Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі абвінавацілі ЦВК у перадузятасьці і ў працы на карысьць Лукашэнкі


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Кампанія назіраньня «Права выбару-2020»​ апублікавала другую прамежкавую справаздачу аб назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2020 годзе.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Асноўныя высновы назіральнікаў:

  • незалежных сацыялягічных службаў у Беларусі няма, зьвестак ад дзяржаўных практычна не публікуюць, але інтэрнэт-апытаньні паказваюць рэйтынг дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў раёне 3–6%;
  • зьмяніўшы ўрад, Лукашэнка ўзмацніў пазыцыі сілавога блёку;
  • яшчэ да выбараў улады распачалі сілавы сцэнар перасьледу апанэнтаў: за кратамі ўжо адзін патэнцыйны кандыдат, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў, дзясятак чальцоў ініцыятыўных групаў;
  • збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў палітызаваў грамадзтва, а ўлады ўжылі сілавыя мэтады для спыненьня палітызацыі; з 15 прэтэндэнтаў толькі 7 заявілі, што сабралі неабходныя для рэгістрацыі кандыдата 100 тысяч подпісаў;
  • пры фармаваньні ўчастковых камісіяў мясцовыя ўлады груба парушылі прынцып роўнасьці правоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў;
  • участковыя камісіі былі сфармаваныя паводле звыклага шаблёну, 70–80% чальцоў засталіся зь мінулых выбараў, празрыстасьць і дэмакратычнасьць працэдураў, што выконваюцца такімі камісіямі, «выклікае вялікія сумневы».

У справаздачы ёсьць і пункт, незвычайны для такіх матэрыялаў аб выбарчых кампаніях у Беларусі: скарга на сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Што з сайтам выбараў

Цэнтральная выбарчая камісія мае свой афіцыйны сайт па адрасе Rec.gov.by (мае тры моўныя вэрсіі, але беларуская і ангельская фактычна закінутыя, вядуць толькі расейскамоўную). На ім публікуюцца матэрыялы ЦВК і навіны, зьвязаныя з паседжаньнямі і дзейнасьцю камісіі.

Да выбараў ЦВК неаднаразова запускала адмысловыя сайты. Так і да выбараў-2020 запусьцілі сайт Vybary2020.by. Леташні сайт пад парлямэнцкія выбары цяпер адключаны, але захаваўся ў кэшы Google, пры тым сайт парлямэнцкіх выбараў 2016 году застаецца дасяжным.

На сайце выбараў 2020 году пакуль няшмат інфармацыі: інфаграфіка пра каляндар выбараў, відэазвароты старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, сьпіс 15 ініцыятыўных групаў кандыдатаў і навіны (нават разьдзел «Матэрыялы» перанакіроўвае на сайт ЦВК). Старонка даступная толькі на расейскай мове.

Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на разьдзел навінаў. На момант публікацыі на сайце выбараў-2020 было 20 навінаў, усе зь дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Ніводная навіна не трансьлюе погляды альтэрнатыўных кандыдатаў, затое некалькі трансьлююць заявы Лукашэнкі, у тым ліку накіраваныя супраць ягоных апанэнтаў.

Кампанія назіраньня «Права выбару-2020»​ адзначае, што ў Беларусі «звычайная справа», калі ў час выбарчых кампаніяў у дзяржаўных СМІ трансьлююць пазытыўную інфармацыю пра Лукашэнку і нэгатыўную пра ягоных апанэнтаў, а цяпер нават на партале ЦВК «падаецца інфармацыя перадузятага і няроўнага характару».

Таксама праваабаронцы заўважылі, што на сайтах мясцовых органаў улады ў разьдзеле «Выбары» часам публікуюць графікі прыёму праўладных арганізацыяў «Белая Русь» і БРСМ, а графікі іншых грамадзкіх аб’яднаньняў ці партыяў не публікавалі ані разу.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG