«Хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць», «аблянелі ўжо», — Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусам

Падчас наведваньня Сьветлагорску 21 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў размове зь мясцовымі жыхарамі заклікаў іх «ні ў якім разе не сядзець на канапе» і «дыхаць», каб не было атрафіі лёгкіх і не атакаваў каранавірус.

«Бяда, мне нават сорамна пра гэта казаць: хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць. Чаму вучым? Таму што руху мала: абленаваліся ўжо — гэта ня тое, што раней. У Сьветлагорску яшчэ, можа, варушацца, а ў Менску — праблема», — сказаў Лукашэнка ў эфіры АНТ.

Паводле яго, усе праблемы ў беларусаў цяпер — ад недахопу фізычных нагрузак.

«Жывот адгадаваў, цукровы дыябэт, і пайшло-паехала. Гэта ж запаленьне лёгкіх і вірус гэты, калі цябе прыхапіў гэты. Мы ж бачым, што трэба, каб лёгкія былі разьвітыя, дыхаць. Хто спартыўны — той пераносіць хутка», — сказаў Лукашэнка пра хворых на каранавірус.

«Ня будзеце займацца, ня будзеце дыхаць — атрафія лёгкіх, і гэта ўжо ён (каранавірус. — РС) атакуе», — падсумаваў Лукашэнка.

Раней Аляксандар Лукашэнка ня раз даваў сумнеўныя рэкамэндацыі наконт барацьбы з каранавірусам COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым. Ён таксама неаднаразова разважаў, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».

​
XS
SM
MD
LG