Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны прысьвяціў сваю праграму на канале YouTube # РоссияБудущего выбарам у Беларусі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
18 чэрвеня былі затрыманыя прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ініцыятыўнай групы, расказваў ён сваім гледачам. Абодва знаходзяцца ў СІЗА КДБ. У той жа вечар у цэнтры Менску пашыхтаваўся «ланцуг салідарнасьці» з усімі арыштаванымі апанэнтамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Ці праўда, што ў Беларусі пачынаецца «аксамітная рэвалюцыя»? Такім было пытаньне ад гледача, на якое паспрабаваў адказаць змагар зь іншым рэжымам — прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
«Акурат цяпер ў Беларусі адбываецца „палітычнае месіва“ — з арыштамі, катаваньнямі, затрыманьнямі ўсіх без разбору, — адзначыў Навальны. — Масавая незадаволенасьць Лукашэнкам адбываецца адначасова на фоне эпідэміі, якую беларускі кіраўнік не прызнае як зьяву, і фактычнага разбурэньня эканомікі. Бо кожны аўтарытарны лідэр, які шмат-шмат гадоў ва ўладзе, дасягае таго пункту, калі эканоміка рассыпаецца. Адпаведна —рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця насельніцтва».
Аляксей Навальны пакпіў з таго, што Лукашэнка нават забараніў інтэрнэт-апытаньні, якія дружна выдавалі яму 3% падтрымкі, тады як апанэнты забіралі ўсё астатняе. Не на ягоную карысьць нават афіцыйная сацыялёгія, таму беларускаму кіраўніку нічога не заставалася, як пачаць адцягваць увагу іншым чынам — «наехаць» на сваіх апанэнтаў у літаральным сэнсе.
Цалкам развагі расейскага палітычнага блогера можна паглядзець у ягонай праграме Навальный LIVE.