Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі


Блогер Сяргей Ціханоўскі (у цэнтры) перад затрыманьнем у Горадні, 29 траўня 2020 году

Праваабарончая супольнасьць Беларусі выступіла з заявай па факце прад’яўленьня абвінавачваньня Сяргею Ціханоўскаму і сямі ўдзельнікам пікету 29 траўня ў Горадні, у якой прызнала затрыманых палітвязьнямі, паведамляе «Вясна».

У сваёй заяве праваабаронцы, спасылаючыся на розныя артыкулы Выбарчага кодэксу, даводзяць, што пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую 29 траўня ў Горадні «адбываўся мірна, без парушэньняў грамадзкага парадку, адпавядаў як патрабаваньням нацыянальнага заканадаўства, так і стандартам мірных сходаў».

У той жа час затрыманьню ўдзельнікаў пікету папярэднічалі:

  • заява дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага,
  • спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сытуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын,
  • незаконнае ўмяшальніцтва і затрыманьне Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі,
  • дэманстратыўнае падзеньне на зямлю міліцыянта і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ,

што «дазваляе зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненьні да Сяргея Ціханоўскага і ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай магла быць зьдзейсьненая правакацыя», адзначаюць праваабаронцы.

Прааналізаваўшы відэазапісы і сьведчаньні відавочцаў, праваабаронцы прыйшлі да высновы, што законных падставаў для затрыманьня і крымінальнага перасьледу Сяргея Ціханоўскага няма, а да абвінавачваньня ўдзельнікаў пікету ў прымяненьні гвалту ў дачыньнені да міліцыянтаў «варта падыходзіць крытычна».

Усе гэтыя факты, на думку праваабаронцаў, дазваляюць зрабіць высновы аб наяўнасьці ва ўладаў палітычнага матыву перасьледу сябраў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, каб спыніць іх публічную дзейнасьць і стварыць перашкоды вылучэньню Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты.

Праваабаронцы заяўляюць, што крымінальны перасьлед Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў «у сувязі зь негвалтоўным ажыцяўленьнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека» зьяўляецца палітычна матываваным, а самі затрыманыя — палітычнымі зьняволенымі, і патрабуюць ад уладаў:

  • неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых па артыкуле 342КК і спыненьня крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да іх;
  • неадкладнага аб’ектыўнага незалежнага расьсьледаваньня дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі і тых удзельнікаў пікету, якія парушылі закон і правы грамадзян, з забесьпячэньнем ім усіх крымінальна-працэсуальных гарантый.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтар «Вясна», «Беларускі Хэльсынскі Камітэт», «Прававая ініцыятыва», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве Human Constanta, «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG