Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што будуць выбары-2020


Якім будзе фрэймінг сёлетніх выбараў? Гэты мудрагелісты англіцызм азначае канструяваньне галоўных тэмаў кампаніі, прымушэньне ўсіх удзельнікаў палітычнага працэсу пазыцыянаваць, вызначаць сябе адносна гэтых «восяў» кампаніі.

Сьцісла

  • Выбары 2019 году ў Вялікай Брытаніі фактычна сталі рэфэрэндумам па адной тэме — вы за Brexit ці супраць?
  • У 1996 годзе ў Расеі каманда Ельцына сканструявала тэматычную «вось» выбараў: Ельцын, сынонім жахліва цяжкіх, але неабходных рэформаў, каб ісьці ў новую, лепшую будучыню, — і Зюганаў, сынонім вяртаньня ў камунізм, у Гулаг, да картак на прадукты, пад уладу парткамаў
  • На выбарах 2020 году Лукашэнка пазыцыянуе сябе як абаронца незалежнасьці, асаблівага шляху, фактычна — як апанэнт Расеі
  • Такі фрэймінг пакідае ягоным апанэнтам адзін полюс — расейскі
  • Канапацкая заяўляе, што ў канфлікце паміж афіцыйным Менскам і «Першым каналам» расейскай тэлевізіі яна на баку апошняга, Бабарыка ад пытаньня, чый Крым, уцякае жарцікам — грэцкі
  • Будзіць расейскіх дэманаў у душы беларуса — ня самы бясьпечны занятак. Можна ж і разбудзіць
  • Вясковыя бабулькі, якія глядзяць расейскую тэлескрыню — ці будуць гатовыя падтрымаць багацея-банкіра, нават калі гэта мякка параіць расейская тэлевізія?
  • Зьмяніць, паламаць фрэймінг гэтых выбараў, які ўжо задаў Лукашэнка, ніводзін зь яго апанэнтаў будзе ня ў стане. Нюансаваць сваю пазыцыю ў яго межах — так, гэта магчыма
  • А з Расеяй Лукашэнка потым, пасьля перамогі на выбарах, памірыцца. Пагуляліся і хопіць. Мы ж браты з вамі, не забыліся яшчэ?

Выбары ў Брытаніі: За ці супраць Brexit

Што такое фрэймінг, найпрасьцей патлумачыць на прыкладах. Летась у Вялікай Брытаніі прайшлі парлямэнцкія выбары, на якіх перамаглі кансэрватары на чале з Борысам Джонсанам. Перад Брытаніяй тады стаяла безьліч праблемаў — і ахова здароўя, і стан эканомікі, і шэраг іншых. Але фактычна выбары сталі рэфэрэндумам па адной тэме — вы за Brexit ці супраць? Гэтае пытаньне выбарнікі задавалі палітыкам найперш, выбар рабіўся паводле таго, як кандыдаты адказвалі на яго. Пры гэтым тыя партыі, якія спрабавалі ўзьняць, актуалізаваць іншыя праблемы, правальваліся паміж гэтымі полюсамі, іх успрымалі як недарэчных дзівакоў — што вы гаворыце, гэта ж не пра тое, не пра галоўнае.

Там фрэймінг у значнай ступені вызначаўся абставінамі, сытуацыяй, настроямі грамадзкай думкі.

Выбары 1996 году ў Расеі: «Ельцын супраць Гулагу»

Але ёсьць, былі выпадкі, калі фрэймінг мадэлюецца, канструюецца. І адзін з найбольш яскравых выпадкаў — прэзыдэнцкія выбары ў Расеі ў 1996 годзе. Сацыяльна-эканамічны стан Расеі тады быў вельмі цяжкі. Рэч была ня толькі ў зьбядненьні мільёнаў расейцаў, але і ў экзыстэнцыйным шоку, у абрынаньні звыклага сьвету, у якім жылі гэтыя мільёны. Выдатная ілюстрацыя — кніга Алексіевіч «Час second-hand».

Калі б тэма гэтага сацыяльна-эканамічнага стану была цэнтральнай на выбарах, Ельцын бы прайграў іх. Прайграў бы, можа, нават якому Яўлінскаму, а ўжо пагатоў Зюганаву, лідэру партыі рэваншу. Бо менавіта на дзейнага прэзыдэнта РФ ускладалася адказнасьць за «ліхасьць» тых 90-х.

Што прыдумала каманда Ельцына? Сканструяваць іншую праблемную «вось» выбараў: Ельцын, сынонім жахліва цяжкіх, але неабходных рэформаў, каб ісьці ў новую, лепшую будучыню, — і Зюганаў, сынонім вяртаньня ў камунізм, у Гулаг, да картак на прадукты, ва ўладу парткамаў. Ці зьбіраўся Зюганаў насамрэч вярнуць усю гэтую «прыгажосьць» — а гэта няважна. У тым фрэймінгу, які сканструявала каманда Ельцына, для Зюганава не знайшлося іншага месца, акрамя месца адэпта Гулагу і картак на прадукты.

Пры гэтым праваліліся ўсе кандыдаты, якія прэтэндавалі на ролю «трэцяй сілы» — Лебедзь, Яўлінскі. Іх проста ня слухалі — ды вы не пра тое, бо рэальны (насамрэч, паліттэхналягічна сканструяваны) выбар — Ельцын альбо Зюганаў=Гулаг. А вяртаньня Гулагу расейцы не хацелі, нягледзячы на ўсе сацыяльна-эканамічныя нягоды. Клясыка паліттэхналёгіі.

Выбары 2020 году ў Беларусі: за незалежнасьць, асаблівы шлях і супраць Расеі

Ну, а цяпер — у Беларусь 2020 году. Што гаворыць Лукашэнка апошнія месяцы, што ён робіць, які фрэймінг? У Беларусі свой шлях — і ў барацьбе з каранавірусам, і ў эканоміцы, дый ва ўсім. Мы правільна змагаемся з «псыхозам», а ўсе астатнія, і расейцы ў тым ліку, і ці ня ў першую чаргу яны, — дурні.

Масква — хцівая, Нямеччыне, якую мы разам разграмілі 75 гадоў таму, прадае газ за 80 даляраў, а братам-беларусам, зь якімі гнілі ў тых акопах, — па 127 даляраў. Я герой, з голымі грудзьмі, як савецкія салдаты ў Вялікай Айчыннай, на парадзе ў гонар нашай Перамогі, а Пуцін — у бункеры хаваецца, як 75 гадоў таму вядома хто. Іх фэдэральныя каналы ўзводзяць паклёпы на Беларусь — прэч «паклёпнікаў» з нашай зямлі.

Прывітаньне ад Майка Пампэо

Ну, і разынка на торце: першы закуп амэрыканскай нафты. Прычым закуп пасьля таго, як з той жа кепскай, агіднай Расеяй пэўнага пагадненьня дасягнулі. Цяпер — ня студзень-люты, не разгар «нафтавай» вайны, ня тая сытуацыя, што Беларусь проста фізычна ня выжыве бяз гэтай амэрыканскай нафты. Але Беларусь купляе яе менавіта цяпер. А міністар замежных спраў Уладзімер Макей тлумачыць пры гэтым, калі раптам нехта не зразумеў: гэтая пастаўка — рэалізацыя прапановы дзяржсакратара Майка Пампэо, зробленай у размове з Лукашэнкам на пачатку лютага.

Прычым Пампэо тады трактаваў сваю прапанову як сродак абароны беларускай незалежнасьці. І Беларусь карыстаецца гэтай амэрыканскай абаронай яе незалежнасьці. І хто карыстаецца ёй? Кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка, І ад каго абарона? Ад Расеі. Якая і зь вірусам змагаецца няправільна, і паклёпнічае на Беларусь, і газу па справядлівай цане не дае.

Рызыкі і перавагі фрэймінгу Лукашэнкі

І як Лукашэнка не баіцца канфрантацыі, канфлікту з Расеяй? Ясна ж, што пастаўка амэрыканскай нафты, хай сабе і пілётная, выкліча ў Маскве прыступ шаленства, паўзьдзейнічае на іх, як чырвоная ануча на быка.

А на тое і разьлік, у тым і сэнс такога фрэймінгу. Лукашэнка — абаронца незалежнасьці, асаблівага шляху. І якое пазыцыянаваньне застаецца апанэнтам? А мы — за заходні шлях? Ну, сваю палітычную моц пасьлядоўныя прыхільнікі заходняга шляху яскрава прадэманстравалі як на праймэрыз, гэтак і ў ваганьнях паміж удзелам ці байкотам.

А да таго ж — які такі заходні шлях? Хто купіў амэрыканскую нафту назло Маскве? Севярынец? Не, Лукашэнка. З кім Эўразьвяз нарэшце ратыфікаваў дамову аб візавай лібэралізацыі? Са Статкевічам? Не, з Лукашэнкам. Дык хто за заходні шлях? Ну такі, ня надта шпаркі.

Якое ж месца пакідае такі фрэймінг сур’ёзным апанэнтам Лукашэнкі ў гэтай кампаніі? Як яны адказваюць на пытаньне, выбар паміж Лукашэнкам і чым іншым — сэнс гэтых выбараў?

Лукашэнка альбо Расея

Адказ відавочны, да якога Лукашэнка іх падштурхоўвае, — паміж ім і Расеяй. У якой форме — ну, тут ёсьць варыянты, тут поле для палітычнага манэўраваньня, для нюансаў. Але стратэгічна — так, месца менавіта такое. І іх на гэтае месца саштурхоўваюць. Хоць некаторыя, можа, і самі ня супраць.

Вось Ганна Канапацкая заяўляе, што ў канфлікце паміж афіцыйным Менскам і «Першым каналам» расейскай тэлевізіі яна — на баку апошняга. Вось Бабарыка на пытаньне, чый Крым, аджартоўваецца — грэцкі. Не ўкраінскі, заўважым.

Чаму? Ня толькі і нават ня столькі таму, што былы старшыня «Белгазпрамбанку». І не таму, што пісаў усялякія цікавыя рэчы пра 31-ю інтэграцыйную мапу. А таму, што, як той казаў, расклад, фрэймінг, кажучы не па-нашаму.

Фрэймінг, які выбраў Лукашэнка, для гэтай выбарчай кампаніі — даволі рызыкоўны і для яго, і для Беларусі. Расея як вораг — гэта ў Беларусі карта невідавочна выйгрышная. Будзіць расейскіх дэманаў у душы беларуса — ня самы бясьпечны занятак. Можна ж і разбудзіць. Але, відаць, не знайшлося лепшага.

Расея падтрымае моцнага

Шмат размоваў ужо цяпер ідзе пра тое, што прынамсі Бабарыка — расейская, дакладней, газпромаўская лялька. Гэта, па вялікім рахунку, пакуль ня мае значэньня. Але калі ягоны рэйтынг папрэ як на дражджах, калі ён пачне заваёўваць галасы не адных толькі ФБ-прыхільнікаў, а масаў, народу, рабацягаў, пэнсіянэраў, дзяржслужбоўцаў, — вось тады, незалежна ад таго, «лялька» ён сёньня ці не, Расея зацікавіцца беларускімі выбарамі ўсур'ёз. І фрэймінг гэтых выбараў ёй хутчэй спадабаецца.

Хаця і разьлік Лукашэнкі тут не пазбаўлены рацыі. Бо за незалежнасьць у Беларусі пераважна хто? Моладзь, адукаваныя, гараджане. Тыя, хто падтрымліваць Лукашэнку ня надта схільны. А незалежнасьць у ягонай асобе, адпазыцыянаваную ў межах фрэймінгу? Можа і падтрымаюць, нават плюючыся ў душы. А вясковыя бабулькі, якія глядзяць расейскую тэлескрыню — ці будуць гатовыя падтрымаць багацея-банкіра, нават калі гэта мякка параіць расейская тэлевізія?

Памяняць ці нюансаваць фрэймінг

Мяркую, што зьмяніць, паламаць фрэймінг гэтых выбараў, які ўжо задаў Лукашэнка, ніводзін зь яго апанэнтаў будзе ня ў стане. Нюансаваць сваю пазыцыю ў яго межах — так, гэта магчыма. Тут разумны ход — падаць сябе як палітыка, які зможа дамаўляцца з Масквой, што ўжо развучыўся рабіць Лукашэнка. Ну, адзін зь нешматлікіх плённых хадоў. Але зь небясьпекай скаціцца ў электаральнае гета тых, хто ў Беларусі лічыць, што «Белоруссия — это Россия».

Захад, Расея і беларускія выбары

І спарадзіць жэстачайшы кагнітыўны дысананс у Захаду. Лукашэнка — дыктатар? Так, безумоўна. Прарасейскі? Так. Дык ён жа цяпер супраць Расеі, толькі пра гэта і гаворыць? Ну, так склалася. А ягоныя апанэнты што? А яны за Расею. Прарасейскі ён, а за Расею яны? Божа, як усё складана. Усход — штука далікатная, нічога не зразумела. Хай ужо застаецца Лукашэнка, няма часу і жаданьня разьбірацца з гэтымі дзікімі галаваломкамі.

А з Расеяй Лукашэнка потым, пасьля перамогі на выбарах, памірыцца. Я выйграў, мужыкі, а вы прайгралі — скажа ён расейцам. Але ні вы нікуды не падзенецеся, ні я, як бачыце, нікуды не падзеўся. Так што праехалі, давайце па-ранейшаму. Пагуляліся і хопіць. Мы ж браты з вамі, не забыліся яшчэ?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG