Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтобусныя квіткі ў Баранавічах сталі беларускамоўнымі. Так абяцалі зрабіць на ўсёй Берасьцейшчыне


Новыя аўтобусныя квіткі ў Баранавічах з надпісамі па-беларуску.

Прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная расказала Свабодзе, што ў Баранавічах зь нядаўняга часу зьявіліся аўтобусныя квіткі з тэкстам на беларускай мове, хоць ранейшыя квіткі былі надрукаваныя па-расейску.

«Яны павінны ў кожным горадзе Берасьцейскай вобласьці замяняцца, калі запас тых, што ёсьць, будзе сканчацца, — дадае Нагорная. — Можа, ужо і яшчэ дзе ёсьць, але мы ведаем толькі пра Баранавічы, бо людзі цяпер ня вельмі карыстаюцца транспартам».

Такое абяцаньне зьмяшчаецца ў адказе, які Нагорная атрымала ў красавіку ад генэральнага дырэктара ААТ «Брэстаблаўтатранс» Ігара Мартынавіча.

Старыя аўтобусныя квіткі ў Баранавічах з надпісамі па-расейску
Старыя аўтобусныя квіткі ў Баранавічах з надпісамі па-расейску

Форма блянкаў білетаў, багажных квіткоў зацьвярджаецца заказчыкамі перавозак, гарадзкімі і раённымі выканкамамі і адпавядаюць Правілам аўтамабільных перавозак, якія не прадугледжваюць абавязковага разьмяшчэньня інфармацыі па-беларуску.

Разам з тым гендырэктар прадпрыемства абяцаў, што «па меры выдзяленьня блянкаў білетнай прадукцыі на папяровых носьбітах далейшая іх замова на выраб па ўзгадненьні з заказчыкамі будзе ажыцьцяўляцца з указаньнем рэквізытаў на беларускай мове».

Цяпер ініцыятар «Умоваў для мовы» Ігар Случак зьбірае подпісы за чыгуначныя квіткі па-беларуску. На момант публікацыі пэтыцыя набрала паўтысячы подпісаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG