Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта горш, чым фарс». Інфармацыйны цэнтар у Кіеве зрабіў першыя ацэнкі беларускіх выбараў


Затрыманьні падчас акцыі салідарнасьці ў Горадні. 26 чэрвеня 2020 году
Затрыманьні падчас акцыі салідарнасьці ў Горадні. 26 чэрвеня 2020 году

Ва Ўкраіне пачаў працу створаны на час выбарчай кампаніі ў Беларусі інфармацыйны цэнтар, які ўзначаліў літаратар Аляксандар Ірванец.

«Нам важна не дазволіць Расеі скарыстацца момантам выбараў, каб канчаткова анэксаваць Беларусь», — перакананыя ўдзельнікі новай няўрадавай арганізацыі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Створаны на прынцыпе народнай дыпляматыі

Заснавальнікі Беларускага інфармацыйнага цэнтру, створанага ва Ўкраіне на час правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, заклікалі ўкраінцаў прадэманстраваць сваю салідарнасьць зь беларусамі, якія ў цяперашняй выбарчай кампаніі адстойваюць сваё права выбіраць уладу.

«Нам неабыякавая доля Беларусі, бо мы разумеем, што ад гэтага залежыць і доля Ўкраіны. Мы лічым, што і на гэтых выбарах Расея скарыстаецца момантам, каб яшчэ больш ціснуць на Беларусь. Таму для нас важна даць сыгнал беларускаму грамадзтву, што ўкраінцы бачаць, што адбываецца ў Беларусі, і гатовыя дапамагаць і спрыяць. Але нам вельмі хацелася б, каб украінскае грамадзтва адэкватна разумела, што там адбываецца. Для гэтага і створаны Беларускі інфармацыйны цэнтар», — заявіў дырэктар няўрадавага аналітычнага цэнтру «Ўкраінскія студыі стратэгічных дасьледаваньняў» Юры Сірацюк.

Паводле ўкраінскага экспэрта, Беларускі інфармацыйны цэнтар будзе функцыянаваць цягам месяца — кожны тыдзень маюць ладзіцца прэсавыя канфэрэнцыі і дыскусіі, на якіх будуць аналізаваць працэс выбарчай кампаніі і падсумоўваць вынікі галасаваньня.

«Верагодна, што ў ноч выбараў і пасьля ночы выбараў мы хацелі б правесьці экспэртную дыскусію, каб абмеркаваць вынікі выбараў і распрацаваць прапановы, якія мы маглі б зрабіць для беларускага грамадзтва», — дадаў Юры Сірацюк.

Ён падкрэсьліў, што інфармацыйны цэнтар дзейнічае на грамадзкіх асновах і што ён не палітычная арганізацыя:

«Гэта нашая народная дыпляматыя, бо нам так падказвае сумленьне. Таму мы запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускай тэматыкай, таксама папрацаваць на грамадзкіх асновах валянтэрамі праўды аб сытуацыі ў Беларусі. Нам важна не дазволіць Расеі скарыстацца момантам выбараў, каб канчаткова анэксаваць Беларусь».

Ва Ўкраіне ідэалізуюць Беларусь і Лукашэнку

Старшыня Беларускага інфармацыйнага цэнтру, вядомы ўкраінскі літаратар Аляксандар Ірванец падкрэсьліў, што важна атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю зь Беларусі:

«Трэба сказаць, што цяпер ва ўкраінскім грамадзтве існуе ідэалізацыя цяперашняга кіраўніка Беларусі і жыцьця ў Беларусі. Насамрэч, чым менш людзі наведвалі Беларусь, тым больш яны пра яе расказваюць. Таму нам патрэбна рэальная інфармацыя. Нам варта патлумачыць украінцам перадвыбарчыя расклады, справу Бабарыкі, Ціханоўскага... Мы будзем працаваць прыблізна да 10 жніўня, каб дачакацца вынікаў. Але ўвесь гэты працэс важны ня толькі сваім вынікам. Вынікі, на жаль, мы можам спрагназаваць. Працэс важны менавіта з таго гледзішча, як будзе рэагаваць беларускае грамадзтва. І мы павінны пра гэта расказваць».

Адзін зь лідэраў Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык расказаў пра сытуацыю ў Беларусі:

«На вялікі жаль, у нас улада і людзі існуюць абсалютна асобна. Таму ўсё залежыць ад людзей Беларусі. Толькі яны могуць абараніць Беларусь. Бо тое, што адбываецца, яшчэ зьвязана з тым, што два страшныя і ўжо старыя чалавекі — Лукашэнка і Пуцін — зараз вядуць торг пра тое, што будзе зь Беларусьсю. Мы бачым працэс рэпрэсіяў, які падкрэсьлівае, што выбараў у Беларусі няма».

«Пратэстуем супраць сапраўднага тэрору, гвалту і рэпрэсіяў»

Да Беларускага інфармацыйнага цэнтру далучыўся кандыдат гістарычных навук, навуковец Кіева-Магілянскай акадэміі Арцём Тэадаровіч, які на грамадзкіх асновах стварыў у Кіеве «Беларускі размоўны клюб» для вывучэньня беларускай мовы. Ён зачытаў заяву, якую падтрымалі ўсе сябры клюбу, з заклікам да ўлады вызваліць усіх палітвязьняў:

«Мы любім Беларусь, таму вельмі хвалюемся за яе людзей, чытаючы штодзень вельмі трывожную інфармацыю пра арышты, рэпрэсіі, перадвыбарчыя перасьледы, акцыі пратэсту. Мы пратэстуем супраць сапраўднага тэрору, гвалту і рэпрэсіяў, якія праводзяць сёньняшнія ўлады ў Беларусі на працягу апошніх месяцаў. Мы салідарныя зь беларусамі, якія трапілі пад рэпрэсіі. Мы патрабуем вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Мы патрабуем спыніць катаваньні ў турмах».

«Тое, што адбываецца зараз у Беларусі, нельга назваць дэмакратычнай падрыхтоўкай да выбараў. Гэта горш, чым фарс. Рашуча патрабуем, каб у братняга беларускага народу была магчымасьць выбіраць уладу. Мы заклікаем усіх украінцаў да салідарнасьці зь беларусамі», — гаворыцца ў заяве, падтрыманай сябрамі «Беларускага размоўнага клюбу» ў Кіеве.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG