Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Матэрыял для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў» распаўсюдзілі па ўсёй Беларусі. Што ў ім?


«Дзень вышыванкі» БРСМ у Менску, 2017 год

Беларускае выданьне «Наша ніва» прааналізавала дакумэнт на 24 старонкі, падрыхтаваны ў чэрвені Акадэміяй кіраваньня, які, як піша сайт, можа быць «даведзены да ведама ідэолягаў» і зь якім «дзяржпрапаганда ідзе на выбары».

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Розныя матэрыялы пад назвай «Республика Беларусь: уверенным шагом по пути независимости» і падобнымі ня раз публікаваліся самымі рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, ад Факультэту журналістыкі БДУ да адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску ці раённай лякарні ў Стоўпцах. «Адзіны дзень інфармаваньня» на такую тэму згадваўся ў навінах ідэолягаў Мастоўшчыны, Гомельскага пэдагагічнага каледжу, Магілёўскага інстытуту МУС і іншых дзяржаўных установаў.

Дакумэнт пад такой самай назвай і на 24 старонках, які апісвае «Наша ніва», ёсьць у тым ліку на сайце Менскага райвыканкаму. На сайце Акадэміі кіраваньня, якая распрацавала дакумэнт, яго няма.

«Наша ніва» мяркуе, што дакумэнт можна лічыць агітацыйным, «прасякнутым цытатамі Аляксандра Лукашэнкі», але ў ім «не знайшлося месца хаця б туманнаму вобразу будучыні». Выданьне пералічвае рэчы, якія «павінны выклікаць давер да дзяржаўнай сыстэмы кіраваньня».

Гэта, сярод іншага:

  • сярэдні заробак у 2019 годзе ў параўнаньні з 1994-м;
  • параўнаньні лічбаў з Армэніяй, Малдовай, Кіргізстанам і Таджыкістанам, але ня Польшчай ці Чэхіяй;
  • дасягненьні беларускай трансплянталёгіі і колькасьць замежных пацыентаў (першая тэма асноўнага разьдзелу «Нам ёсьць чым ганарыцца»);
  • даступнасьць ільготнага жытла, «шырокая палітра» фінансавых мэханізмаў для куплі камэрцыйнага жытла;
  • харчовая бясьпека, статыстыка збору ўраджаяў і экспарту прадуктаў;
  • лягістычная сыстэма і аб’ёмы аўтаперавозак;
  • усе мэдалі Алімпійскіх гульняў, правядзеньне Эўрапейскіх гульняў у Менску;
  • Беларусь — «культурны цэнтар Эўропы», пра што сьведчыць штогадовае правядзеньне «амаль 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фэстываляў»;
  • будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і новага музэю Вялікай Айчыннай вайны, рэканструкцыя Купалаўскага тэатру;
  • зьніжэньне ўзроўню злачыннасьці і адсутнасьць тэрарыстычных пагрозаў, «разгром» наркагандлю;
  • рост IT-сэктару пры «сталай падтрымцы кіраўніка дзяржавы»;
  • посьпехі прамысловасьці ў вытворчасьці трактараў і «БелАЗаў», калійных угнаеньняў;
  • кітайска-беларускі парк «Вялікі камень», які «плошчай як возера Нарач»;
  • Беларусь «як донар стабільнасьці», які «не адмовіўся ад сваіх нацыянальных інтарэсаў» (згадваецца спроба ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне на менскіх перамовах, але «саюзная дзяржава» з Расеяй ня згадваецца);
  • запуск вырабленага ў Расеі касьмічнага спадарожніка БелКА-2 у 2012 годзе
  • і іншае.

Беларуская мова ў гэтым дакумэнце, дадае «Наша ніва», ня згадваецца ніяк.

Выснова аўтара дакумэнту: «Першапачатковая задача сёньня, калі сьвет сутыкнуўся з наступствамі цяжкай эпідэміялягічнай сытуацыі, не растраціць тое, што намі заваявана за чвэрць стагодзьдзя незалежнасьці».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG