Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгойдваньне сытуацыі ці крамлёўскі кандыдат? Ва Ўкраіне расказалі пра сцэнары ўдзелу Расеі ў беларускіх выбарах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Уладзімер Кобец, былы палітвязень і кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава, у Кіеве расказаў аб магчымых сцэнарах кампаніі 2020 году: «Беларускі сцэнар — транзыт улады. Усе іншыя — на карысьць Расеі».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Ва Ўкраіне экспэрты, палітыкі і актывісты зьвяртаюць увагу на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Яны лічаць важным, каб украінскія грамадзтва і палітыкі разумелі тыя тэндэнцыі, якія цяпер фармуюцца ў Беларусі ва ўмовах выбарчай кампаніі.

На мінулым тыдні ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб'яднаньне «За дэмакратычную Беларусь», а грамадзкія актывісты — Беларускі інфармацыйны цэнтар.

7 ліпеня Інфармацыйны цэнтар «Майдан-маніторыг» і Фонд Конрада Адэнаўэра ва Ўкраіне правялі онлайн-дыскусію «Выклікі другой паловы 2020 году: Беларусь». Сьпікерам мерапрыемства стаў Уладзімер Кобец — выканаўчы дырэктар iSANS (The International Strategic Action Network for Security) — міжнароднай ініцыятывы, якая вызначае і аналізуе гібрыдныя пагрозы дэмакратыі, вяршэнству закону і сувэрэнітэту краін Эўропы і Эўразіі.

Уладзімер Кобец, які ў 2010 годзе ачольваў выбарчы штаб кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Андрэя Саньнікава, расказаў украінскім экспэртам адметнасьці цяперашняй выбарчай кампаніі і вызначыў некалькі магчымых сцэнароў яе разьвіцьця.

«У беларускіх выбарах па вушы ўдзельнічае Расея»

Уладзімер Кобец перакананы, што ў беларускай выбарчай кампаніі «па вушы» удзельнічае Крэмль:

«Але тут вельмі важна разумець, што нельга ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі, тлумачыць толькі дзеяньнямі Масквы».

Паводле яго, экспэрты iSANS у сваёй справаздачы акрэсьлілі тры магчымыя расейскія сцэнары.

  • «Першы — простае лёгкае разгойдваньне сытуацыі. Гэта азначае, што ня трэба нікога падтрымліваць, проста інфармаваць, што адбываецца, умоўна падтрымліваць «выбар беларускага народу» і гуляць на тым, што сытуацыя сама па сабе прывядзе да таго, што Лукашэнка пойдзе на рэпрэсіі, якія будуць празьмерныя і прывядуць да разбурэньня тых дачыненьняў з Захадам, якія склаліся пасьля скасаваньня санкцый Эўразьвязу. У такіх умовах, зразумела, адзіным хаўрусьнікам застанецца Масква».
  • «Другі сцэнар — гэта кантраляванае сур'ёзнае разгойдваньне сытуацыі, якое прадугледжвае значныя фінансавыя ўліваньні. Пры такім сцэнары будуць выкарыстоўвацца правакатары. Мы нават ужо сёньня бачым, што празь сеткі будуць масава ўкідваць тэму пагрозы паўтарэньня ў Беларусі ўкраінскага Майдану, што «прыедуць бандэраўцы, баевікі «Правага сэктару». Гэты градус ужо ўздымаецца».
  • «Трэці сцэнар — гэта расейскі кандыдат. Гэта найбольш радыкальны сцэнар, пры якім ярка выяўлены стаўленік Крамля ўдзельнічае ў выбарах і падтрымліваецца расейскай уладай. Пры такім сцэнары неабходна ўпэўненасьць у ляяльнасьці чыноўнікаў сярэдняга зьвяна і сілавых структур па ўсёй краіне. І такі сцэнар прадугледжвае масавыя пратэсты, падтрыманыя ўжо з Масквы, калі сутыкненьні прыводзяць да незваротных наступстваў, а людзі, лідэры вуліцы ці ўлады зьвяртаюцца да Масквы па дапамогу, і яна дапамагае. Тут ужо ўсё роўна, хто на талерцы прынясе Крамлю Беларусь».

У той жа час Уладзімер Кобец думае, што апошні варыянт разьвіцьця падзеяў малаверагодны, Расея пабаіцца падтрымліваць масавыя пратэсты ў іншай краіне, баючыся іх паўтарэньня на сваёй тэрыторыі:

«Цяпер рэалізуецца першы сцэнар, сцэнар лёгкага разгойдваньня сытуацыі. Зразумела, у ім удзельнічаюць расейскія аўтары, якія адсочваюць падзеі і будуць правакаваць нейкія актыўныя дзеяньні, якія, паводле іхных разьлікаў, павінны прывесьці да жорсткага адказу беларускіх уладаў і, адпаведна, разрыву стасункаў з Захадам».

«Толькі адзін сцэнарый ёсьць беларускім. Гэта транзыт улады, рашэньне эліт аб спыненьні гульні на чужыя інтарэсы, бо ўсе тры сцэнары для Беларусі катастрафічныя».

Акцыі салідарнасьці ня маюць расейскага сьледу

«Вырасла новае пакаленьне беларусаў, якія адчуваюць сябе грамадзянамі незалежнай Беларусі. І ўсе беларусы ў Беларусі і за яе межамі, якія выходзяць на акцыі салідарнасьці — гэта абсалютна беларускі сцэнар. Больш за тое, гэта ёсьць частка надзеі на транзыт. Людзі пагаджаюцца, што далей так жыць нельга, бо мы зайшлі ў глухі кут і далей — нежаданы для ўсіх сцэнар з сутыкненьнямі, кровапраліцьцём і вонкавым умяшаньнем. Расейскі сцэнар можа разьвівацца толькі ў выпадку адмовы беларускай улады ад неабходнасьці транзыту».

Уладзімер Кобец лічыць, што транзыт мусіць прадугледжваць спыненьне цэнзуры ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і правядзеньне свабодных выбараў:

«А ўвесь пэрыяд перад выбарамі павінен быць напоўнены дыялёгам і выпрацоўкай плятформы на пераходны пэрыяд. Новае пакаленьне ня хоча жыць у тых рамках, якія ствараліся рэжымам больш як 20 гадоў».

«Пры падзеньні рэйтынгу, як гэта цяпер адбываецца, пры такой атацы на новае пакаленьне, то бок на жывы арганізм беларускай дзяржавы, нічога добрага не адбудзецца. Ніводзін дыктатар у сьвеце добра не закончыў. Магчымы варыянт эвалюцыйны. Чаму Лукашэнка на яго не пайшоў? Магчыма, улада, прызначаючы выбары на 9 жніўня, хацела вельмі хутка праскочыць выбарчы пэрыяд і выйсьці на поствыбарны, не прагназуючы складанасьцяў. Зьяўленьне яскравых прэтэндэнтаў, рэакцыя грамадзтва на стаўленьне ўладаў да каранавірусу — гэта істотна зьмяніла сытуацыю. Гэта памылкі самой улады, і цяпер усе думаюць, як мы будзем жыць пасьля 9 жніўня».

«Цяпер у гэтую сытуацыю будзе інвэставаць Крэмль, і для гэтага яму нічога ня трэба рабіць. Пытаньне ў тым, наколькі само беларускае грамадзтва, якое ўжо прадэманстравала магчымасьці самаарганізавацца (у барацьбе з каранавірусам) сёньня здольнае ўзяць пад кантроль гэтую сытуацыю, бо тут вельмі важна разумець, дзе беларускі, а дзе небеларускі сцэнар».

«Я не кажу пра тое, што транзыт немагчымы пасьля выбараў. Але сытуацыя настолькі зьмянілася, што рызыкі вельмі вялікія. У ідэале гэта павінна было б адбыцца так: вызваленьне ўсіх палітзьняволеных, выбачэньні перад тымі, хто пацярпеў, і пачатак дыялёгу проста цяпер, магчыма, нават з пераносам тэрміну выбараў. Але гэта наўрад ці адбудзецца».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG