Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Ад прысуду я не чакаю нічога добрага». Галоўнае аб працэсе ў справе Лосіка, Ціханоўскага, Статкевіча і іншых


Гэты судовы працэс можа стаць ня толькі адным з самых доўгіх у гісторыі Беларусі, але і адным з самых закрытых.

14 сьнежня ў 14:00 на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля абвесьцяць прысуд у справе журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а таксама палітыкаў Міколы Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага, блогера Ўладзімера Цыгановіча і ўдзельнікаў каманды Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова. Прыгадваем, як праходзіў гэты судовы працэс і што ў ім застаецца найбольш незразумелым.

Чаму так доўга і ў закрытым рэжыме?

Суд па справе Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і іншых абвінавачаных зь невялікімі перапынкамі ішоў 173 дні. Сьледзтва — больш за год. Журналіст Свабоды Ігар Лосік на дзень абвяшчэньня прысуду правядзе за кратамі менш за ўсіх з абвінавачаных — 537 дзён. На дадзены момант гэта самы працяглы палітычны працэс у гісторыі Беларусі. Пасьля выбараў 2010 году большасьць арыштаваных тады апазыцыянэраў асудзілі да лета 2011 году, частку зь іх вызвалілі ўжо празь некалькі месяцаў пасьля выбараў.

Пра тое, што працэс пройдзе на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля і ў закрытым рэжыме, стала вядома яшчэ ў траўні. Родных абвінавачаных не пусьцілі ў залю нават перад пачаткам суду, спаслаўшыся на тое, што турма — установа рэжымная. Акрамя абвінавачаных, адвакатаў, судзьдзі і пракурора, там былі толькі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ.

«Гэта мяне абсалютна не зьдзівіла, — кажа жонка Ігара Дар’я Лосік. — Я разумела, што ўлады будуць максымальна хаваць ход працэсу. Што яны маглі б паказаць? Там няма чаго паказаць. Зганьбіцца перад усімі? Такое сабе. Таму імавернасьць такой закрытасьці працэсу была вельмі вялікая. Я была абсалютна ў ёй перакананая».

Жонка Ігара Лосіка дзяжурыла ля будынку СІЗА-3 Гомля ад самага пачатку суду з 24 чэрвеня 2021 году па сярэдзіну лістапада. Яна кажа, што нават ня можа палічыць, колькі дзён правяла пад СІЗА, была там на працягу амаль пяці месяцаў чатыры разы на тыдзень (у панядзелкі і ў выходныя суд прыпынялі. — РС).

Афіцыйных тлумачэньняў, чаму справу разглядалі ў закрытым рэжыме і ў будынку СІЗА-3, не было. Закрытыя працэсы праходзяць у Беларусі рэгулярна, здараліся яны і да 2020 году. Аднак свае рашэньні аб поўным альбо частковым закрыцьці працэсу судзьдзі, як правіла, стараліся тлумачыць.

Зьмена судзьдзі

Адпачатку працэс вёў судзьдзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў. Гэта стала вядома празь месяц пасьля пачатку працэсу, калі яго подпіс заўважылі пад адным з дакумэнтаў. Імя Бакунова фігуравала ў «палітычных» справах у Гомлі ад пачатку дзясятых гадоў, аднак ён быў заўважаны толькі на адміністрацыйных пратэстах, якія канчаліся для абвінавачаных «суткамі». Пры гэтым часам Бакуноў даваў мінімальныя тэрміны альбо ўвогуле штраф, як было з гомельскім актывістам Уладзімерам Няпомняшчых.

Зьмена судзьдзі на працэсе Лосіка, Ціханоўскага, Статкевіча і іншых абвінавачаных адбылася на пачатку верасьня. Справу перадалі Мікалаю Долі. Як і судзьдзя Бакуноў, Доля раней быў заўважаны на «палітычных» працэсах. У 2011 годзе ён аштрафаваў кіраўніка гомельскай філіі руху «За свабоду» Пятра Кузьняцова. Чым была выкліканая замена судзьдзі — дакладна не вядома. Гэта рэдкая для крымінальных працэсаў зьява, звычайна судзьдзя вядзе ўвесь працэс ад пачатку да канца, а ў выпадку хваробы судзьдзі працэс прыпыняецца.

Чаму Ціханоўскага судзілі разам з Лосікам і Статкевічам?

Па словах жонкі Міколы Статкевіча Марыны Адамовіч, яе муж з усіх сваіх «падзельнікаў» ня быў блізка асабіста знаёмы ні з кім. Знаў толькі Сяргея Ціханоўскага, аднак сустракаўся зь ім усяго некалькі разоў, пераважна на вулічных акцыях. Тое самае можна сказаць і пра Ігара Лосіка, які сьцьвярджае, што іншых абвінавачаных пабачыў толькі з пачаткам суду ў СІЗА. Марына Адамовіч кажа, што такое разьвіцьцё падзеяў ня стала нечаканасьцю ні для яе, ні для самога Статкевіча.

«Мы зь Міколам ад самага пачатку выбарчай кампаніі 2020 году ўяўлялі, што год ня будзе лёгкі, — кажа Марына Адамовіч. — А пра сам працэс мы ня думаем. Калі ў краіне беззаконьне, калі ў ёй не да законаў, то нічога ня дзівіць у гэтым сэнсе. Курс абраны на ўзмацненьне ціску. Мабыць, улады сапраўды рыхтуюцца да гандлю. Я ня ведаю».

З усіх абвінавачаных больш-менш блізка знаёмыя паміж сабой былі толькі Сяргей Ціханоўскі і Арцём Сакаў зь Дзьмітрыем Паповым. Блогер Уладзімер Цыгановіч таксама ня меў прамога дачыненьня да выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Усе шасьцёра абвінавачаных былі затрыманыя ў канцы траўня — чэрвені 2020 году, задоўга да выбараў і пачатку масавых пратэстаў. Суды ў большасьці палітвязьняў, арыштаваных у той пэрыяд, даўно скончаныя. Не пачынаўся толькі працэс Эдуарда Бабарыкі, сьледзтва па справе якога ідзе дагэтуль.

Адвакатам забаранілі называць нават артыкулы абвінавачаньня сваіх падабаронных

Ні праваабаронцы, ні родныя ўсіх шасьці абвінавачаных ня ведаюць, якія абвінавачаньні ў выніку выставіў фігурантам справы пракурор. Агульная фармулёўка — арганізацыя масавых пратэстаў, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе. Адвакаты ўсіх шасьцярых катэгарычна адмаўляюцца камэнтаваць ход працэсу, а ў некаторых выпадках нават просяць не афішаваць свой удзел у ім у якасьці абаронцаў. Дар’я Лосік дагэтуль ня ведае, у чым абвінавачваюць яе мужа — трэці артыкул Крымінальнага кодэксу, па якім Лосіку прад’явілі абвінавачваньні ў сакавіку, застаецца невядомы. Лісты з падрабязнасьцямі працэсу ад абвінавачаных на волю не даходзяць. Пабачыць сваіх родных Марына Адамовіч і Дар’я Лосік за ўвесь час сьледзтва і суду змаглі толькі аднойчы.

«Самае цяжкае — гэта тое, што ты пазбаўлены магчымасьці бачыць блізкага чалавека, — кажа Марына Адамовіч. — Паўтара года Мікалай за кратамі, я яго за гэты час бачыла толькі адзін раз. І, у прынцыпе, тое, што адбывалася на гэтым судзе, мяне вельмі мала цікавіць. Мяне цікавіць толькі Мікалай, яго стан. Мікалай сам пісаў мне, што яго таксама гэты суд менш за ўсё хвалюе. Бо ў іх не засталося і часткі таго часу, на які яны заплянавалі схаваць Міколу і іншых».

Родныя абвінавачаных будуць прысутнічаць на прысудзе

«Мне патэлефанавалі напрыканцы мінулага тыдня, сказалі, што я змагу прысутнічаць, — расказала Дар’я Лосік. — Сказалі, што мець з сабой трэба, якія дакумэнты. Ці я зьдзіўленая? Калі ўлічыць усе тонкасьці, адміністратыўныя і судовыя, то рэзалютыўная частка прысуду заўсёды публічная. Нават калі сам працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Таму не павінна быць нейкага зьдзіўленьня. Але ў нашай сытуацыі, вядома, гэта крыху дзівіць».

Дар’я Лосік кажа, што крыху баялася, што трапіць на прысуд можа перашкодзіць рэжымнасьць аб’екта, дзе праходзіў працэс. Яна даслала ў суды розных інстанцый не адну заяву з просьбай дазволіць ёй пабачыць прысуд для мужа. Вядома таксама, што, акрамя Дар’і Лосік, у залю паседжаньняў зьбіраюцца трапіць Марына Адамовіч і маці Сяргея Ціханоўскага.

«Ад прысуду я не чакаю нічога добрага, — кажа Дар’я Лосік. — Калі іх усіх апраўдаюць раптам, то гэта будзе такая казка, што вам не апісаць. Муж намякае ў лістах, што прысуд будзе суворы. Я таксама так лічу. Нічога добрага ад гэтай „сталінскай тройкі“, ад так званага суду я не чакаю».

«Так, па адным сваяку ад фігурантаў крымінальнай справы запрасілі на абвяшчэньне прысуду, — пацьвердзіла Свабодзе жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. — Хто ад каго будзе, я дакладна ня ведаю. Ці будзе сам Мікола на прысудзе, я ня ведаю. Пакуль яго ня ўбачу, то баюся нешта гаварыць. Кожную раніцу прачынаюся ў жаху, прыслухоўваюся да сябе. Баюся любых выпадковасьцяў, якія могуць перашкодзіць нам пабачыцца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG