Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Бабарыка застаецца за кратамі, суд адхіліў скаргу на ўтрыманьне пад вартай


Віктар Бабарыка.

Суд адхіліў скаргу прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі на заключэньне пад варту. Пра гэта БелаПАН паведаміў адвакат Віктара Зьміцер Лаеўскі.

Скаргі разгледзелі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 30 чэрвеня. Мера стрыманьня не мяняецца — Бабарыка застаецца ў СІЗА КДБ. Сёньня абаронца плянуе зь ім сустрэцца.

Па словах Лаеўскага, пасяджэньне прайшло безь Віктара Бабарыкі. З прычыны падпіскі аб неразгалошваньні адвакат ня змог сказаць, як прайшоў суд і чым кіраваўся судзьдзя, адхіляючы скаргу. Аднак адзначыў, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.

На мінулым тыдні Лаеўскі падаў таксама скаргу на меру стрыманьня ад свайго імя. У суд, паводле яго слоў, яна пакуль не паступіла.

11 чэрвеня ў «Белаграпрамбанку» і шэрагу іншых камэрцыйных кампаній прайшлі ператрусы.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праверка дзейнасьці банку праводзіцца на яго даручэньне, пры гэтым сьцьвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.

Віктар Бабарыка зьвязаў тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасьцю.

«Маштабнасьць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарчай кампаніі, і, з майго пункту гледжаньня, відавочна, што яна носіць палітычны характар», — сказаў ён 16 чэрвеня.

18 чэрвеня Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі затрыманыя. У той жа дзень старшыня Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль заявіў:

«Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што зьяўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасьці, паспрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў».

Па словах старшыні КДК, у рамках расьсьледаваньня распачатыя справы па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Віктар і Эдуард Бабарыкі цяпер у СІЗА КДБ. Вядома, што ім выставілі абвінавачваньні, але называць канкрэтныя артыкулы адвакатам забаранілі.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG