Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: і з Польшчы, і з Расеі ідзе ўмяшаньне з-за мяжы ў нашыя выбары і ўнутраныя справы

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Ва ўнутраныя справы Беларусі і перадвыбарчую гонку ідзе ўмяшаньне звонку, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка 25 чэрвеня, прымаючы кадравыя рашэньні, паведамляе БелТА.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Выказваючыся пра актуальную сытуацыю ў Беларусі, Лукашэнка адзначыў, што цяпер у інтэрнэце актыўна распаўсюджваюцца «жудасныя фэйкі», з дапамогай якіх хочуць дыскрэдытаваць уладу.

Абноўлена. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў Інтэрфаксу, што Расея «ніколі ня ўмешвалася, ня ўмешваецца і не зьбіраецца ўмешвацца ў чые б там ні было электаральныя працэсы, тым больш якія адбываюцца ў нашага саюзьніка — Беларусі».

«Сёньня мне далажылі (хоць гэта было даўно, ніхто не дакладваў), што ў аднаго з маіх сыноў у Швайцарыі 840 мільёнаў даляраў. Накіруйце туды дыпляматычнымі каналамі ліст: хто хоча забраць гэтыя грошы, хай неадкладна забярэ», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што гэты «ўкід» яго «проста зьдзівіў».

Паводле Лукашэнкі, інфармацыя «проста фальшуецца», а людзі, якія не разьбіраюцца ў банкаўскіх дакумэнтах, вераць у яе праўдзівасьць.

«Людзі ж не разумеюць, што гэта такое. Такія фэйкі будуць пастаянна. І нам трэба гэта мець на ўвазе, з гэтым жыць і змагацца. Дарэчы, гэта падкідваецца структурамі „бабічаўскімі“ (Міхаіл Бабіч — былы амбасадар РФ у Беларусі, цяпер спэцыяльны прадстаўнік Пуціна ў пытаньнях разьвіцьця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. — РС), „Незыгарями“ (ананімны Telegram-канал. — РС) з Расеі, — дадаў ён. — Гэта ня наша, гэта з Расеі ідзе інфармацыя. Потым яны перапросяць, здымуць. Але людзям жа ў мазгі ўжо ўкінулі гэта», — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама пракамэнтаваў фатаздымкі, якія апошнім часам сталі публікаваць тэлеграм-каналы: на іх — пасьведчаньні цяперашніх і былых прадстаўнікоў розных сілавых ведамстваў і вайскоўцаў побач з надпісамі ў падтрымку беларускага народу і супраць Лукашэнкі. Гэтыя фатаздымкі кіраўнік дзяржавы таксама назваў фэйкамі.

«Пра вайскоўцаў нават. Кажуць, пасьведчаньне Службы бясьпекі. Хтосьці сыходзіў і пасьведчаньне з сабой забраў, цяпер друкуе, што ён супраць улады. Гэта неверагодна, каб, звальняючыся з Службы бясьпекі, чалавек хоць на гадзіну пакінуў у сябе пасьведчаньне», — сказаў Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, апанэнты ўлады патрабуюць сумленных і прыстойных выбараў, аднак самі паводзяць сябе несумленна.

«Яны што, нас штурхаюць на несумленнасьць такую, як яны сябе паводзяць? Ясна, што там за імі лялькаводы стаяць. Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзыдэнтам Пуціным пагаворым у бліжэйшы час пры сустрэчы, але гэтая сытуацыя вельмі складаная. Ужываюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналёгіі, ідзе ўмяшаньне з-за мяжы ў нашы выбары, унутраныя справы», — заявіў Лукашэнка.

«Але мы ня ядзерная дзяржава. Мы ня можам узяць ядзерную боегалоўку, размахваць і крычаць, або гаварыць пра гіпэргукавую зброю, што мы вам адкажам», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што «камусьці пагражаць у сувязі з гэтым мы проста ня можам».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG