Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка чыноўнікам: «Нельга нахіляць людзей, каб яны страцілі ўсялякую надзею»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 26 чэрвеня ладзіць сустрэчу з «актывам Менскай вобласьці» ў Салігорску, затым плянуе наведаць беларуска-кітайскае прадпрыемства «Белкалій-Мігао», перадае ягоная прэс-служба.

Што сказаў Лукашэнка 26 чэрвеня.

Пра інвэстыцыі:

  • У наступнай пяцігодцы Менскай вобласьці трэба 2-3 буйныя інвэстыцыйныя праекты, «але гэта павінна быць абсалютна абгрунтавана, для гэтага павінны быць грашовыя сродкі».
  • «І хлусьні, і прыпісак, чаго тут (у Менскай вобласьці. — РС) толькі не было. Дзякуй Богу, за апошнюю пяцігодку мы неяк вырваліся».
  • «У свой час мне прапаноўвалі прадаць яго («Беларуськалій». — РС). Але я рады, што мы гэтага не зрабілі. Я тады ўсталяваў забаронную цану — 35 млрд даляраў, вядома, нам ніхто ня мог заплаціць. Цана была жорсткая — хочаце, купляйце, 50% — напалову дзеліце, купляйце».
  • «Я не адношуся да людзей, якія гатовыя на шматкі парэзаць і падзяліць». Тое ж тычыцца адмовы ад продажу БелАЗу.

Пра тое, чаму кватэры ў Менску дарагія:

  • «Чаму ў нас дарагія кватэры ў Менску? Масквічы рынуліся проста ў Беларусь. Яны грошай ня лічаць, калі купляюць у Менску і іншых гарадах кватэры».
  • «Мы вельмі шмат жытла будуем для чаргавікоў. Сутнасьць у тым, каб сваім даць кватэры. А ўжо ўсё астатняе — элітнае жытло. Калі ласка, няхай прыяжджаюць масквічы».

Пра ўласную зямлю любой цаной:

  • «Мы будзем аднаўляць так званыя непэрспэктыўныя вёскі і хутары. Не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло: пандэмія паказала нам — у каго ёсьць куток на зямлі, той ні на якую заразу не хварэе. Таму я хачу, каб у наступнай пяцігодцы мы вызначылі тыя незабудаваныя шматкі зямлі, якія ў нас маюцца ў вёсках, аграгарадках. Там, дзе ёсьць непэрспэктыўныя плошчы. Трэба іх аддаць людзям».
  • Лукашэнка «заклікаў, каб кожны скарыстаўся хоць найменшай магчымасьцю набыць участак зямлі, нават калі ў гэты момант няма сродкаў пабудаваць там дом», бо «ў пэрспэктыве гэта будзе правільнае рашэньне, будзе куды выехаць зь сям'ёй і адпачыць за горадам».

Пра крызіс і рэформы:

  • «Крызіс — гэта ня толькі бяда, але і час магчымасьцяў. Мы павінны вось гэты складаны час выкарыстоўваць так, каб ускочыць кудысьці ў адкрытыя новыя рынкі і зачапіцца там. Не зачэпімся — будзе вельмі цяжка. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба рваць наперад».
  • Кіраўніцтву ўраду, Нацыянальнага банку «пастаўлена жалезная задача: усё, што ёсьць, кінуць у вытворчасьць, каб зачапіцца на новых рынках». «Вось і ўся рэформа. Не да тлушчу цяпер».
  • «Мы ў Беларусі ня сталі ламаць таго, што было. Захоўваючы патэнцыял з савецкіх часоў, мы прырастаем новым. Гэта значыць, мы не пайшлі на перамены і рэформы дзеля таго, каб усё дашчэнту зламаць, а потым, маўляў, мы пабудуем. Можна было гэта зрабіць. Але для гэтага трэба ня сотні мільярдаў даляраў, а можа быць, трыльён даляраў. Такіх грошай у нас няма, ды і ні ў адной іншай такой краіне».

Пра апазыцыю:

  • «Усе нашыя „альтэрнатыўшчыкі“ крычаць: „Пераменаў, пераменаў!“ Натуральна, перамены заўсёды патрэбныя, але ніхто ня кажа, якія зьмены. Заробак будзе велізарны, але ніхто ня кажа, за кошт чаго».
  • У Беларусі «людзі хочуць жыць справядліва». «Калі рабіць наадварот, то будзе бяда, якая прывядзе да „Майдану“». «Нельга нахіляць людзей, каб яны страцілі ўсякую надзею».
  • «Я ня стану ламаць краіну праз калена, прыватызаваць, нахіляць людзей. Самае цяжкае, калі людзі жывуць у эпоху непатрэбных пераменаў. Перамены будуць абавязкова, і яны павінны пачынацца і ісьці цывілізавана, пачынаючы ад Канстытуцыі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG