Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН 


Затрыманьні падчас пікетаў
Затрыманьні падчас пікетаў

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуліся да Найвышэйшага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у правах чалавека і некалькіх спэцыяльных тэматычных дакладчыкаў з просьбай прыняць захады для паляпшэньня актуальнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», ад 6 траўня паводле адміністрацыйных артыкулаў, скарыстаных дзеля палітычнага перасьледу за выказваньне думкі, суды прыцягнулі 97 чалавек да адказнасці ў выглядзе арышту (разам прызначана 1246 дзён арышту). Паводле такіх жа артыкулаў 105 чалавекам прысудзілі штрафы агулам каля 90 000 рублёў.

Суды працягваюць выносіць людзям, якія ўдзельнічаюць у мірных сходах, адміністрацыйныя арышты. Некаторым актывістам вынесьлі некалькі судовых пастановаў аб арышце за ўдзел у розных захадах. Так, палітыку Паўлу Севярынцу суды прызначылі 75 дзён арышту, палітыку Мікалаю Статкевічу — 30 дзён, блогеру You-Tube канала MozgON Уладзімеру Цыгановічу — 30 дзён.

Умовы адбываньня пакараньня ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе знаходзіцца бальшыня арыштаваных, можна кваліфікаваць як жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае для годнасьці.

Спэцыяльных дакладчыкаў паінфармавалі пра факты пагрозаў вылучэнцы ў кандыдаты Сьвятлане Ціханоўскай, перасьледу сябраў яе ініцыятыўнай групы і зьбіральнікаў подпісаў, а таксама пра ціск на іншага прэтэндэнта Віктара Бабарыку, ператрус у ягоных калегаў і сяброў, чальцоў ініцыятыўнай групы і затрыманьне 15 чалавек.

Праваабаронцы ацэньваюць дзеяньні ўладаў як незаконны, палітычна матываваны ціск, які мае на мэце прымусіць адмовіцца ад рашэньня ўдзельнічаць у выбарах.

Падпісанты просяць спэцыяльных дакладчыкаў у межах адпаведных працэдураў зьвярнуцца да ўраду Беларусі з патрабаваньнем прыняць неадкладныя меры для выкананьня сваіх міжнародных абавязаньняў у галіне правоў чалавека, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвэнцыі супраць катаваньняў, жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў пакараньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG