Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: Група Ціханоўскага выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яго на зьмену ўлады


Лідзія Ярмошына

Як стала вядома праваабаронцам, на Сяргея Ціханоўскага завялі новую крымінальную справу.

Блогеру інкрымінуюць артыкул 191 Крымінальнага кодэксу — перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў, альбо рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі ў выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.

Заяву супраць Сяргея Ціханоўскага накіравала ў адпаведныя органы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Свабода папрасіла чыноўніцу, каб яна падрабязьней паведаміла, што напісала ў сваёй скарзе, але тая праз сакратарку адмовілася, спаслаўшыся на занятасьць.

Раней у размове з журналістамі «Комсомольской правды в Беларуси» Ярмошына прызнала, што сапраўды была ініцыятаркай адной заявы ў дачыненьні да Ціханоўскага.

«Гэта зьвязана з тым, што гэтая група вяла сябе непрыстойна. У нас заўсёды пэрыяд збору подпісаў праходзіў культурна і карэктна. Нават у 2010 годзе, калі былі самыя гучныя выбары. Група Ціханоўскага імкнуліся расхістаць сытуацыю, выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яе на зьмену ўлады. Выбары — гэта канстытуцыйны пераход улады, але не гвалтоўная зьмена», — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца за кратамі, у карцары: супраць яго завялі крымінальныя справы за «гвалт супраць міліцыянтаў» і «перашкоду выбарам». Крымінальныя справы распачалі і супраць дзясятка ягоных паплечнікаў і чальцоў ініцыятыўнай групы ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай. Праваабаронцы прызналі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітычнымі зьняволенымі. Тым часам Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі яна ня здымецца з выбараў.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG