«Убывай», «Welcome to hell». «Кандыдаты пратэсту» правялі акцыю перад ЦВК. ФОТА

Акцыя прыхільнікаў Міколы Статкевіча каля ЦВК у Менску
Акцыя прыхільнікаў Міколы Статкевіча каля ЦВК у Менску

Прыхільнікі Міколы Статкевіча і «Народнай грамады», якія зьбіраліся вылучацца як «кандыдаты пратэсту» на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, правялі 15 траўня кароткую акцыю перад уваходам у Палату прадстаўнікоў і Цэнтральную выбарчую камісію.

Прысутныя трымалі плякат з надпісам на ангельскай мове, які перакладаецца як «Вітаем у пекле», а на майках і значках некаторых быў расейскамоўны надпіс «Убывай» з умляўтам над літарай Б.

Валянцін Фралоў, ініцыятыўная група якога ў ліку не зарэгістраваных ЦВК, сказаў карэспандэнту Свабоды, што яму незаконна адмовілі ў праве выбірацца.

Адмовілі ў рэгістрацыі і шэрагу іншых ініцыятыўных групаў кандыдатаў, якія зьбіраліся стаць «кандыдатамі пратэсту», у тым ліку групе блогера Сяргея Ціханоўскага.

Адносна большасьці незарэгістраваных ЦВК сьцьвярджае, што ў сьпісах недакладна напісаныя адрасы чальцоў ініцыятыўных групаў, што прозьвішчы паўтараліся, многія асобы бязь іхнай згоды былі ўключаныя ў сьпісы і самі былі «зьдзіўленыя» гэтым фактам, калі чыноўнікі ім тэлефанавалі. А што тычыцца Ціханоўскага, які цяпер адбывае 15 сутак арышту за сьнежаньскую акцыю пратэсту, — што на заяве няма ягонага подпісу (хоць ёсьць даверанасьць на падачу заявы ад жонкі).

​
XS
SM
MD
LG