Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК за дзень зарэгістравала адну ініцыятыўную групу. Статкевічу, ягонай жонцы і 20 паплечнікам адмовілі

абноўлена

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 19 і 20 траўня разглядае рэшту заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. З 55 пададзеных раней адхілілі 10: Зялкоўскага, Ціханоўскага і 8 «кандыдатаў пратэсту». За 19 траўня разглядзелі 23 заяўкі, ухвалілі адну.

15 траўня былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі і​старшыні ЛДПБ Алега Гайдукевіча, гомельскага фермера-блогера Юрыя Ганцэвіча, прадстаўніка АГП і «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Няпомняшчых.

Адхіленыя заяўкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага (замест яго новую заяву падала жонка, Сьвятлана Ціханоўская) і «суворага турыста» Віталя Зялкоўскага (ён не прыйшоў у ЦВК, абмежаваўся электроннай поштай), а таксама васьмі паплечнікаў Міколы Статкевіча — «кандыдатаў пратэсту» Анжалікі Жалязьняковай, Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Мікалайчык, Вікторыі Хатэнкі, Ігара Клешчука, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай (яны ўжо падалі скаргу ў Вярхоўны суд).

Зарэгістравалі групу:

Не зарэгістравалі групы:

  • прадпрымальніцы Алены Ашыхмінай (абтэлефанавалі 10 чалавек са 120 з групы, 5 не адказалі, 1 ня змог назваць прозьвішчы тых, у чые групы запісаўся, 4 сказалі, што не давалі згоды на сваё ўключэньне; таксама знайшлі памылкі ў сьпісе каардынатараў і няпоўныя зьвесткі некаторых чальцоў ініцыятыўнай групы; Ашыхміна паабяцала патрабаваць са спасылкай на Канстытуцыю, каб яе рэгістравалі бяз збору подпісаў);
  • беспрацоўнай Жанны Раманоўскай (у ЦВК выявілі, што 6 чалавек былі пазначаныя ў сьпісе двойчы, 4 памерлыя, у 16 несапраўдныя зьвесткі, засталося 82 — а неабходна ня менш за 100 чалавек у ініцыятыўнай групе).
  • працаўніка Жодзінскага вадаканалу, «кандыдата пратэсту» Дзьмітрыя Кудраўца (паводле ЦВК, «большасьць апытаных» са сьпісу з 500 чалавек заявілі, што падпісваліся за Статкевіча, а Кудраўца ня ведаюць; група на 70% супала зь іншымі кандыдатамі , як сказала Ярмошына, з «бліжэйшага атачэньня Статкевіча);
  • фэрмэра з Жлобінскага раёну, «кандыдата пратэсту» ​Пятра Карабанава;
  • горадзенскага пэнсіянэра, «кандыдата пратэсту» ​Мікалая Саляніка, які ў студзені прыкоўваў сябе ланцугом у судзе;
  • гаспадыні аграсядзібы ў Ляхавіцкім раёне, «кандыдаткі пратэсту» ​Тамары Патоцкай;
  • мазырскага беспрацоўнага, «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Неўмяржыцкага​;
  • жонкі Міколы Статкевіча, «кандыдаткі пратэсту» ​Марыны Адамовіч (у ейнай групе было заяўлена 173 чалавекі — паводле ЦВК, у 151 адсутнічалі сэрыя і нумар пашпарта, Адамовіч назвала гэта хлусьнёй; паводле Ярмошынай, спачатку Адамовіч падала сьпіс ініцыятыўнай групы з нумарамі пашпартоў, але пасьля падала новы сьпіс, у якім не было нумароў пашпартоў);
  • лідзкай пэнсіянэркі, «кандыдаткі пратэсту» ​Рэгіны Беркус — яго і ягоных прадстаўнікоў не было на паседжаньні, таксама як не было названых ніжэй;
  • віцебскага пэнсіянэра, «кандыдата пратэсту» Аляксандра Якушкова;
  • гомельскага мэдыка, якая заяўляла пра «каранавірусны ціск» на яе, «кандыдаткі пратэсту» ​Алены Давыдавай​;
  • народжанага ва Ўкраіне аршанскага беспрацоўнага, «кандыдата пратэсту» Аляксандра Школьнікава​;
  • кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, лідэра «Народнай грамады» Міколы Статкевіча, які мае непагашаную судзімасьць за «асабліва цяжкае злачынства» (ня мае права ўдзельнічаць у выбарах да 2023 году);
  • сябра БНФ зь Віцебску, «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Кійко (паводле ЦВК, у сьпіспе засталося 19 чалавек, дабраахвотны ўдзел якіх не абверглі);
  • магілёўскага вахтара, «кандыдата пратэсту» Юрыя Новікава​;
  • баранавіцкага прадпрымальніка, «кандыдата пратэсту» Юрыя Чудзіновіча​;
  • рэчыцкага беспрацоўнага, «кандыдата пратэста» Сяргея Статкевіча;
  • маладэчанскага электразваршчыка, «кандыдата пратэсту» Віктара Шорца;
  • наваполацкага начальніка аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў, судзімага за «ўхіленьне ад сплаты крэдыторскай запазычанасьці», «кандыдата пратэсту» Юрыя Касача (паводле ЦВК, штраф ён за два гады не сплаціў, таму мае непагашаную судзімасьць);
  • барысаўскага пэнсіянэра, «кандыдата пратэсту» Аляксандра Абрамовіча (цёзку першага старшыні ЦВК Беларусі);
  • дубровенскай беспрацоўнай, «кандыдаткі пратэсту» Натальлі Стрэльчанкі;
  • індывідуальнага прадпрымальніка зь Ельскага раёну, «кандыдата пратэсту» Аляксея Зуевіча.

«Маляваначка [па-расейску было сказана „очаровашка“] Жанна Мікалаеўна, так і хочацца зарэгістраваць, сама не дае, — заявіла Ярмошына пра Раманоўскую, якая ўжо спрабавала стаць кандыдаткай у 2015 годзе. — Узяла старыя сьпісы».

Наконт «кандыдатаў пратэсту» Ярмошына адзначыла: магчыма, чальцы іхных ініцыятыўных групаў давалі згоду камусьці з трох дзясяткаў патэнцыйных кандыдатаў, але прэтэндэнты абменьваліся зьвесткамі людзей бязь іхнай згоды і не інфармавалі іх пра ўключэньне ў свае ініцыятыўныя групы. Ярмошына дадала, што праца ЦВК праз «кандыдатаў пратэсту» была цяжкай — параўнала яе з працай мэдыкаў у «чумным бараку».

Ярмошына сказала, яе хацела заразіць каранавірусам «кандыдатка пратэсту»

На паседжаньні 19 траўня ніхто з боку ЦВК не насіў мэдычных масак, але многія «кандыдаты ў кандыдаты» прыходзілі ў масках. Марына Адамовіч гэтым абурылася, Ярмошына ж адказала ёй тым, што ў Адамовіч у групе нібыта быў хворы на каранавірус.

Паводле Ярмошынай, у складзе групаў «кандыдатаў пратэсту» была хворая на каранавірус, якая прыехала ў ЦВК асабіста і патрабавала пэрсанальнага прыёму ў кабінэце, «хацела плюнуць у мяне, каб дакладна».

Як сказала Свабодзе Марына Адамовіч, гаворка ідзе пра гомельскую лекарку і адну з «кандыдатак пратэсту» Алену Давыдаву. Тая не магла б «плюнуць у Ярмошыну», нават калі б хацела, кажа Адамовіч: заявы падавалі не старшыні ЦВК, а двум «драбнейшым чыноўнікам».

На момант, калі Давыдава падавала заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы (14 траўня), станоўчага выніку тэсту на COVID-19 у яе не было (пра станоўчы вынік ёй па тэлефоне расказалі вечарам 15 траўня), і нават пры гэтым заяву яна падавала ў масцы. На паседжаньні 19 траўня Давыдавай не было.

Адамовіч дадае, што «каныдаты пратэсту» ня мелі шчыльных кантактаў з Давыдавай — яна іх заразіць не магла, у адрозьненьне ад чальцоў ЦВК, якія на паседжаньні 19 траўня не насілі масак.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG