Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліна Нагорная і Ігар Случак расказалі ў стыкерах, як мяняюць вёску «зваротамі і барыкадамі»


Ініцыятар кампаніі «Ўмовы для мовы» Ігар Случак і паліттэхноляг Аліна Нагорная год таму перабраліся жыць у вёску Перасека Рагачоўскага раёну. Па матывах іхнага жыцьця ў вёсцы і спробаў вырашыць мясцовыя праблемы мастак Міхаіл Дайлідаў зрабіў набор стыкераў для мэсэнджэра Telegram.

Нагорная і Случак ладзяць кампанію «Новая Перасека» ў межах кампаніі «Зробім лепш» пры падтрымцы Асамблеі НДА. Сачыць за іх дзейнасьцю і жыцьцём вёскі можна ў Instagram і Facebook.

Вось як апісваюць стыкеры самі Аліна і Ігар:

«Гэта малюнак пра мясцовы пратэст. Па нашай вуліцы езьдзілі трактары і вельмі псавалі дарогу. Мы пісалі звароты, дарогу пэрыядычна крыху паляпшалі, але праз пару трактароў дарога зноўку была ніякай. Тады я і іншыя жыхары вёскі знайшлі старыя лядоўні і зрабілі зь іх барыкады, каб перакрыць праезд трактароў. Гэта дапамагло. Барыкады стаялі шэсьць месяцаў, за гэты час невядомыя людзі спрабавалі некалькі разоў іх адцягнуць, але мясцовыя жыхары іх яшчэ больш умацоўвалі — і ў выніку іх стала немагчыма зрушыць. У выніку Рагачоўскі райвыканкам сваім рашэньнем забараніў трактарам езьдзіць па гэтай дарозе. А зусім нядаўна тут устанавілі знак, які забараняе праезд цяжкай тэхнікі, мы перамаглі».

«Мы вырашаем праблемы з дапамогай зваротаў і ўсім раім так рабіць. Гэта вельмі эфэктыўна. З дапамогай зваротаў мы разабраліся з рухам трактароў, якія псавалі дарогу, праблемамі з электрычнасьцю і цяпер вырашаем пытаньні зь якасьцю вады. Таксама займаемся добраўпарадкаваньнем вёскі: зьявіліся новыя шыльды на прыпынку, дарожныя знакі, слупкі і пешаходны пераход, былі абноўленыя грамадзкія калодзежы».

«Тут жыве цікавая жывёла. Такіх гібрыдаў у сьвеце зарэгістравана каля 10. У Беларусі іх больш нідзе няма».

«У нашай вёсцы круглы год лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Яго добра бачна з шашы, бо вісіць ён нават вышэй за сельсаветаўскі».

Акрамя таго, Нагорная і Случак не спыняюць кампанію «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску» — дасылаюць звароты за квіткі грамадзкага транспарту па-беларуску і заахвочваюць іншых рабіць тое ж. Нядаўна пасьля зваротаў кампаніі квіткі сталі беларускамоўнымі ў Магілёве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG