Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўніца адказала на прапанову ўшанаваць 100-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну на месцы гістарычных падзей


Ініцыятарка кампаніі #СЗЧ100 да сотага юбілею Слуцкага паўстаньня супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі Аліна Нагорная атрымала адказы на тры звароты пра ўшанаваньне паўстанцаў ад намесьніцы старшыні Слуцкага райвыканкаму Натальлі Чарнушэвіч.

  • Вуліцы ў гонар герояў Слуцкага збройнага чыну не назавуць, бо «ў гісторыі Слуцку і Слуцкага раёну шмат важных і знамянальных падзей, каляндарных дат, знакавых асоб, якія ўнесьлі значны ўклад у разьвіцьцё краю і якая заслугоўваюць быць ушанаванымі, але ў цяперашні час не ўвекавечаны».
  • Помнік паўстанцам у Слуцку не паставяць, бо «падзеі 1920 году на Случчыне, на думку навукоўцаў, патрабуюць больш абгрунтаванага, аб’ектыўнага навуковага дасьледаваньня», а на думку навукоўцаў дзяржаўнага Інстытуту гісторыі, «існуюць супрацьлеглыя трактоўкі слуцкага паўстаньня».
  • Дошку на будынку, дзе праходзіў зьезд Часовай Рады Случчыны, не павесяць, бо ня толькі тэма паўстаньня патрабуе «больш абгрунтавана аб’ектыўнага навуковага дасьледаваньня», але і таму, што гэта «можа неадназначна ўспрымацца ў грамадзтве», таму нават па заключэньне Міністэрства культуры з выканкаму ня будуць зьвяртацца.

Актывісты не пагаджаюцца з адказам чыноўніцы

Аліна Нагорная лічыць, што райвыканкам «як заўжды, адстае ад жыцьця і ня ведае, што яго адказы разыходзяцца зь лініяй партыі». Яна згадвае, што нядаўна «Беларусьфільм» апублікаваў абноўленую стужку «На чорных лядах», прысьвечаную Слуцкаму ўзброенаму супраціву. Акрамя таго, некаторыя іншыя выканкамы плянуюць рознымі шляхамі адзначыць стагодзьдзе паўстаньня.

Нагорная не пагаджаецца з тым, што тэма паўстаньня слаба дасьледаваная — да зваротаў яна прыкладвала сьпіс літаратуры, апублікаванай нягледзячы на недасяжнасьць для навукоўцаў большасьці архіўных матэрыялаў на тэму паўстаньня.

«Таксама сьмешна, што дошка пра зьезд Часовай Рады Случчыны, будзе „неадназначна ўспрымацца ў грамадзтве“, — дадае Нагорная. — Мне цікава, наколькі адназначна ўспрымаецца ў грамадзтве, напрыклад, помнік да стагодзьдзя слуцкай міліцыі, якая, замест таго, каб займацца правапарушэньнямі, затрымлівае арганізатараў канцэртаў і блогераў. Як успрымаецца алея „перадавікоў“ зь імёнамі людзей, якія быццам бы разьвіваюць рэгіён, і „галава“-ўваход у дзіцячы садок, якая пужае ня толькі дзяцей, але і дарослых».

Яна дадае, што літоўскія і эстонскія дэпутаты прасілі яе паказаць адказы з райвыканкаму, бо ня верылі, што такое магчыма, а бургамістар аднаго з польскіх гарадоў прапаноўваў нават паставіць помнік слуцкім героям у Польшчы.

„Галава“-ўваход у дзіцячы садок у Слуцку
„Галава“-ўваход у дзіцячы садок у Слуцку

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG