Лукашэнка: вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году — гэта крок назад

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка 26 чэрвеня ў Салігорску заявіў, што новы варыянт Канстытуцыі будзе падрыхтаваны ў бліжэйшыя два гады, а вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году — гэта крок назад.

Лукашэнка сказаў, што яму прадставілі некалькі варыянтаў абноўленай Канстытуцыі, аднак зьмены аказаліся недастаткова рашучымі.

«Канстытуцыя — асноўны закон. Мы яе зробім за два гады. Некалькі варыянтаў мне ўжо прапанавалі — яны не падыходзяць. Людзі проста баяцца ўносіць больш рашучыя зьмены ў Канстытуцыю. Я думаю, нам гэта трэба зрабіць. Да прыняцьця Канстытуцыі мы ўвогуле шмат зробім у пляне перадачы паўнамоцтваў уніз — да старшыняў выканкамаў, губэрнатараў», – сказаў Лукашэнка.

19 чэрвеня ў сваім відэазвароце патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка зьвярнуўся да беларусаў з прапановай ініцыяваць рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі Беларусі — вяртаньні вэрсіі асноўнага закону, прынятай у 1994 годзе.

Каб ініцыяваць рэфэрэндум, неабходна стварыць ініцыятыўную групу зь мінімум 100 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Пасьля гэтага яны на працягу двух месяцаў павінны сабраць мінімум 450 тысяч подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму. Працэдурай іх праверкі, паводле заканадаўства, займаецца ЦВК. Дазвол на правядзеньне рэфэрэндумаў у Беларусі дае кіраўнік дзяржавы.

​
XS
SM
MD
LG