Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 18 гадоў зьняволеньня. У закрытым судзе вынесьлі выракі Лосіку, Папову, Сакаву, Статкевічу, Ціханоўскаму і Цыгановічу. ФОТА і ВІДЭА


Падсудныя палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў.

Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча судзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3.

Як паведаміла БелТА з будынку СІЗА-3 ў Гомлі, судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня узмоцненага рэжыму,
  • Апэратару Арцёму Сакаву — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
  • Палітыку Міколу Статкевічу — 14 гадоў асаблівага рэжыму,
  • Мадэратару сацыяльных сетак Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
  • Блогеру Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў узмоцненага рэжыму,
  • Блогеру Ўладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня узмоцненага рэжыму.

Ціханоўскаму прад’явілі абвінавачаньні па ч.1 арт.293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч.3 арт.130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы), ч.2 арт.191 (перашкоды працы ЦВК), ч.1 арт.342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). ). Па гэтых жа артыкулах абвінавачаньне выставілі апэратару Арцёму Сакаву і праграмісту Дзьмітрыю Папову.

Абскардзіць прысуды можна цягам 10 дзён у Вярхоўным судзе. Выракі агучылі ў будынку гомельскага СІЗА-3. Працэс быў закрыты, схаваны ад грамадзкасьці, цягнуўся суд ад 24 чэрвеня амаль пяць месяцаў.

Перад вынясеньнем прысуду
Перад вынясеньнем прысуду

Больш за 2,5 млн рублёў таксама мусяць выплаціць асуджаныя па «справе Ціханоўскага» за нібыта нанесеную шкоду. Пра гэта заявіў прадстаўнік пракуратуры Гомельскай вобласьці.

Маёмасьць і грошы Сяргея Ціханоўскага арыштаваныя. Тыя 900 тысяч даляраў, якія быццам бы знайшліся ў яго за канапай, дзяржава пакіне сабе — у залік гэтай быццам бы нанесенай шкоды.

Сяргея Ціханоўскага заводзяць у судовую залю
Сяргея Ціханоўскага заводзяць у судовую залю

Ціханоўскі павярнуўся да судзьдзі сьпінай, Статкевіч крыкнуў «Жыве Беларусь»

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч расказала Свабодзе, што адбывалася ў судовай залі падчас прысуду.

«Нас пусьцілі ў залю, — расказала Свабодзе Марына Адамовіч. — Праўда, надзіва, былі ня ўсе сваякі. Нас завялі туды самымі апошнімі. Пасадзілі ў першы шэраг, абвінавачаныя былі за нашай сьпінай, у клетцы. Мікола сказаў адразу, што прыйшоў туды толькі таму, што хацеў пабачыць жонку. Так ён дамогся, каб ахоўнік-спэцназавец адышоў. І Мікола мог мяне бачыць».

Па словах Марыны Адамовіч, усе абвінавачаныя выглядалі добра і трымаліся ўпэўнена, паводзілі сябе спакойна.

«Ціханоўскі сказаў, што за ўвесь час працэсу ніхто ня даў супраць іх паказаньняў, — кажа Марына Адамовіч. — Я хачу перадаць гэтыя яго словы. Разумею, што для яго гэта было вельмі важна. Ніводзін чалавек за гэтыя амаль пяць месяцаў суду ня даў супраць іх паказаньняў. Верагодна, на працэсе былі нейкія сьведкі».

Па словах Адамовіч, акрамя тэрмінаў зьняволеньня, абвінавачаным таксама прысудзілі выплаціць суму памерам каля 2,5 мільёна рублёў у якасьці кампэнсацыі нібыта нанесенай шкоды.

«Пасьля прысуду амаль усе абвінавачаныя нешта гаварылі, але нас усіх хутка вывелі з залі, — кажа Марына Адамовіч. — Хлопцы казалі, што не прызнаюць прысуд. Мікалай і Сяргей сказалі „Жыве Беларусь“. Усё адбывалася хутка, на тле эмоцый мне цяжка цяпер узгадаць усё. Сяргей прысуд слухаў стоячы, але павярнуўся да судзьдзі сьпінай. Мікола нават не ўставаў. Ад судзьдзі яшчэ адзін хтосьці адвярнуўся сьпінай, але я не згадаю хто. Больш глядзела на Міколу».

Рэакцыя сваякоў: «Хлопцы трымаліся цудоўна»

Соф’я Яфрэмаўна, маці Сяргея Ціханоўскага, у шокавым стане ад прысуду:

«Колькі? 18 гадоў майму сыну? За што? За тое, што зладзілі гэтыя людзі на нашым лецішчы? Божа... Мне 71 год! Я не дажыву, я не ўбачу сына!», — пракамэнтавала Свабодзе маці Ціханоўскага.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча:

«Хлопцы трымаліся цудоўна, выглядалі гэтаксама. Не суд, а менавіта яны вызначалі парадак паседжаньня. Ніхто зь іх не скарыўся, усе абсалютна перакананыя ў сваёй невінаватасьці. Сяргей Ціханоўскі асабліва прасіў перадаць: ніводзін чалавек за гэтыя 6 месяцаў ня даў супраць іх ніякіх паказаньняў. Асабіста я ўсьлед за нашымі хлопцамі гэтаксама перакананая, што гэты ганебны прысуд ніколі ня ўступіць у сілу», — падсумавала падчас стрыму на сваёй старонцы ў Facebook жонка палітвязьня.

Сьвятлана Ціханоўская, жонка Сяргея Ціханоўскага:

«Я скажу тут відавочныя рэчы: будзьце моцныя. Мы змагаемся за вас кожны дзень. Хтосьці ў Беларусі, хтосьці за мяжой. Мы гаворым пра вас і гаворым за вас. Нават калі вы ў турмах, гэта не значыць, што ва не чуюць — увесь свет з вамі. У вас нашмат больш сяброў, чым можа здавацца Вы нашыя героі. Мы будзем прынцыповыя і паслядоўныя. Давядзем справу да перамогі. Мы вас любім і чакаем на волі.

Праўда ў тым, што наша мірная рэвалюцыя пакуль не перамагла. Няма той чароўнай кнопкі, якую мы націсьнем — і вось яна — свабода. Але наша рэвалюцыя і не прайграла. Гэта працэс. Мы павінны быць паслядоўныя. Цярплівыя. Мы ведаем што на правільным шляху і змагаемся за правільную справу. Летась мы пабачылі, што нас большасьць. Мы зразумелі, што мы не проста рахманыя беларусы, а ўмеем за сябе пастаяць. У гэтым годзе быў тэст на вынослівасць, вытрымку. Мы абавязкова давядзем справу да канца. Іначай проста ня можа быць».

Дар'я Лосік, жонка Ігара Лосіка:

«На шчасьце, я змагла пабачыць свайго мужа. Ён цудоўна выглядае, як заўсёды. Прыгожа пастрыжаны. Бледны, але гэта праз адсутнасьць сонца і ўмовы ў СІЗА. Але выглядае добра і трымаецца добра. Малойца! Ён найлепшы. Я вельмі рада была яго бачыць. Усе хлопцы, што там былі, — проста прыгажуны. Змагаюцца да канца за справядлівасьць».

Усіх асуджаных прызналі палітвязьнямі яшчэ ў час іх знаходжаньня ў СІЗА.

Адвакаты далі падпіску аб невыдаваньні, таму пра акалічнасьці працэсу нічога не вядома. Вядома, што Мікола Статкевіч адмовіўся браць удзел у судзе; такім чынам, Статкевіча судзілі без ягонай прысутнасьці.

Усім шасьці фігурантам справы пагражала да 12–15 гадоў пазбаўленьня волі. Ім інкрымінавалі «масавыя беспарадкі», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты справы ўжо больш як год знаходзяцца ў СІЗА.

Прэзыдэнт Радыё Свабода/Радыё Вольная Эўропа: «Абуральная пародыя на правасудзьдзе»

Прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай з нагоды выраку журналісту Свабоды Ігару Лосіку заявіў:

«Абыходжаньне рэжыму Лукашэнкі зь Ігарам Лосікам было вартае асуджэньня. Судовы працэс за зачыненымі дзьвярыма, які ён і тыя, каго судзілі разам зь ім, трывалі цягам апошніх пяці месяцаў, быў абуральнай пародыяй на правасудзьдзе. Мы зноў заклікаем рэжым Лукашэнкі спыніць наступ на СМІ, журналістаў і блогераў, такіх як Ігар, і дазволіць яму вярнуцца да сваіх жонкі і дачкі».

Усіх палітычных вязьняў, якія сталі падазраванымі ў гэтым судзе, затрымалі ў канцы траўня — чэрвені 2020 году, задоўга да дня правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Адвакаты ўсіх абвінавачаных далі падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў спраў сваіх падабаронных і нават дэталяў працэсу, у выніку былі невядомыя нават усе артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавацілі Ігара Лосіка.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
  • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
  • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
  • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
  • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
  • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG