўно пара адмовіцца ад аджылай сыстэмы кіраваньня, пры якой увесь народ кожны дзень глядзіць на настрой аднаго чалавека. Прыйшоў час вярнуць уладу народу Беларусі!

Сваё рашэньне балятавацца на прэзыдэнцкі пост Цапкала абгрунтоўвае кіраўнічым і жыцьцёвым досьведам.

«Маючы сурʼёзныя кантакты ў палітычных і дзелавых колах у розных краінах сьвету, я змагу іх выкарыстоўваць на карысьць народу Беларусі!» — піша Цапкала.

Валеры Цапкала нарадзіўся ў 1965 годзе ў Горадні.

Скончыў Маскоўскі інстытут міжнародных адносін.

У сваёй карʼеры быў:

  • дарадцам старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі ў зьнешнепалітычных пытаньнях (1993–1994);
  • адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 году;
  • першым намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі (1994–1997);
  • паслом Беларусі ў ЗША і Мэксыцы (1997–2002);
  • памочнікам прэзыдэнта Беларусі (2002–2005);
  • дырэктарам Парку высокіх тэхналёгій (2005–2017).

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць сёлета 9 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG