Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі пацьвердзіў, што ў сакавіку рэйтынг даверу да Лукашэнкі быў 24%, а да ЦВК — 11%


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падчас датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году

Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў пацьвердзіў у інтэрвію «Народнай Волі», што ў сакавіку —​ пачатку красавіка 2020 году ў дасьледаваньні інстытуту рэйтынг даверу да Лукашэнкі ў Менску быў 24%, а да ЦВК — 11%.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

— Калі ішлося пра 11-адсоткавы ўзровень даверу ЦВК, спасылаліся на Інстытут сацыялёгіі, які вы ўзначальваеце, — запытала ў Коршунава журналістка выданьня Марына Коктыш.

— Гэта нашыя дадзеныя, так, — пацьвердзіў кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН.

— І тое, што рэйтынг даверу Лукашэнкі ў Менску ўсяго 24 адсоткі, — таксама вашыя?

— Так. Гэта красавіцкія дадзеныя. Дасьледаваньне праводзілі ў сакавіку — пачатку красавіка. Хоць тут правільней было б казаць не пра рэйтынг, а пра ўзровень, але няхай, — адказаў Коршунаў.

На пытаньне, ці зьмяніліся гэтыя лічбы цяпер, Коршунаў адказаў, што цяпер інстытут «толькі спрабуе пачаць новае дасьледаваньне», бо не хацелася б рызыкаваць здароўем рэспандэнтаў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, «прынялі рашэньне пачакаць».

Раней Генадзь Коршунаў зьняпраўдзіў Свабодзе зьвесткі, якія распаўсюдзілі ў шэрагу СМІ са спасылкай на Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук аб тым, што ў рэйтынгу прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка набраў 3,8%, Віктар Бабарыка — 58,2%, Сьвятлана Ціханоўская — 20,4%, а Валер Цапкала — 15,7%. Ён назваў гэтую інфармацыю фэйкам.

Актуальнай інфармацыі аб рэйтынгах у інстытуце няма, сказаў Коршунаў, дасьледаваньне рэйтынгу прыпынілі праз сытуацыю з каранавірусам, бо «людзі проста не адчынялі дзьверы».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG