Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася кампанія супрацьстаяньня», — Дзьмітрыеў падаў дакумэнты ў ЦВК


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў 30 чэрвеня падаў у Цэнтравыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, паведамляе БелаПАН.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Да прыёму ў ЦВК Дзьмітрыеў заявіў журналістам, што падае дакумэнты «зь вельмі цяжкім сэрцам», бо тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, ёсьць «абсалютным беззаконьнем».

«Я лічу, што ў прынцыпе практычна можна казаць пра тое, што выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася рэальная кампанія супрацьстаяньня», — заявіў ён.

На пытаньне, чаму ў сытуацыі абсалютнага беззаконьня ён працягвае прэзыдэнцкую кампанію, Дзьмітрыеў адказаў, што «трэба проста выкарыстоўваць гэтую кампанію, каб гаварыць пра гэта беззаконьне, дамагацца вызваленьня Бабарыкі, Ціханоўскага, Лосіка, усіх».

На пытаньне, што ён можа адказаць тым, хто лічыць яго спойлерам Аляксандра Лукашэнкі, ён адказаў:

«Я разумею, адкуль гэтае пытаньне. Улада фактычна гуляе зь людзьмі, ліквідуе тых, хто быў на першай лініі атакі, і здаецца, што тыя, хто, можа быць, не такі папулярны, яны спойлеры».

Дзьмітрыеў заявіў, што ў выпадку нерэгістрацыі ён і яго каманда будуць гатовыя падтрымаць усіх прэтэндэнтаў, за выключэньнем Аляксандра Лукашэнкі і Ганны Канапацкай, якая «дазваляе сабе абражаць чалавека, які сядзіць у турме за палітычныя погляды».

Лідэр «Гавары праўду» заклікаў улады зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу і «спыніць спэктакль з праверкай подпісаў», калі ў фаварытаў кампаніі масава бракуюць подпісы за вылучэньне, а таксама выпусьціць людзей, якія апынуліся за кратамі за свае палітычныя погляды.

Паводле Дзьмітрыева, у Беларусі цяпер «дзьве страшныя статыстыкі»: пра колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19, і тых, каго «кінулі ў турму за палітычныя погляды», што ён лічыць «абсалютна непрымальным» і «прыніжэньнем беларусаў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG