Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У двух прэтэндэнтаў у прэзыдэнты ЦВК выявіла больш подпісаў, чым яны здалі?


Гэта Сяргей Чэрачань і Ганна Канапацкая. Іх штабы заявілі пра меншую колькасьць пададзеных подпісаў, чым налічыла Цэнтральная выбарчая камісія.

Па інфармацыі штабу Сяргея Чэрачня, за ягонае вылучэньне ўдалося сабраць 106 тысяч подпісаў. Але ў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) заявілі аб 143 тысячах подпісаў.

Ганна Канапацкая заяўляла пры падачы дакумэнтаў, што сабрала «крыху больш за 110 тысяч подпісаў», а ў ЦВК прызналі сапраўднымі 146 тысяч подпісаў. І гэта ўлічваючы, што некаторыя камісіі адсеялі частку подпісаў на этапе праверкі.

Што кажуць прэтэндэнты

У штабе Сяргея Чэрачня Свабодзе паведамілі, што «будуць зьбірацца ўвечары, каб зразумець, як так адбылося».

Ганна Канапацкая ня стала камэнтаваць сытуацыю Свабодзе. Паводле ЦВК у ганны Канапацкай у рэгіёнах 35 тысяч сапраўдных подпісаў. Прычым раней паведамлялі, што за яе паступіла крыху больш за 20 тысяч.

У камэнтары Tut.by Канапацкая сказала, што 110 тысяч подпісаў, якія яна агучыла ў размове з журналістамі, гэта толькі здадзеныя «ўласнаручна». Маўляў, насамрэч яе каманда сабрала значна больш.

Андрэй Дзьмітрыеў таксама сказаў Tut.by, што яго каманда сабрала болей за 107 тысяч подпсіаў, пра якія ён паведаміў журналістам.

Што кажуць у ЦВК

У Цэнтральнай выбарчай камісіі патлумачылі такое не супадзеньне «магчымымі дадатковымі подпісамі».

«Да тых лічбаў, якія называлі журналістам Канапацкая, Чэрачань і Дзьмітрыеў, Цэнтральная камісія ня мае дачыненьня. Гэта казалі прэтэндэнты на этапе збору подпісаў, цалкам магчыма, што яны подпісы яшчэ здавалі дадаткова. Тыя лічбы, якія пазначаны на сайце ЦВК, атрыманы пасьля праверкі. Тое, што заяўлялі прэтэндэнты — тут трэба глядзець дату, калі яны гэта казалі», — сказаў Tut.by намесьнік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Іван Толкач.

Паводле ЦВК, шесьць прэтэндэнтаў сабралі неабходную колькасьць подпісаў:

  • Аляксандар Лукашэнка — 1 939 572: залічылі 97% ад пададзеных 2 млн подпісаў
  • Віктар Бабарыка — 165 744: залічылі 45% ад пададзеных 365 тысяч
  • Ганна Канапацкая — 146 588: залічылі 133% ад пададзеных 110 тысяч
  • Сяргей Чэрачань — 143 109: залічылі 135% ад пададзеных 106 тысяч
  • Андрэй Дзьмітрыеў — 106 841 (падаў «105-107 тысяч»)
  • Сьвятлана Ціханоўская — 104 757: залічылі 95% ад пададзеных 110 тысяч​

У Валера Цапкалы, паводле ЦВК, сапраўдных 75 249 подпісаў: залічылі 37,6% ад пададеных 200 тысяч. Такім чынам, ён не зможа стаць кандыдатам.

Подпісы Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкала масава прызнавалі несапраўднымі ў менскіх і раённых камісіях.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG