«Не апускаць рукі». Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава запісала зварот аб непрызнаньні подпісаў за Бабарыку сапраўднымі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Па ўсёй краіне ў выбарчых камісіях масава не прызнаюць подпісы, сабраныя за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі. З гэтай нагоды штаб Віктара Бабарыкі выступіў з зваротам. Яго агучыла прадстаўніца штабу Марыя Калесьнікава.
Пра забракаваныя подпісы
«У навінах вы прачытаеце, што подпісы за кандыдатаў, якія вы зьбіралі і ставілі, прызналі несапраўднымі. Дзяржава прызнала несапраўднымі мяне, майго суседа, вас і вашых сяброў. Яна нас ня бачыць, не прымае нас у разьлік і ня чуе нашай думкі. Цана майго подпісу ў вачах дзяржавы — нуль. Усё, што адбываецца — вынік дзейнасьці ўсёй сыстэмы. Мы заклікаем гэтых людзей абудзіцца. Іх менш, чым нас. Іх прымушаюць красьці ў народу і падманваць нас. Сярод тых, хто іх атачае, не засталося аднадумцаў. Іх меншасьць, але ўлада гэта хавае ад іх», — сказала Марыя Калесьнікава.
Пра слабасьць сыстэмы
Паводле Марыі Калесьнікавай, цяперашнія падзеі зьвязаныя са слабасьцю сыстэмы, а ўлады робяць усё больш памылак.
«Сыстэма стала такой слабай, што ў яе больш няма магчымасьці захоўваць твар. Гэты драндулет вэртыкалі бразгоча і развальваецца на хаду. Крадзеж подпісаў і нашых галасоў гаворыць не пра сілу сыстэмы, а пра яе слабасьць. Цяперашняя ўлада ня можа захаваць уладу хаця б бачнымі легітымнымі спосабамі. У ход ідуць марадэрства і непрыкрытае хамства. Калі вам страшна, падумайце, як страшна ім», — сказала Марыя Калесьнікава.
Пра далейшыя пляны
Марыя Калесьнікава ў сваім звароце заклікала не ўпадаць у адчай і не апускаць рукі, бо менавіта на гэта разьлічвае ўлада.
«На працягу чвэрці стагодзьдзя яна ўдала карысталася адчуваньнем пустэчы і бясьсільля, якое прыходзіла да многіх, нават самых актыўных, пасьля чарговых выбараў. Больш так ня будзе. Трэба набрацца цярпеньня, чакаць і рабіць. Выкарыстайце сьвята 3 ліпеня для карысьці, паедзьце на лецішчы і ў вёскі, раскажыце сябрам і суседзям пра тое, што адбываецца на самой справе.
Улады правяраюць, як далёка можна зайсьці, пакуль мы маўчым. Але яны ня ўлічваюць аднаго. Чым больш яны зачыняюць дзьверы перад нашым носам, тым больш нас зьбіраецца каля гэтых дзьвярэй. Перамагчы большасьць немагчыма, наш шлях запатрабуе цярпеньня і ўчынкаў. Мы — беларусы, і мы сапраўдныя, мы гэта дакажам», — падсумавала Марыя Калесьнікава.
Несапраўднымі прызналі ўжо больш за 100 тысяч подпісаў, сабраных за Віктара Бабарыку. Увечары 30 чэрвеня Цэнтральная выбарчая камісія мае агучыць, колькі ўсяго подпісаў прызнаныя сапраўднымі.