Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзь здароў як дуб ды моцны як зуб! Карысныя выразы пра здароўе


Словы і выразы пра здароўе і паправунак
Словы і выразы пра здароўе і паправунак

Здароўе — абсалютная каштоўнасьць для беларускае мовы. Этымолягі ўглядаюць у ім корань дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.

Сьцісла:

  • Здаровага чалавека параўноўваюць ня толькі з быком і дубам, але і зь мітычным турам.
  • Стрыжань беларускага традыцыйнага этыкету — зычэньні здароўя. Яны і ў вітаньнях (здароў быў!), і ў разьвітаньнях, і ў падзяках.
  • Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах.
  • Маем запамінальныя дзеясловы для апісаньня паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.

Здаровы як хто?

Здаецца, найбольш тыповае параўнаньне здаровы як бык, яно здаўна бытуе на ўсёй тэрыторыі беларускае мовы — ад Ваўкавыску да Смаленску. Але ня надта ўзьнёслае. (У расейскай мове аналягічнае таксама ёсьць, а яшчэ там здаровага чалавека параўноўваюць зь іншымі жывымі істотамі, прадметамі: ...как дуб, бугай, кряж, штык, лошадь, боров, ломовик, лошак, медведь; усё гэта з расейска-беларускага слоўніка параўнаньняў Т. Валодзінай і В. Макіенкі).

А ў нас ёсьць і яўна няўхвальны выраз з тым быком:

Здаровы як бык, а розуму ні на глык (Бярэзанскі раён)

Пра чалавека магчыма сказаць і так:

Здаровы, хоць у плуг запрагай (Слонімшчына).

Нібыта ўхвальна. Значыць, нехта і раней бачыў адзіную карысьць ад здаровага чалавека ў ягонай працы на таго нехту.

Але маем несумненна станоўчыя параўнаньні. Напрыклад, у зычэньнях будзь здаровы як дуб; будзь здаровы, як вада, багаты, як зямля!

Але найбольш калярытны выраз (запісаны ў Наваградчыне), які раўняе чалавека не з банальным парнакапытным, а зь міталягічным старажытным волатам:

Здаровы як тур.

Назва старажытнага Турава таксама ад Тура
Назва старажытнага Турава таксама ад Тура

Health Enforcement праз этыкет

Праграмуюць на здароўе традыцыйныя беларускія формулы ветлівасьці, у тым ліку вітальныя.

— Здароў (быў)! Здарова (была)! Здаровы (былі)!

— Чалом-здароў!

Вітальны small talk амаль заўсёды пачынаецца адпаведным пытаньнем:

— Як пачуваецеся? Як маецеся? Ці жывяце здаровыя? Ці здаровы вашы ўдома? Ці жывенькі, ці дужэнькі? Як вы жывы-дужы (на гэтакай сьцюжы)?

Тут дужы тое самае, што ‘здаровы’. (Таму занядужаць = ‘захварэць’.)

А вось разьвітальныя мікрадыялёгі:

— Будзь здароў! Бывай (здарова)! Бывайце (здаровы)!
— Заставайся здаровы! — Дай Божа каб здаровыя абачыліся
(запісаў Міхал Фэдэроўскі каля Ваўкавыску ў XIX стагодзьдзі).
Бывай здароў! — Ідзі здароў! (запісала Лія Салавей на Мядзельшчыне ў ХХ стагодзьдзі).
Дай Божа, спадарок, табе здароўя! (запісаў Міхась Грынблат на Валожыншчыне ў 1974 годзе).

Натуральна зычыць здароўя, пачуўшы чханьне (мы ж ня ведаем, які там каранавірус вылятае з ноздраў):

— Будзь здароў як дуб ды моцны як зуб! (Сэзоннае:) Будзь здаровы на ўвесь год, як калядны лёд!
— Чхі-чхі! — Жыві здароў! Жыві два вякі!

Будзь здароў! Храпы розна, нос далоў! (Храпы тут ноздры.)

Чамусьці менавіта пасьля чханьня ўсьлед за зычэньнямі здароўя нярэдка ішлі эканамічна-гаспадарчыя:

— Будзь здарова як карова, а плодна як сьвіньня! Будзь здароў, май сто кароў, а мне цялушку на завод дасі! Будзь здароў, няхай ідуць бычкі да тваіх кароў!

Проста зычым здароўя

Зычэньні натуральныя і самі сабою...

— Каб быў здаровы, як дуб скарбовы! (скарбовы — значыць у дзяржаўным лесе, яшчэ тым, вялікакняскім). Або ...як рыжык баровы! ...як лёд калядовы! — цьвёрды, пэўны, крамяны.

— Каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі (і на нас не забываліся)!

...і ў тостах:

— Здароўя ў цела, хаду ў ножкі, сьвятла ў душу! На доўгі век, на добрае здароўе! Каб здаровы былі і добра пілі!
— Каб не хварэлі ды ўвесь хлеб паелі! Спажывайце на здароўе! Піце здаровы!

Здароўе ў першай тройцы каштоўнасьцяў:

Зычу табе разам трое: шчасьця, долі і здароўя!

Аднак ясна, каторая найважнейшая: Абы здароўе, а жыцьцё (работа) будзе.

Зычаць здароўя канкрэтным часткам цела:

Каб Бог даў табе здароўя ў ручкі, ножкі і жыватку трошкі! На здароўе — кошку ў ножку, зайца ў я...!

Suum cuique

Здароўя ў беларускай народнай традыцыі зычаць ня ўсім запар — ніякага абстрактнага гуманізму — а толькі правільным людзям:

Ліхадзеям на безгалоўе, а добрым людзям на добрае здароўе! На здароўе нам, на злосьць варагáм!

Ачунку!

Вярнуцца да здароўя — на выбар:

адужаць, падужаць, паправіцца, акрыяць/крыяць і ачуняць/чуняць.

Прыгожае слова крыяць/акрыяць ведала яшчэ старабеларуская мова (окреяти). Слова праславянскае, этымолягі ўглядаюць магчымую сувязь з лацінскім creare ‘ствараць’ recreare ‘акрыяць’, параўн. рэкрэацыя.

Як ад гэтых калярытных дзеясловаў утварыць формулы зычэньні?

— Папраўляйся. Здаравей. Крыяй. Адужвай. Ачуньвай.

(Зычу) адужаньня! Ачунку! Паправы! Паправунку!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG