Цяпер, калі Беларусь уваходзіць у кампанію выбараў прэзыдэнта, асабліва важна, каб асноўныя правы і свабоды былі цалкам выкананыя. Такую пазыцыю ў камэнтары Tut.by выказаў амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Мы занепакоеныя нядаўнімі дзеяньнямі, распачатымі супраць Віктара Бабарыкі, і заклікаем да поўнага выкананьня законнасьці. Спадзяюся таксама, што праваахоўныя органы расьсьледуюць ананімныя тэлефонныя пагрозы, якія паступілі на адрас патэнцыйнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — адзначыў дыплямат.
Ён дадаў, што занепакоены і паведамленьнямі пра выпадкі жорсткага абыходжаньня з боку сілаў правапарадку, а таксама пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня асобаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
Амбасадар заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў і выконваць міжнародныя абавязаньні згодна Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, удзельнікам якой зьяўляецца Беларусь.
«Такія крокі будуць спрыяць дэмакратычнаму разьвіцьцю Беларусі і ўмацаваньню яе сувэрэнітэту і незалежнасьці, — падсумаваў Дырк Шубэль. — Як адзначалася ў сумеснай заяве Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША, тое, як пройдуць гэтыя выбары, будзе мець ключавое значэньне для далейшага разьвіцьця шматбаковых адносінаў зь Беларусьсю».