У сумеснай заяве ад імя ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу ў Менску амбасады ЗША і Вялікай Брытаніі і прадстаўніцтва Эўразьвязу заклікалі ўлады Беларусі прыняць уcе захады для правядзеньня «бясьпечных, мірных, свабодных і справядлівых выбараў і забесьпячэньня асноўных свабодаў».
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Мы чакаем, што Беларусь своечасова запросіць назіральнікаў АБСЭ/ БДІПЧ (Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе/Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) і заклікаем улады Беларусі прадэманстраваць гатоўнасьць да дасягненьня прагрэсу ў выкананьні рэкамэндацый папярэдніх справаздачаў АБСЭ/БДІПЧ з назіраньня за выбарамі», — гаворыцца ў заяве.
Дыпляматы адзначылі, што працэс рэгістрацыі кандыдатаў павінен быць сумленным і празрыстым, і падкрэсьллі, што «ніякія палітычна матываваныя абмежавальныя захады не павінны перашкаджаць рэгістрацыі патэнцыйных кандыдатаў».
Амбасадары ЗША, Брытаніі і Эўразьвязу таксама зьвяртаюць увагу на каранавірусную інфэкцыю ў краіне і «настойліва рэкамэндуюць» уладам Беларусі прыняць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя аб фізычным дыстанцыяваньні, каб мінімізаваць пагрозу COVID-19 такім чынам, які «дасьць усім кандыдатам роўныя шанцы агітаваць і інфармаваць выбарнікаў пра тое, за што яны выступаюць».
У заяве таксама нагадваецца, што сапраўды плюралістычны склад выбарчых камісіяў мае ключавое значэньне для ўмацаваньня даверу да выбарчай адміністрацыі.
Дыпляматы падкрэсьліваюць значэньне свабоднай дзейнасьці СМІ падчас выбараў і выказваюць занепакоенасьць «нядаўнімі затрыманьнямі мірных дэманстрантаў і зьняволеньнем журналістаў».
На завяршэньне адзначаецца, што крокі, якія прымае Беларусь «для захаваньня агульначалавечых свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека», будуць уплываць на фармаваньне будучай палітыкі ЗША, Брытаніі і Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.