Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчка за 500 подпісаў. Штаб Цапкалы патрабуе тлумачэньняў у ЦВК


Ілюстрацыйнае фота. Валер Цапкала дае прэ-канфэрэнцыю ў Менску пасьля таго, як ЦВК не прызнала частку подпісаў, сабраных ягонай ініцыятыўнай групай. 1 ліпеня 2020 году

Выбарчы штаб вылучэнца на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы дамагаецца ад Цэнтральнай выбарчай камісіі тлумачэньняў наконт прызнаньня несапраўдным пасьведчаньня раённага каардынатара з Бабруйску Андрэя Архіпенкі. ЦВК настойвае, што той ня меў права зьбіраць подпісы і завяраць падпісныя аркушы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Архіпенка: «Мяне можна арыштоўваць за падробку дакумэнта»

Андрэй Архіпенка мае пасьведчаньні каардынатара па Ленінскім раёне Бабруйску і Бабруйскім раёне. На гэтых дакумэнтах стаяць пячаткі Цэнтральнай выбарчай камісіі і подпіс яе старшыні Лідзіі Ярмошынай. Па словах Архіпенкі, пра тое, што яны не сапраўдныя, ён даведаўся выпадкова ў Магілёўскай абласной выбарчай камісіі. Гэта пазьней пацьвердзілі і ў Першамайскай раённай выбарчай камісіі Бабруйску.

Андрэй Архіпенка, архіўнае фота
Андрэй Архіпенка, архіўнае фота

«Са слоў прадстаўнікоў камісіі вынікала, што я ня меў права зьбіраць подпісы, бо ня быў чальцом ініцыятыўнай групы Цапкалы. Выходзіць я падрабіў пасьведчаньні і мяне варта прыцягваць да адказнасьці за злачынства», — камэнтуе сытуацыю Андрэй Архіпенка.

Ён цьвердзіць: калі здаваў завераныя падпісныя аркушы, прэтэнзіяў ад камісіяў не было. Прыхільніку Цапкалы не паведамлялі, што ягоныя пасьведчаньні выдадзеныя памылкова. Усяго ён здаў у раённыя камісіі блізу 500 подпісаў.

Штаб Цапкалы: «ЦВК ня хоча выпраўляць памылкі»

Ільля Дабратвор, паліттэхноляг штабу Валера Цапкалы, цьвердзіць: ЦВК прызнае памылку, але ня хоча яе выпраўляць. Паводле яго, юрыдычна няма падстаў не прызнаваць тое, што Архіпенка зьбіраў подпісы незаконна. Ён кажа, што штаб вылучэнца на прэзыдэнцтва мае копію пастановы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, у якой Архіпенка пазначаны як каардынатар. Рашэньня аб скасаваньні ягонага статусу ЦВК не прымаў.

Ільля Дабратвор
Ільля Дабратвор

«Гэта цяпер яны высьветлілі, што, на іх думку, пасьведчаньні яму выдадзеныя памылкова, — кажа Ільля Дабратвор. — Але ў дапаможніках для ЦВК канкрэтна сказана, хто мае зьбіраць подпісы: асоба з пасьведчаньнем чальца ініцыятыўнай групы».

Ільля Дабратвор ня стаў камэнтаваць, ці варта разглядаць сытуацыю з Архіпенкам у рэчышчы нерэгістрацыі Валера Цапкалы.

ЦВК: Пытаньне аб Архіпенку разгледзім дадаткова

У камэнтары БелаПАН намесьнік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай працы апарату ЦВК Іван Толкач адзначыў: адпачатку Архіпенка ня быў уключаны ў ініцыятыўную групу. Пазьней жа ў ЦВК зьвярнуўся яе кіраўнік з просьбай аб замене каардынатараў.

Паводле Івана Толкача, такая працэдура магчымая, але новыя каардынатары выбіраюцца з тых асобаў, якія зарэгістраваныя чальцамі ініцыятыўных групаў. Архіпенкі ж сярод іх не было, і тым самым «ініцыятыўная група ўвяла ЦВК у зман, калі прапанавала яго каардынатарам».

«То бок мела месца выдача пасьведчаньня каардынатара не чальцу ініцыятыўнай групы, — кажа Іван Толкач. — А паколькі нагрузка ў камісіі тады была завялікая, то пры спраўджваньні дакумэнтаў памылку ня выявілі і пасьведчаньне Архіпенку выдалі».

Суразмоўца дадае, што пытаньне аб прызнаньні сабраных Архіпенкам подпісаў будзе разглядацца дадаткова на паседжаньні ЦВК.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG