Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, абмежаваньні будуць дзейнічаць да 31 сьнежня 2027 году.
У той жа час урад прадугледзеў некаторыя выняткі. Забарона не распаўсюджваецца на тавары, увезеныя фізычнымі асобамі для асабістага выкарыстаньня, а таксама на тавары, увезеныя на перапрацоўку для ўнутранага рынку ў межах тарыфных квотаў, калі ёсьць ліцэнзія на іх імпарт.
Апроч таго, забарона ня будзе распаўсюджвацца на ўвоз тавараў у выключных выпадках пры адпаведным рашэньні прэзыдыюму Савету міністраў, а таксама для патрэбаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульстваў.
Забарона рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі ня будзе распаўсюджвацца і на сканфіскаваныя тавары зь «недружалюбных краін», на дзіцячае харчаваньне, біядабаўкі, лекі, мэдычнае абсталяваньне, на прадукцыю для крамаў бязмытнага гандлю.
Раней абмежаваньні не стасаваліся толькі тавараў, якія вывозілі ў краіны ЭАЭС, а таксама ў іншыя дзяржавы для міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама навіна ня тычылася тавараў, якія праходзілі празь Беларусь транзытам.
- У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні падпалі, сярод іншага, мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
- У пералік «недружалюбных краін» былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
- Шырэйшы пералік забароненых тавараў стасуецца прадукцыі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі.
Форум