Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта канцлягер. Вошы, 6 сутак ня спала ад холаду». Праваабаронца Натальля Гарачка пра ўмовы ў ізалятары на Акрэсьціна


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Людзі сустракаюць зьняволеных на Акрэсьціна пасьля адбываньня тэрміну
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Людзі сустракаюць зьняволеных на Акрэсьціна пасьля адбываньня тэрміну

11 сутак адбыла ў ізалятары на Акрэсьціна грамадзкая актывістка, праваабаронца Натальля Гарачка, якую затрымалі 5 чэрвеня каля Камароўскага рынку.

Тады Натальля Гарачка праз уласны тэлефон вяла стрым у інтэрнэт. Паводле праваабаронцы, яе затрымалі людзі ў цывільным. «Яны назваліся „расейскім ФСБ“, але адвезьлі мяне ў Цэнтральны РУУС», — кажа Натальля Гарачка.

16 чэрвеня Натальля выйшла на волю.

«ЦІП перапоўнены»

Натальля Гарачка адразу ўдакладніла, што 11 дзён яна адседзела ў Ізалятары часовага ўтрыманьня, а не як раней — у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Згодна з пастановай суду аб зьдзейсьненым правапарушэньні — удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі — яе павінны былі ўтрымліваць у ЦІП.

Натальля Гарачка, архізнае фота
Натальля Гарачка, архізнае фота

«Фармальна мы лічыліся за ЦІП, але разьмясьцілі мяне ў будынку ІЧУ, казалі, што ЦІП перапоўнены. І гэтак ня толькі мяне. Па маіх зьвестках, Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык ды некаторых іншых таксама ўтрымліваюць у будынку ІЧУ», — сказала Натальля Гарачка. (Будынкі ІЧУ і ЦІП знаходзяцца побач, за адной агароджай. — РС.)

«Гэта на мяжы выжываньня»

Паводле зьвестак Натальлі Гарачкі, Вольга Мікалайчык да першых 15 сутак атрымала яшчэ сама меней два такія ж тэрміны.

«Але я не ўяўляю, як там столькі можна вытрымаць, бо ў параўнаньні з былымі часамі там цяпер канцлягер», — кажа Натальля Гарачка. Сярод дрэнных успамінаў пра цяперашнюю адседку Натальля Гарачка згадала, што да яе падсадзілі жанчыну з вошамі, і ў выніку, каб засьцерагчыся, яна мусіла спаць на голай лаве.

Усе 11 дзён арышту Натальля Гарачка трымала галадоўку, і, па яе словах, яна не адна абрала такую форму пратэсту.

«На паверсе, дзе ўтрымлівалі тых, каго прывезьлі ў ізалятар пасьля 8 чэрвеня, галадоўку абвясьцілі больш за 10 чалавек. Пераважна гэта мужчыны», — паведаміла праваабаронца.

Натальля Гарачка пацьвердзіла скаргі іншых затрыманых на тое, што ім штучна стваралі невыносныя ўмовы для начнога адпачынку.

«9 чэрвеня нас усіх перавялі на першы паверх і адабралі пасьцельныя рэчы. Казалі, што хутка аддадуць, але не аддалі. А праз два дні яшчэ адабралі і матрацы. Ноччу было ня проста холадна, а жудасна холадна. Там не адчыняюць вокны, і таму нават калі надвор’е цяплейшае, у камэрах холад і вільгаць. З 11 начэй я не магла спаць 6, мяне ўсю трэсла. У адну ноч суседка паднялася і нейкай прасьцінай мяне накрыла, бо я замярзала ў адной кофтачцы. У мяне падняўся ціск, але два дні мне не давалі лекаў і не выклікалі да мяне лекараў», — кажа Натальля Гарачка.

Зь яе словаў, аднойчы, калі яна патрабавала, каб ёй выклікалі хуткую дапамогу, яна пачула такую размову ахоўнікаў: «Адзін кажа другому, давай выклікаем хуткую, раптам што. А другі адказвае, што не, ня трэба, бо калі выклікаць, дык мяне забяруць у лякарню, а ёсьць загад, каб мы заставаліся тут», — кажа Натальля Гарачка.

«Ад мяне патрабавалі здаць панчохі, маўляў, я магу на іх павесіцца»

Ці праўда, што, акрамя міліцыянтаў, у ізалятары знаходзяцца супрацоўнікі іншых сілавых устаноў? Пра гэта Радыё Свабода казаў лідэр Маладога фронту Дзяніс Урбановіч.

Натальля Гарачка пацьвердзіла, што бачыла ў будынку ІЧУ некалькі чалавек у цывільным, але нічога сказаць пра іх статус не змагла.

«Неяк у іх замянілі ўсю зьмену, і ўсе новыя былі ў форме. Дык вось у адным з новых у форме я пазнала чалавека, які аднойчы на акцыі здымаў на відэа. Тады ён быў у цывільным, а цяпер у міліцэйскай форме. Дарэчы, ён мяне, здаецца, таксама пазнаў. Але зь якой ён службы, не ўяўляю», — сказала Натальля Гарачка.

Другім разам яна сутыкнулася з чалавекам у цывільным, калі вырашалася спрэчка пра яе асабістыя рэчы. У Натальлі склалася ўражаньне, што да думкі гэтага чалавека ўсе прыслухоўваліся.

«Ад мяне патрабавалі здаць панчохі, маўляў, я магу на іх павесіцца. Я настойвала, каб пакінулі, бо мне холадна. Казала, што не зьбіраюся вешацца, што ў мяне іншая мэта — ратаваць радзіму. Нават з начальнікам ізалятара Ігарам Васільевічам пра гэта гаварыла, і ў выніку ён узгадняў з тым чалавекам у цывільным тое, што мне ўсё ж можна пакінуць панчохі», — сьцьвярджае Натальля Гарачка.

«Мяне вывелі на прагулку толькі адзін раз»

Праваабаронца Натальля Гарачка кажа, што ня можа забыць гісторыю жанчыны, зь якой пазнаёмілася ў ІЧУ на Акрэсьціна.

«За ўсю адседку мяне вывелі на прагулку толькі адзін раз. І мне ў дворыку сустрэлася замежніца Марал. Яе гісторыя такая: яна ляцела ў Армэнію празь Менск і тут трапіла пад карантын. Апынулася ў ізалятары і ня можа вырвацца. Патрабавала консула, але ёй так ніхто і не дапамог, толькі выклікалі да яе псыхіятраў з Навінак. У ізалятары яна больш за 30 сутак і ўжо проста пачынае рваць на сабе валасы ад адчаю», — паведаміла Натальля Гарачка.

Другой жанчынай, чый лёс непакоіць Натальлю Гарачку, была арыштантка з правінцыі, якой менскі суд прысудзіў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. «У яе дома засталіся двое непаўналетніх дзяцей», — абураецца праваабаронца.

Натальля Гарачка сказала, што абавязкова будзе скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна. «Гэта сапраўды на мяжы выжываньня», — кажа праваабаронца.

Раней прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць сьведчаньні актывістаў пра цяжкія ўмовы адбываньня пакараньняў паведаміла, што на сёньня няма ніводнай скаргі на ўмовы ўтрыманьня ці дрэннае абыходжаньне ад тых актывістаў, хто адбываў адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і хто там цяпер.

«Усё, што яны гавораць, ня ёсьць праўдай», — сказала Вольга Чамаданава.

Паводле яе, рэагуючы на допісы ў сацыяльных сетках, у тым ліку ад сваякоў затрыманых, кіраўніцтва МУС правярала гэтыя сыгналы, у тым ліку праглядаліся камэры назіраньня, якія ўсталяваныя ў ЦІП. Сыгналы аб парушэньнях не пацьвердзіліся.

«Парушэньняў з боку тых, хто там працуе, ня выяўлена. Ёсьць унутраныя правілы, якія мусяць выконваць затрыманыя, якіх утрымліваюць у ЦІП, і ўсё робіцца ў межах гэтых правілаў», — сказала Вольга Чамаданава.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG