Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз каранавірус выбарчыя камісіі будуць фармаваць без назіральнікаў. ЦВК прыняла рашэньне аб скарзе


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Скаргу кампаніі «Права выбару», накіраваную ў Генэральную пракуратуру і ў ЦВК, разгледзелі 15 траўня.

Дакумэнт распрацаваны юрыстамі кампаніі незалежнага назіраньня і пададзены Юрыем Губарэвічем як кіраўніком руху «За свабоду» — аднаго з суб’ектаў «Права выбару».

У скарзе адзначаецца, што 8 траўня Палата прадстаўнікоў прызначыла на 9 жніўня прэзыдэнцкія выбары, а ЦВК у разьвіцьцё гэтага рашэньня прыняла пастанову «Аб парадку ўтварэньня камісій на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», пункт 8 якой парушае дзейнае заканадаўства.

У ім гаворыцца, што ў мэтах прафіляктыкі распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паседжаньні органаў, якія ўтвараюць тэрытарыяльныя камісіі, праводзяцца без прадстаўнікоў палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, сродкаў масавай інфармацыі і іншых запрошаных асобаў. У такім жа парадку могуць праводзіцца паседжаньні раённых, выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах па ўтварэньні ўчастковых камісій.

Аўтары скаргі адзначаюць, што артыкул 34 Выбарчага кодэксу вызначае наступную норму:

«На пасяджэньні органаў, якія ўтвараюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, грамадзянаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі».

Такім чынам, ЦВК перавысіла свае паўнамоцтвы, парушыла Выбарчы кодэкс і абмежавала правы палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. У сувязі з гэтым кампанія «Права выбару» просіць Генэральную пракуратуру правесьці праверку згаданага факту, апратэставаць або адмяніць пастанову ЦВК.

Кіраўнік руху «За свабоду» як суб’екта кампаніі «Права выбару» таксама накіраваў аналягічную скаргу ў ЦВК, у якой просіць ліквідаваць парушэньне дзейнага заканадаўства і прывесьці пункт 8 пастановы ў адпаведнасьць з патрабаваньнем артыкулу 34 Выбарчага кодэксу.

ЦВК 15 красавіка разглядзела скаргу і вырашыла задаволіць прэтэнзіі часткова.

Як адзначыла сакратар ЦВК Алена Дмухайла, па-першае, неабходна забясьпечыць онлайн-трансьляцыі паседжаньня органаў, якія ўтвараюць выбарчыя камісіі.

Па-другое, дазволіць асабістую прысутнасьць прадстаўнікоў партый, аб'яднаньняў і працоўных калектываў, калі эпідэміялягічная сытуацыя ў рэгіёнах дазваляе гэта зрабіць. Канчатковае рашэньне будзе за мясцовымі органамі ўладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG