Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяперашні кашмар цяжка было перажыць». Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна


Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота
Дзяніс Урбановіч, архіўнае фота

16 чэрвеня пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту зь менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна выйшаў лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Ён расказаў, што робіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, калі затрымліваюць актывістаў выбарчай кампаніі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Парушэньняў з боку тых, хто там працуе, ня выяўлена», — паведаміла на запыт Радыё Свабода прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава.

«Усім запраўляюць людзі ў цывільным. Міліцыянты кідаюцца выконваць любыя іх загады»

ЦІП на Акрэсьліна, архіўнае фота
ЦІП на Акрэсьліна, архіўнае фота

Паводле Дзяніса Ўрбановіча, справамі ў ЦІПе ў гэтыя дні кіравалі не міліцыянты, а невядомыя супрацоўнікі ў цывільным.

«Яны паводзяць сябе як гаспадары ня толькі ў дачыненьні да вязьняў, але і зь міліцыянтамі. Любы іх загад тыя кідаюцца выконваць, як падначаленыя. Мяркую, яны з КДБ ці зь якой іншай сілавой структуры, бо паводзяць сябе нахабна, іх усе баяцца. Зьдзекуюцца зь вязьняў, хамяць, пагражаюць. Ад іх былі такія выразы, якіх раней ніколі ня чуў. „Ператворым цябе ў агурок“, „Ты сюды трапіў, каб пакутаваць“, „Павесім ці сам павесісься, і ніхто правяраць ня будзе“... Лічу, гэта на іх загад у камэрах, дзе ёсьць палітычныя, падлогу заліваюць вадой з хлёркай», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Ён кажа, што сам сядзеў у такой камэры, дзе вады было па шчыкалатку, а матрацы адабралі, каб вязьні не маглі адпачыць. Урбановіч згадаў, як папрасіў анучу, каб выцерці з падлогі ваду, але ахоўнікі яму адмовілі і ў гэтым: «Здымай штаны і выцірай».

Чаму былы вязень мяркуе, што вада з хлёркай на падлозе — гэта ня сродак дэзынфэкцыі ад каранавірусу, а зьдзек зь вязьняў?

«Калі праводзіцца дэзынфэкцыя, прыходзяць жанчыны і праціраюць усё адмысловымі сродкамі. А ваду з хлёркай выліваюць на падлогу, менавіта каб зрабіць неспрыяльныя ўмовы для вязьняў. Прычым потым усім іншым арыштантам у камэры кажуць, што гэта „праз палітычных“», — кажа Дзяніс Урбановіч.

«Севярынца зьбілі і адабралі ў яго Біблію»

8 чэрвеня ў ЦІП быў зьмешчаны Павал Севярынец, а таксама іншыя актывісты, якіх затрымалі ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Паводле Дзяніса Ўрбановіча, зь імі абыходзяцца асабліва жорстка. Ад аднаго з сукамэрнікаў Дзяніс Урбановіч пачуў, што Паўла Севярынца білі па нагах, адабралі Біблію і зьмясьцілі яго ў халодны карцэр.

«Калі яму там давядзецца сядзець 75 сутак, не ўяўляю, як ён вытрымае. Я недзе праз 10 дзён у звычайнай камэры страціў арыентацыю, колькі сяджу, калі выходзіць. А там увогуле жахлівыя ўмовы», — кажа Дзяніс Урбановіч. Паводле ягоных зьвестак, ахоўнікі і людзі ў цывільным зьбівалі таксама актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, які абвясьціў галадоўку.

«У дворыку чуў голас Вольгі Мікалайчык, а потым яе некуды перавялі. Зь ёй таксама вельмі жорстка абыходзяцца, не зважаюць, што жанчына», — кажа актывіст.

«Да сьцяны!», «Стаяць!», «Пысу разьвярні!»

Ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна, архіўнае фота
Ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна, архіўнае фота

Дзяніс Урбановіч быў сьведкам таго, як у ЦІПе абыходзіліся з жанчынамі ў цішотках з надпісам «Краіна для жыцьця».

«Тады ў ЦІПе было шмат амапаўцаў, прычым яны былі ўзброеныя аўтаматамі. І людзей у цывільным. Як прывезьлі тых жанчын, іх пачалі аглядаць. Асабістыя рэчы проста выкідалі на зямлю. Жанчыны пачалі абурацца, патрабавалі, каб іх аглядалі супрацоўніцы-жанчыны. Але на іх раўлі, як на быдла: „Стаяць! Да сьцяны! Пысу разьвярні!“ — гэта малая доля, што я запомніў. Там быў проста жах», — згадаў Дзяніс Урбановіч.

Пра сябе Дзяніс Урбановіч кажа, што яго некалькі разоў моцна зьбівалі, у тым ліку перад судом білі па галаве. Шмат начэй запар у ягоную камэру па некалькі разоў урываліся ахоўнікі. Актывіст мяркуе, што яму наўмысна не давалі выспацца, каб вывесьці з нармальнага псыхалягічнага стану, справакаваць на агрэсіўныя дзеяньні.

«Я ледзь трымаўся. Нават простая просьба вывесьці мяне на прагулку магла закончыцца зьбіцьцём у калідоры», — кажа Дзяніс Урбановіч.

Са словаў актывіста, цяпер адносна вязьняў ЦІП уведзеныя самыя розныя абмежаваньні: ім забаронена чытаць, іх не выводзяць на прагулкі, некаторым не даюць перадач.

«Першую маю перадачу проста высыпалі на падлогу і зьнішчылі», — кажа актывіст. Ахоўнікі, паводле актывіста, асабліва ўважліва сочаць за тым, каб цягам дня вязень ня змог нармальна адпачыць. «Матрацы на дзень забіраюць, і альбо хадзі па камэры, альбо сядзі на халодным жалезе. Нават прыхіліцца да сьцяны нельга — адразу заскокваюць у камэру і пагражаюць карцэрам», — згадаў Урбановіч.

Пра санітарны стан у камэрах Дзяніс Урбановіч сказаў гэтак:

«Гарачай вады няма, кажуць, нібыта нейкі рамонт. Шмат у якіх камэрах вошы — мне таксама давялося іх душыць на адзеньні».

Дзяніс Урбановіч сказаў, што мае намер скардзіцца ў пракуратуру на зьбіцьцё, зьдзекі і невыносныя ўмовы ўтрыманьня ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. «Нават мне, які ўжо бываў на сутках, цяперашні кашмар цяжка было перажыць. Косьці дагэтуль баляць», — згадвае актывіст.

Дазваніцца да дзяжурнага ЦІП па камэнтар не ўдалося — слухаўку проста не паднялі.

Афіцыйны камэнтар МУС

Паводле прэсавага сакратара МУС Вольгі Чамаданавай, на сёньня няма ніводнай скаргі на ўмовы ўтрыманьня ці дрэннае абыходжаньне ад тых актывістаў, хто адбываў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў адміністрацыйны арышт і знаходзіцца там цяпер.

«Усё, што яны гавораць, ня ёсьць праўдай. Няма пагроз жыцьцю, рэчаў у Паўла Севярынца не адбіралі», — сказала Вольга Чамаданава.

Паводле Вольгі Чамаданавай, рэагуючы на допісы ў сацыяльных сетках, у тым ліку ад сваякоў затрыманых, кіраўніцтва МУС правярала гэтыя сыгналы, у тым ліку праглядаліся камэры назіраньня, якія ўсталяваныя ў ЦІП. Сыгналы аб парушэньнях не пацьвердзіліся.

«Парушэньняў з боку тых, хто там працуе, ня выяўлена. Ёсьць унутраныя правілы, якія мусяць выконваць затрыманыя, якіх утрымліваюць у ЦІП, і ўсё робіцца ў межах гэтых правілаў», — сказала Вольга Чамаданава.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG