Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі зьявіліся беларускамоўныя аўтобусныя квіткі, на чарзе гарады Магілёўскай вобласьці


Пасажыры гомельскіх аўтобусаў зь нядаўняга часу пачалі атрымліваць беларускамоўныя квіткі на праезд. Прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная згадвае, што «беларусізаваць» квіткі ёй абяцалі ў Гомельскім аблвыканкаме мінулай восеньню.

У верасьні 2019 году старшыня абласнога камітэту архітэктуры і будаўніцтва Дзмітры Гайкевіч адказаў на зварот Нагорнай, што «ў мэтах пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы» «лічыць магчымым» перавесьці друк квіткоў на беларускую мову, як скончацца запасы ўжо надрукаваных па-расейску. Чыноўнік адзначаў, што рабіць па-беларуску квіткі, якія выдаюцца кампутарнымі сыстэмамі ў тэрміналах і ў кіроўцаў, ня могуць без рашэньня на рэспубліканскім узроўні.

Нядаўна Нагорная атрымала таксама адказ пра беларускую мову на квітках у транспарце Магілёўскай вобласьці — намесьнік старшыні аблвыканкаму паведаміў, што цяпер у філіях «Аблаўтатрансу» замяняюць квіткі на беларускамоўныя, а цалкам пяройдуць на іх да 1 чэрвеня, калі скончацца расейскамоўныя.

Адзінага падыходу да мовы квіткоў у Беларусі няма. У гомельскіх тралейбусах квіткі ўжо працяглы час беларускамоўныя. У Менску квіткі на грамадзкі транспарт друкуюцца па-беларуску. Квіткі на тралейбус і трамвай у Віцебску, на аўтобусы і тралейбусы ў Горадні і Берасьці цяпер робяцца па-беларуску, але на аўтобусы ў Берасьцейскай і Віцебскай абласьцях — па-расейску.

У канцы мінулага году стала магчыма атрымаць квіткі па-беларуску на некаторыя цягнікі Беларускай чыгункі. На думку Нагорнай, зьяўленьне квіткоў па-беларуску стала магчымым дзякуючы «ўсім, хто пісаў звароты».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG