Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадуйся! Як разьвітацца па-беларуску і нікога не пакрыўдзіць


Зь беларускіх разьвітаньняў першым (а то і адзіным) многія назавуць выраз да пабачэньня. Але выбар разьвітаньняў у нас куды багацейшы — на ўсякую сытуацыю, настрой і дачыненьні.

Перад чарадою сьвятаў карысна запасьціся арсэналам разьвітаньняў (гаспадарам для гасьцей і наадварот, а таксама са старым годам).

Зь беларускіх разьвітаньняў першым (а то і адзіным) многія назавуць выраз да пабачэньня. Ён і ў школьнай практыцы, і ў электронных перакладніках (радзейшы варыянт да пабáчаньня). Але гэтая формула не спрадвечная, у гаворках ня надта папулярная, беларуская літаратура яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі такога выразу ня ведала. Выраз як выраз, але, магчыма, ён прыняўся не без уплыву суседзкіх до свидания, do widzenia і до побачення, а таксама і auf Wiedersehen. Між іншым, малым дзецям цяжкавата вымаўляць да-па-ба, атрымліваецца „паценьня“.

Выбар разьвітаньняў у нас куды багацейшы — на ўсякую сытуацыю, настрой і дачыненьні паміж удзельнікамі рытуалу. Гэта і прыдатныя на кожную нагоду

усяго добрага / усяго найлепшага

да сустрэчы / да спатканьня

да заўтра / да раніцы / да вечара

І больш свойскія, карацейшыя

пакуль

тымчасам

шчасьліва

У кожнай мове разьвітаньні адметныя, ня кожнае зь іх адэкватна перакладзецца на іншую мову.

Рыхтуючы неяк размоўнічак для расейскамоўных, я шукаў адпаведнікаў для нефармальнага разьвітаньня гадуйся — яно ж часьцей адрасаванае ня дзецям, якіх гадуюць, а дарослым (выраз зьвязаны зь вітаньнем Як гадуесься?). Урэшце спыніўся на такім перакладзе:

Беларускае Гадуйся! — не переводимое на русский пожелание повышать материальный и духовный уровень.

Слова трымайся ў нас ня толькі зычэньне не занепадаць духам, але і сяброўскі разьвітальны выраз. Яго не выпадае перадаць па-расейску наўпрост — держись, бо там так разьвітваюцца радзей.

Затое ў ангельскай традыцыі, бадай, блізкія настроем да нашых гадуйся-трымайся-мацуйся будуць выразы Take care і славуты заклік Keep calm and carry on, літаральна ‘трымай спакой і працягвай’. Хоць гэта і не разьвітаньне.

З часоў кніжкі Яна Станкевіча на тэмы беларускага моўнага этыкету і разьвітаньняў паболела парадаў і дасьледаваньняў (хай бы і ў школьных падручніках таксама).

Але бачу разнабой у стылёвай атрыбуцыі разьвітаньняў. Так, выразы трымай(це)ся і мацуй(це)ся некаторыя аўтары залічваюць у „афіцыйныя“. Але ж яны шчыра-свойскія ды наўрад ці пасуюць сухому ліставаньню.

Добрае беларускае разьвітаньне Бывай!

Або, наадварот, у навучальных матэрыялах для студэнтаў чытаем: „Бывай і будзь нелітаратурныя, сустракаюцца, як правіла, сярод моладзі“.

Але яны розныя. Адвітаньне будзь утворана ад будзь здаровы/-ая, яно новае, сапраўды гутарковае (і гэтым супадае з расейскім).

А выраз бывай, хоць таксама скарот — ад бывай здаровы, але, па-першае, даўні і цалкам літаратурны (ёсьць і ў шасьцітамовым Тлумачальным слоўніку). Аўтары вышэйзгаданых матэрыялаў пайшлі за расейскімі лексыколягамі, якія форму бывай у расейскай мове залічваюць у „разговорные“, „стилистически сниженные“.

Па-другое, разьвітаньне бывай, бывайце — нэўтральнае (іншыя аўтары так і лічаць), але дзякуючы найлепшым узорам паэзіі, у тым ліку вершу юнага Аркадзя Куляшова (і музыцы Ігара Лучанка, і выкананьню „Песьняроў“) выраз набыў і паэтычна-ўзьнёслае адценьне.

Тут бывай — ‘назаўсёды’. Але не заўсёды, даруйце за калямбур, бывай мае такое фатальнае значэньне. Гаспадары казалі гасьцям і так:

— Бывайце ў нас (Дзятлаўскі р-н)

— Бувайце к нам кагда-нібудзь (“Віцебскі краёвы слоўнік“ М. Касьпяровіча)

То бок гэта запрашэньне да наступных сустрэчаў. Як і Здаровы бывайце, нас не забывайце (запіс Міхала Фэдэроўскага ў Ваўкавыскім павеце). Як і разьвітальныя словы Аркадзя Смоліча ў лісьце Антону Луцкевічу 21 лістапада 1919 году зь Менску ў Варшаву: Тымчасам бывайце здаровы — г. зн. да наступнае сустрэчы або ліставаньня.

Лісты

Дарэчы, пісьмовая традыцыя разьвітаньня ў нас не бяднейшая за вусную:

Ліст Яна Станкевіча Вацлаву Ластоўскаму 24 жніўня 1924 г.
Ліст Яна Станкевіча Вацлаву Ластоўскаму 24 жніўня 1924 г.

З шчырым паважаньнем.

Або: Аставайцеся здаровы, Ваш Я. Станкевіч — так ён заканчвае свае лісты-трактаты да Вацлава Ластоўскага з Прагі ў Коўна.

Моцна цісну руку і чакаю каго з вашых. Ваш Язэп (запіска Язэпа Варонкі Антону Луцкевічу, 1918)

і нават

Усіх скарбаў. (Ліст Янкі Чарапука Антону Луцкевічу, 1919)

Але і гэтыя разьвітаньні айцоў-заснавальнікаў БНР блякнуць перад раскошнымі барокавымі формуламі эпохі Вялікага Княства:

З тым зычачы вашай міласьці, майму міласьціваму пану і гаспадару, у ласцы Божай пры добрым здароўі (быць). Пісан у Воршы юня 30 дня, року 1574

(стандартнае заканчэньне „водпісу“ — інфармацыйна-аналітычнага ліста Філона Кміты-Чарнобыльскага да Мікалая Радзівіла, ваяводы Віленскага, аб сытуацыі на ўсходняй мяжы і намерах Івана Жахлівага. Такія былі тады беларускія дзяржаўныя службоўцы).

Ян Матэйка. Сьцяпан Батура пад Псковам. 1872. Філон Кміта-Чарнобыльскі стаіць трэці зьлева, сівавусы і сівагаловы
Ян Матэйка. Сьцяпан Батура пад Псковам. 1872. Філон Кміта-Чарнобыльскі стаіць трэці зьлева, сівавусы і сівагаловы

Разьвітаньне па-свойму як апошні бастыён

Бывалі народныя кплівыя адказы на разьвітаньне, як жа бязь іх:

Дабранач! — Блохі табе нанач!

Жартоўныя водпаведзі кпілі з моды на пальшчызну: Чэсьці! — Не панесьці! І на расейшчыну: Спакойнай ночы! — Сьпі вытрашчыўшы вочы! (Слонімшчына, запісаў Іван Саламевіч)

Сапраўды, формулы этыкету служаць маркерамі выбару мовы, ідэнтычнасьці, а таксама павагі да суразмоўцы. (Таму падарожныя даведнікі раяць вывучыць прынамсі асноўныя формулы этыкету на мове краіны, у якую едзеш.) Акурат пра гэта абразок „Горкая прамудрасьць“ з аповесьці „Ціхая плынь“ М. Гарэцкага.

Рэалістычная і таму вусьцішная карціна таго, як расейская школа выбівала беларускую мову, у тым ліку формулы этыкету, з галоваў беларускіх дзяцей (у поўнай адпаведнасьці з запаветамі Мураўёва-Вешальніка). І дзеці як умелі ўзбунтаваліся супраць унтэрскага моўнага цкаваньня:

Пачалося з драбніцы.
— Да сьвіданьня! — казалі вучні, ідучы дамоў. I ў сваім рухавым грудку жартавалі: „Да сьвістаньня! Да сьняданьня!“
Таго дуронства унтэр-афіцэр ня чуў. Але Хомка ці то жартам, ці то здуру бракнуў, троху астаўшыся пад самым настаўніцкім носам:
— Да сьняданьня, гаспадзін вучыцель!
— Застанесься да цёмнага, — схапіў яго настаўнік (...)

(Чытаць усім! У цяперашняй школьнай праграме абразка гэтага няма.)

У дарогу

Асобная катэгорыя адвітаньняў, насычаная старадаўняй станоўчай магіяй, -- словы, сказаныя перад дарогаю. Час добры на дарогу! Гладкае дарожкі! Рушнічком дарога! Пухам дарожка! Сакалінага лёту! (адказы на ўсе гэтыя зычэньні — Дзякую!) У нас няма нэгатыўнага пераасэнсаваньня гэтых формулаў, як ва ўсходніх суседзяў Скатертью дорога.

Вельмі паэтычныя адвітаньні-зычэньні падарожніку ў вясельным абрадзе:

З Богам, з Богам, пан дружанька, у дарогу. Месяц табе дарожаньку асьвеціць, Вецер табе дарожаньку асушыць (Пружанскі раён).

Сярод апекуноў падарожнага — сьвяты Юры, той самы, які на Пагоні. Ахоўная замова перад далёкай дарогай:

Сьвяты Юры каня запрагае, сьвяты Аўлас памагае, ад бяды, напасьці зьберагае (запісаў Адам Багдановіч, Максімаў бацька, у Халопенічах).

Пётра Зяляўскі. Сьвяты Юры-пераможца. Слабодка, Браслаўскі р-н. Пач. ХХ ст. Фота www.spadczyna.com
Пётра Зяляўскі. Сьвяты Юры-пераможца. Слабодка, Браслаўскі р-н. Пач. ХХ ст. Фота www.spadczyna.com

Ёсьць і нязлосныя жарты-показкі на тэму разьвітаньня з госьцем/госьцяй:

Ну, Яначка, разьвітайся зь цёткаю! Што кажуць, калі цётка сыходзіць?

Дзякуй богу!

Як адказаць

На разьвітаньне адказваюць ці яго паўторам, ці традыцыйна зьвязанай формулай. Ян Станкевіч у згаданай кнізе павучае:

Разьвiтуючыся, той, што адыходзе, кажа таму цi тым, што застаюцца: „Заставайся здароў!“. На гэта адзержуе адказ: „Iдзi (або хадзi) здароў!“ Тыя, што застаюцца, часта скажуць: „З Богам!“.

Новыя разьвітаньні

Дарэчы, слова дабранач — хаця формаю супадае з прывітаньнем дабрыдзень, але служыць разьвітаньнем-зычэньнем. Народная традыцыя ведае і разьвітаньне Шчасьліва ноч! (М. Фэдэроўскі запісаў у колішнім Ваўкавыскім павеце).

Пачынае замацоўвацца, магчыма, пад уплывам іншых моваў і дзякуючы падарожжам беларусаў, фармальнае дзённае разьвітаньне-зычэньне — добрага дня. Аналягічна як па-ангельску кажуць have a good day, па-польску dobrego dnia ці па-літоўску geros dienos, скажам, прадавачкі ў краме. Прыемна і чаму б не пераняць.

P.S. А пра псэўданімы разьвітальнае чаркі — неўзабаве.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG