Прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заклікала прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спыніць пагрозы забраць Грэнляндыю. Пасьля ўдалай апэрацыі ў Вэнэсуэле, калі вайскоўцы Злучаных Штатаў захапілі прэзыдэнта гэтай краіны Нікаляса Мадура, Дональд Трамп зноў успомніў пра Грэнляндыю, якую раней ужо хацеў далучыць да Злучаных Штатаў. Гэтым разам ён згадаў свае пляны ў размове з часопісам The Atlantic, заўважыла Deutsche Welle.
«Размовы пра патрэбу для Злучаных Штатаў анэксаваць Грэнляндыю цалкам бессэнсоўныя. ЗША ня маюць права анэксаваць ніводную з трох краінаў, якія ўваходзяць у Каралеўства Данія», — напісала Фрэдэрыксэн у электронным лісце, цытаваным агенцтвам Reuters.
Акрамя Грэнляндыі і самой Даніі, у склад каралеўства ўваходзяць Фарэрскія астравы. Кіраўніца дацкага ўраду заклікала Вашынгтон спыніць пагрозы.
«Таму я заклікаю ЗША спыніць пагрозы гістарычна блізкаму хаўрусьніку, а таксама іншай краіне і іншаму народу, якія вельмі ясна далі зразумець, што яны не прадаюцца», — гаворыцца ў лісьце прэм’ер-міністаркі Даніі.
Яна дадала, што Грэнляндыя як частка Даніі мае гарантыі бясьпекі NATO.
Паводле словаў Трампа, выказаных часопісу, Грэнляндыя патрэбная Злучаным Штатам «дзеля абароны». Ён дадаў, што Данія пытаньню абароны ня дасьць рады, і прапанаваў вярнуцца да грэнляндзкага пытаньня праз 20 дзён.
На востраве шмат каштоўных мінэралаў. Раней выказваліся здагадкі, што ЗША ў Грэнляндыі цікавяць менавіта яны, а не пашырэньне сваёй тэрыторыі ці падобныя прычыны.
Празь некалькі гадзін пасьля тых словаў Трампа Кэці Мілер, былая яго памочніца і жонка ўплывовага дарадцы Трампа Стывэна Мілера, выклікала абурэньне, апублікаваўшы выяву Грэнляндыі ў колерах сьцяга ЗША з подпісам «Неўзабаве».
Прэм’ер-міністар Грэнляндыі Енс-Фрэдэрык Нільсэн назваў допіс Мілер «непаважлівым».
Прэтэнзіі ЗША на Грэнляндыю зьявіліся задоўга да Трампа. Амэрыканцы кантралявалі востраў у час ІІ Усясьветнай вайны, але затым вярнулі яго пад кантроль Даніі, хоць ня вывелі адтуль сваіх войскаў і падпісалі з датчанамі дамову.
Сёньня Грэнляндыя мае шырокую аўтаномію і ўласны парлямэнт, але застаецца моцна залежнай ад Даніі. Тэрыторыя штогод атрымлівае амаль $600 мільёнаў фінансавай дапамогі з Капэнгагену — гэта больш за палову бюджэту Грэнляндыі і каля $10 000 на кожнага з 57 000 жыхароў.
Форум