Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі новы вырак палітвязьню Ціханоўскаму, раней асуджанаму на 18 гадоў зьняволеньня


Сяргей Ціханоўскі, Менск, 2020
Сяргей Ціханоўскі, Менск, 2020

Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі дадатковыя паўтара года зьняволеньня.

Як паведаміла «Вясна», палітвязьня асудзілі за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

Працэс над ім праходзіў у Жодзінскай турме. Ціханоўскі віны не прызнаў. Раней яго асудзілі на 18 гадоў турмы.

Паводле сьледзтва, палітвязень Сяргей Ціханоўскі падчас адбыцьця пакараньня нібыта «сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».

Працэс у СІЗА Жодзіна вёў судзьдзя Іван Грынкевіч.

У жніўні палітвязьню, асуджанаму на 18 гадоў калёніі, узмацнілі пакараньне і перавялі яго ў Жодзіна на турэмны рэжым. Там яго бесьперапынна зьмяшчалі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА).

Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская гэтак пракамэнтавала новы прысуд Сяргею Ціханоўскаму:

«Яшчэ паўтара года незаконны суд вырашыў «давесіць» майму мужу. Сваю віну Сяргей Ціханоўскі не прызнаў. Таму што ён не павінен сядзець ня толькі гэтыя паўтара года, ён не павінен знаходзіцца ў турме ў прынцыпе. Праца судзьдзяў і пракурораў, якія выносілі гэтае рашэньне, заключаецца толькі ў выдумляньні новых спосабаў рэпрэсій над беларусамі. Ніякага дачыненьня да правасудзьдзя гэта ня мае. Ведаеце, зараз па просьбе Сяргея мы вядзем яго канал «Тюрьма Для Жизни». І я вельмі чакаю таго часу, калі мы вызвалім Сяргея і ўсіх палітвязьняў з гэтага пекла. І гэты канал ператворыцца з апісаньня жыцьця майго мужа ў гісторыю, якую Беларусь больш ніколі не паўторыць».

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Муж апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.

Сяргей сядзеў у менскім СІЗА на Валадарскага. Затым — у турме ў Жодзіне, СІЗА ў Гомлі. Са жніўня 2020 году ён знаходзіцца ў розных турмах у адзіночнай камэры. І ў СІЗА на Валадарскага, і ў Жодзіне, і ў Гомлі ён ня раз трапляў у штрафны ізалятар (ШЫЗА) за «парушэньні» — прыкладам, за тое, што быў няголены ці што ў камэры было павуціньне.

Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. Пасьля прысуду Ціханоўскаму перасталі перадаваць лісты ад сяброў і знаёмых. І нават ад жонкі, лідэркі дэмакратычнай Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Перапіску ён мае толькі зь дзецьмі.

У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Нягледзячы на вялікі тэрмін зьняволеньня, палітвязьню і мужу апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай выставілі новае абвінавачаньне.

Асуджанага на 18 гадоў турэмнага зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі ў «злачынстве супраць правасудзьдзя», піша Сьледчы камітэт.

Паводле сілавікоў, Сяргей нібыта «падчас адбыцьця пакараньня сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».

Дзеяньні Ціханоўскага кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, учыненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

З інфармацыі праваабаронцаў вынікае, што за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» ўжо асудзілі ня менш за 15 палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG