Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны палітоляг, які «прадказаў» арышт Бабарыкі, думае, што яго не зарэгіструюць кандыдатам


Пётра Пятроўскі, архіўнае фота

Расейскі тэлеканал «Дождь» расказаў пра перадвыбарчыя падзеі ў Беларусі і зьвярнуўся да шэрагу палітолягаў, у тым ліку да экспэрта праўладнай «Белай Русі» Пятра Пятроўскага, які заклікаў затрымаць патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку за дзень да затрыманьня.

На думку Пятра Пятроўскага, у Сьвятланы Ціханоўскай «невысокія» шанцы перамагчы на выбарах, нават калі яе зарэгіструюць кандыдаткай, бо «яна ня мае харызмы» і «не зьяўляецца палітычна падкаваным чалавекам».

А пытаньне з адмовай у рэгістрацыі Віктара Бабарыкі «на 99,9% вырашанае», перакананы Пятроўскі:

«Тыя крымінальныя справы, якія распачалі супраць яго, не даюць яму магчымасьці здаць дэклярацыю аб даходах».

Маўляў, калі Бабарыка здасьць праўдзівую дэклярацыю, то «прызнае сябе вінаватым у нявыплаце падаткаў», а калі здасьць непраўдзівую, яго не зарэгіструюць, бо ўсё роўна выявяць незадэкляраваныя даходы.

На думку Пятроўскага, уладам няма пагрозы ад масавых пратэстаў, бо «іх ужо здушылі папярэднімі арыштамі», «незадаволенасьць сышла ў Facebook і вулічныя акцыі разышліся», а ўлады «настроены на жорсткі сцэнар» і «ня факт», што дадуць правесьці людзям акцыі пратэсту.

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман таксама лічыць, што Бабарыку не зарэгіструюць кандыдатам за дэклярацыю — знойдуць памылкі. Раней у блогу на Свабодзе іншы палітоляг, Валер Карбалевіч, адзначаў, што «нерэгістрацыя Цапкалы і адначасовая рэгістрацыя Бабарыкі ня маюць сэнсу».

Кіраўніца штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава ж падкрэсьліла ў камэнтары каналу «Дождь», што Бабарыка можа перамагчы, нават калі будзе «кандыдатам у турме», штаб гатовы весьці агітацыю і ў такіх умовах.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG