Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэставых настрояў не назіралася». Кіраўскі райвыканкам памылкова адправіў справаздачу пра выбары грамадзкім актывістам


Сьвяткаваньне Дня Рэспублікі ў Кіраўску, 3 ліпеня 2019 году, ілюстрацыйнае фота
Сьвяткаваньне Дня Рэспублікі ў Кіраўску, 3 ліпеня 2019 году, ілюстрацыйнае фота

Кіраўскі райвыканкам хацеў выслаць справаздачу «Пра дзейнасьць ініцыятыўнай групы» ў галоўнае ідэалягічнае ўпраўленьне Магілёўскага аблвыканкаму. Ліст памылкова адправілі на электронны адрас прадстаўніцы ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліны Нагорнай. Яна вядзе шмат перапісак зь дзяржаўнымі ўстановамі, таму ейны адрас ёсьць у выканкамах.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра што кіраўскія чыноўнікі справаздачацца перад аблвыканкамам:

  • Збор подпісаў у раёне праводзіўся ў працоўных калектывах у непрацоўны час «пры актыўным садзейнічаньні кіраўнікоў устаноў і арганізацый». Фактаў пасіўнага стаўленьня да працэсу збору подпісаў, нэгатыўных выказваньняў кіраўніцтва арганізацый да сяброў ініцыятыўнай групы, перашкоду ў зборы подпісаў выяўлена не было.
  • Пратэставыя настроі ў працоўных калектывах адсутнічаюць.
  • Найбольшая актыўнасьць пры зборы подпісаў была сярод работнікаў сфэры адукацыі, культуры, вытворчай дзейнасьці, гандлю.
  • У раёне адсутнічаюць працоўныя калектывы, дзе назіралася нізкая актыўнасьць работнікаў пры зборы подпісаў.
  • Асноўны фактар, які стрымліваў збор подпісаў у працоўных калектывах і па месцы жыхарства – нядобрае эпідэміялягічнае становішча як у раёне, так і краіне ў цэлым.
  • Кіраўнікі аб’ектаў гаспадараньня раёну на высокім узроўні, прафэсійна спрыялі сябрам ініцыятыўнай групы для збору подпісаў.
  • Неабходна адзначыць станоўчае стаўленьне насельніцтва пры зборы подпісаў да чальцоў ініцыятыўнай групы. Выпадкаў масавай адмовы жыхароў вуліц, шматкватэрных жылых дамоў, малых населеных пунктаў ад подпісу за нашага кандыдата не назіралася.
  • Індывідуальныя прадпрымальнікі пратэставага стаўленьня пры зборы подпісаў не праяўлялі.
  • Адрозьненьне ад мінулых кампаній — «нядобрая эпідэміялягічная сытуацыя, у выніку якой панізіўся ахоп насельніцтва па месцы жыхарства, што выклікана нежаданьнем грамадзян кантактаваць зь людзьмі, якія маюць шырокае сацыяльнае кола стасункаў».
  • У сярэднім кожны чалец ініцыятыўнай групы сабраў 280 подпісаў. «Ініцыятыўная група Кіраўскага раёну правяла збор подпісаў у падтрымку нашага кандыдата на высокім узроўні», - прыйшлі да высновы чыноўнікі.
  • У справаздачы пайменна адзначаюцца «рэкардсмэны» збору подпісаў.
  • Намесьніца старшыні райвыканкаму Тацяна Бяляўская напісала ў справаздачы, што «пралікаў і парушэньняў з боку ініцыятыўнай групы не зафіксавана».

«Гэта проста зборная інфармацыя»

Прадстаўніца грамадзянскай ініцыятывы «Ўмовы для мовы» паліттэхноляг Аліна Нагорная пракамэнтавала Свабодзе, што зь ліста вынікае, што найлепшыя чальцы іх ініцыятыўнай групы назьбіралі толькі па 300 подпісаў.

«Гэта дае падставы меркаваць, што нават з прымусам агучаная колькасьць подпісаў не назьбіралася. Гэты дакумэнт сьведчыць, што вэртыкаль выкарыстоўвае ўвесь свой апарат і адміністрацыйны рэсурс для прасоўваньня Лукашэнкі», — выказалася Аліна Нагорная.

Тацяна Бяляўская
Тацяна Бяляўская

Намесьніца старшыні Кіраўскага райвыканкаму Тацяна Бяляўская, якая каардынуе ў раёне пытаньні выбараў, у камэнтары Свабодзе заявіла, што гэта звычайны дакумэнт, і спаслалася на Закон аб кіраваньні і мясцовым самакіраваньні.

«У любым выпадку ідуць каардынацыя і справаздачы ад раёну. Якія адміністрацыйныя рэсурсы, калі гэта проста зборная інфармацыя? Адміністрацыйныя рэсурсы не падключаліся, у працоўны час подпісы не зьбіраліся. Кіраўнікі арганізацый сябрамі ініцыятыўных груп не былі. Калі б былі дапушчаны факты прымусу, я думаю, яны таксама былі б вам вядомыя», — кажа Тацяна Бяляўская.

Галоўная ідэоляг паведаміла, што за Аляксандра Лукашэнку ў Кіраўскім раёне было сабрана больш за 7 тысяч подпісаў, але дакладнай лічбы ня памятае. Усе подпісы перадалі ў раённую выбарчую камісію.

Тацяна Бяляўская адзначыла, што пратэставых настрояў у працоўных калектывах няма.

«Пратэставых настрояў (зразумела, пра што ідзе гаворка) — ні пікетаў, ні выступаў — не было».

У раёне таксама зьбіралі подпісы і за іншых кандыдатаў, паведаміла чыноўніца.

«Бабарыкі ініцыятыўнай групы не было, але людзі зьбіралі подпісы, ніхто ім не забараняў. Яны таксама здалі нам подпісы. А далей подпісы зьвярала камісія. Былі пытаньні ў камісіі, але ўсё рабілася паводле працэдуры», — запэўніла яна.

На пытаньне, ці адзначаць згаданых у дакумэнце зь яе подпісам рэкардсмэны, якія сабралі вялікую колькасьць подпісаў, адказала так:

«Гэта не перадавікі. Гэта людзі, якія актыўна ўдзельнічалі ў зборы подпісаў. Я думаю, што кожны кандыдат, які вылучаецца ў прэзыдэнты, таксама валодае гэтай інфармацыяй — хто больш актыўна працаваў, хто меней, а далей ужо справа кандыдатаў: альбо падзякаваць у далейшым, альбо проста ніяк. Гэта проста працоўная інфармацыя, гэта не перадавікі. Пра заахвочваньне, «уручэньне мэдалёў» гаворкі не ідзе. Гэта проста аналіз інфармацыі. І кропка», — завяршыла размову са Свабодай Тацяна Бяляўская.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG