Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўпершыню за 25 гадоў ня выступіў з пасланьнем парлямэнту. Ці так можна, тлумачыць юрыст


Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. 19 красавіка 2019 году
Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. 19 красавіка 2019 году

30 чэрвеня завяршыла працу другая сэсія Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня. Упершыню за 25 гадоў — час існаваньня двухпалатнага парлямэнту — сёлета перад дэпутатамі ня выступіў Аляксандар Лукашэнка.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Адпачатку праграмны зварот плянаваўся ў красавіку, аднак з прычыны распаўсюду каранавірусу яго перанесьлі на «пазьнейшы час», а пасьля і ўвогуле перасталі згадваць.

Штогадовае пасланьне прадугледжана Канстытуцыяй Беларусі. Артыкул 84 кажа, што прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, сярод іншага,

  • «Зьвяртаецца з пасланьнямі да народу Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і зьнешняй палітыкі».
  • «Зьвяртаецца са штогадовымі пасланьнямі да Парлямэнту, якія заслухоўваюцца без абмеркаваньня на пасяджэньнях Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі; мае права ўдзельнічаць у рабоце Парлямэнту і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленьнем».

Пасланьне было заплянаванае на сярэдзіну красавіка, перашкодзіў каранавірус

Падчас суботніку 25 красавіка Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «ніякай кансьпіралёгіі з пасланьнем няма». Каранавірус і абвешчаная потым пандэмія зьмянілі сытуацыю ня толькі ў краіне, а і ва ўсім сьвеце.

«Пасланьне было заплянаванае на сярэдзіну красавіка. Без канкрэтнай даты. Як толькі яно было б гатовае і адпавядала духу сёньняшняга дня, яно б прагучала. Аднак уявіце прэзыдэнта на трыбуне! Што ён можа сказаць? Я задаваў шмат пытаньняў, вы гэта чулі, што будзе з намі пасьля гэтага псыхозу і інфэкцыі. Хто можа сказаць, што будзе далей? Ніхто!», — дадаў ён.

Гэта права, а не абавязак, — юрыст Пастухоў

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі юрыст Міхаіл Пастухоў у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што гэта не парушэньне Канстытуцыі — гэта права прэзыдэнта, але не абавязак. Пастухоў пры гэтым прызнае што гэта «нетыповая практыка». Але па сутнасьці, кажа ён, усе свае пляны Аляксандар Лукашэнка ўжо выклаў падчас сваіх шматлікіх рэзанансных выступаў у працоўных калектывах.

Тым ня меней, з улікам пачатку новай выбарчай кампаніі, мяркуе Пастухоў, сытуацыя вымагала ад Лукашэнкі агучыць сваё пасланьне менавіта да прэзыдэнцкіх выбараў, бо на наступны тэрмін ён можа быць і не абраны. Адтэрміноўваць зварот на восень занадта саманадзейна, кажа юрыст.

«Думаю, што адтэрміноўка, а ўрэшце і адмена пасланьня да народу і парлямэнту не зьвязаныя з каранавірусам, — лічыць экспэрт. — Гэта ж не перашкаджае Лукашэнку езьдзіць на прадпрыемствы, сустракацца там зь людзьмі — нават бяз сродкаў індывідуальнай засьцярогі. Па вялікім рахунку, ён ужо распачаў сваю агітацыйную кампанію, хоць, згодна з Выбарчым кодэксам, любы самапіяр магчымы толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатам. Асабліва цынічна, што многія прэтэндэнты і чальцы ініцыятыўных групаў у гэты час знаходзяцца за кратамі».

Усебеларускі народны сход як альтэрнатыва

Аляксандар Лукашэнка таксама не выключаў, што можа сумясьціць пасланьне з выказваньнем сваёй прэзыдэнцкай праграмы на новы тэрмін. У якім выглядзе магла б адбыцца такая «прэзэнтацыя», ён не ўдакладняў. Аднак, як лічыць Міхаіл Пастухоў, улады могуць пайсьці правераным шляхам — экстранна склікаць так званы Ўсебеларускі народны сход і выказаць аднадушную падтрымку нязьменнаму лідэру, які ідзе на шосты прэзыдэнцкі тэрмін.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Сапраўды, гэта першы выпадак у гісторыі, калі Лукашэнка праігнараваў пасланьне парлямэнту. Але варыянт з Усебеларускім народным сходам ня горшы, калі ня лепшы. І аўдыторыя большая, і ўдзельнікі шматразова правераныя. Тым больш, ён даўно абяцае агучыць папраўкі ў Канстытуцыю, і гэта спрыяльны час. Думаю, Лукашэнка можа скарыстацца такой трыбунай у рамках перадвыбарнай агітацыі. Тое чарговым разам падкрэсьліць няроўныя ўмовы для кандыдатаў. Але калі ён зьвяртаў на гэта ўвагу?» — падсумаваў Міхаіл Пастухоў.

На пачатку году Аляксандар Лукашэнка сапраўды анансаваў правядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу — ад 1996-га прайшло ўжо пяць такіх форумаў, падобных да зьездаў кіроўнай камуністычнай партыі ў Савецкім Саюзе. Аднак на фоне распаўсюду каранавірусу магчымыя тэрміны такога сходу названыя не былі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG