Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кандыдаты пратэсту» Статкевіча паскардзіліся ў Вярхоўны суд на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў


«Кандыдаты пратэсту» падчас падачы заяваў у ЦВК, 14 траўня
«Кандыдаты пратэсту» падчас падачы заяваў у ЦВК, 14 траўня

Шэраг патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, якім Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў 15 траўня, падалі 18 траўня ў Вярхоўны суд скаргу на рашэньне ЦВК, піша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Скаргу падалі «кандыдаты пратэсту» — паплечнікі Міколы Статкевіча: Анжаліка Жалезьнякова, Вераніка Мішчанка, Аляксандар Грачышнікаў, Вольга Мікалайчык, Вікторыя Хатэнка, Ігар Кляшчук, Валянцін Фралоў і Антаніна Вішнякова. Не падавалі скаргу яшчэ два кандыдаты, якім адмовілі ў рэгістрацыі: зьняволены Сяргей Ціханоўскі і «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі (ён прыслаў дакумэнты па электроннай пошце, сам у камісію не прыйшоў).

Паводле ЦВК, шэраг зьвестак адносна 38 чалавек з 560 у ініцыятыўных групах не адпавядае рэчаіснасьці, а таксама ў склад ініцыятыўнай групы ўключаныя 47 чалавек, якія ня ведаюць пра існаваньне такой групы або не давалі згоды на ўдзел.

«Кандыдаты пратэсту» лічаць адмову незаконнай, несувымерным захадам. Паводле скаргі, гаворка ідзе пра істотнае абмежаваньне права на ўдзел у выбарах тых 513 чалавек, якіх ня тычыліся прэтэнзіі ЦВК. Абмежаваныя ў правах і патэнцыйныя кандыдаты, якім для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы было б дастаткова 100 чалавек у камандзе.

Агулам заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі 55 патэнцыйных кандыдатаў, адмовы атрымалі ўжо 10 зь іх. Наступныя паседжаньні ЦВК, на якіх разгледзяць рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, пройдуць 19 і 20 траўня. Збор подпісаў плянуюць дазволіць ад 21 траўня, кандыдатаў будуць рэгістраваць 5–14 ліпеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG