Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пустым займаецеся». Качанава сустрэлася з чальцамі ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў


Натальля Качанава
Натальля Качанава

У гарадзкой бібліятэцы Баранавічаў старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Натальля Качанава сустрэлася з чальцамі ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як паведамляе «Наша Ніва», прысутнічалі каля 30 чалавек. Гэта зборшчыкі подпісаў са штабоў Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Сьвятланы Ціханоўскай, Андрэя Дзьмітрыева, апазыцыйныя актывісты.

Людзей асабіста абтэлефаноўваў старшыня Баранавіцкага гарадзкога савету дэпутатаў Рыгор Касабуцкі.

Перад бібліятэкай дзяжурыла міліцыя, перапісалі прозьвішчы і месцы працы ўдзельнікаў. Забаранілі рабіць фота і відэа.

«У Натальлі Іванаўны было некалькі пасылаў. Першы — такіх людзей, як Аляксандар Рыгоравіч, яна ў жыцьці ня бачыла, таму зь ім да канца. Другі — тых, хто не падтрымлівае Лукашэнку, вельмі мала, пустым займаецеся. І трэці пасыл — ніякіх фальсыфікацый не было», — падзяліўся з выданьнем адзін з удзельнікаў.

Калі ёй прапанавалі выйсьці на вуліцу і апытаць першыя дзесяць чалавек, за каго яны прагаласуюць, Качанава адмовілася: маўляў, незаконнае сацыялягічнае апытаньне.

На адрас Ціханоўскіх і Цапкалы чыноўніца асабліва не выказвалася. А вось да Бабарыкі была настроена нэгатыўна. Таксама сказала, што прапаноўвалі працу Дзьмітрыеву — не прэм’ерам, але пасада добрая, — пераказалі «Нашай Ніве» дэталі сустрэчы.

Людзі адзначаюць, што Качанава дзейнічала прафэсійна: прасоўвала свае ідэі, падкрэсьліваючы, што яна з народу. Казала, што Беларусь — сацыяльная дзяржава, якая клапоціцца пра людзей.

У Качанавай, сярод іншага, пацікавіліся, чаму няма беларускамоўнага ўнівэрсытэту, спрачаліся наконт фальсыфікацый, хто такія «шалудзівыя». Але ад нязручных пытаньняў яна старалася сысьці.

Як кажуць удзельнікі сустрэчы, ніхто толкам так і не зразумеў, чаго яна прыехала. Сама Качанава падкрэсьліла, што гэта «даручэньне Аляксандра Рыгоравіча». Падалося, што «прамацвала глебу» ў рэгіёнах, мяркуюць людзі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG