Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паслабленьне санкцый МАК, футбольны клюб дыяспары, мэдаль Жодзік. Вынікі 2025 году для беларускага спорту


Марыя Жодзік у складзе зборнай Польшчы на чэмпіянаце сьвету ў Токіё, верасень 2025
Марыя Жодзік у складзе зборнай Польшчы на чэмпіянаце сьвету ў Токіё, верасень 2025

2025 года ня стаў прарыўным для спорту ў Беларусі агулам, але было некалькі перамог, падзей і рашэньняў, якія варта адзначыць. Свабода падагульняе папярэднія 12 месяцаў для спартовай галіны.

Паслабленьне абмежаваньняў на Алімпіядах і ў шахматах

Год 2025-ы паказаў шчыльную сувязь спорту з палітыкай, што часта спрабуюць адмаўляць палітыкі і атлеты розных узроўняў.

Міжнародны алімпійскі камітэт сёлета ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла жанчына — Кірсьці Ковэнтры. Прадстаўніца Зымбабвэ стала адначасна й першай афрыканкай на такой пасадзе. У спартовым асяродку ўпэўненую перамогу Ковэнтры на выбарах у МАК многія ўспрынялі станоўчым чынам — арганізацыю ўзначаліў не «прафэсійны чыноўнік», а плыўчыха, яшчэ й з салідным даробкам на Алімпійскіх гульнях, з 7 мэдалямі на іх, у тым ліку 2 залатымі.

Кірсьці Ковэнтры
Кірсьці Ковэнтры

Прыход Ковэнтры на пасаду натхніў і беларускіх спартовых чыноўнікаў. Адразу пачуліся галасы, што зараз ва ўсім разьбяруцца і вернуць краіне доступ да афіцыйных стартаў. Скасаваньня ўсіх санкцый, уведзеных за дапамогу Лукашэнкі Расеі ў вайне з Украінай, не адбылося, але поступ сапраўды заўважны. Праўдападобна, гэтаму моцна паспрыялі прыезды прадстаўніка Трампа Джона Коўла ў Беларусь да Лукашэнкі. За два дні да выпуску з турмаў апошняе на гэты момант партыі палітзьняволеных, а менавіта 11 сьнежня МАК выпусьціў заяву:

«Міжнародныя фэдэрацыі павінны працягваць устрымлівацца ад арганізацыі або падтрымкі міжнародных спартовых мерапрыемстваў у Расеі. Гэтая рэкамэндацыя больш не распаўсюджваецца на Беларусь», — гаварылася ў дакумэнце.

Акрамя гэтага, юным спартоўцам зь Беларусі дазволілі ўдзельнічаць у міжнародных юнацкіх спаборніцтвах як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту. Сярод іншага — у юнацкіх Алімпійскіх гульнях і гонцы «Дакар — 2026». Алімпійскі зьезд падкрэсьліў, што спартоўцы, асабліва юныя, «не павінны несьці адказнасьць за дзеяньні сваіх урадаў».

Дарослыя атлеты такой палёгкі не атрымалі. Імаверна, што пакуль. А санкцыі супраць дзяржаўных службоўцаў застаюцца ў сіле. Іх па-ранейшаму нельга запрашаць ці даваць ім акрэдытацыю на міжнародныя спаборніцтвы і сустрэчы — ні дарослыя, ні юнацкія. Аднак, калі ацэньваць з пэрспэктывы цэлага году, дык зьмяненьні відавочныя, і яны ў бок «размарожваньня».

Яшчэ далей пайшла FIDE — Міжнародная фэдэрацыя шахмат. У гэтай арганізацыі заўсёды адчуваўся моцны расейскі ўплыў. Не зьдзіўляе, што «адліга» пачалася і там — каманды з Расеі і Беларусі цяпер дапушчаныя да афіцыйных турніраў FIDE, абмежаваньні на правядзеньне спаборніцтваў у Беларусі былі зьнятыя, а поўнае выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў будзе дазволенае ў юнацкіх і юніёрскіх спаборніцтвах.

Адмовы гуляць зь беларусамі

Удзел беларускіх камандаў нават без дазволу выкарыстоўваць дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг і гімн краіны выклікаў пратэсты шэрагу нацыянальных фэдэрацый. За 2024 год адбылося некалькі выпадкаў, калі зь беларусамі адмаўляліся выходзіць на поле нават цаною ўласнага прасоўваньня па турніры. Напрыклад, зборныя Літвы і Эстоніі ў пляжным футболе і вялікім футболе. Сёлета дэмаршы працягнуліся.

Напрыклад, фінскі канал адмовіўся паказваць футбольную сустрэчу жаночай зборнай Фінляндыі зь беларускамі. А футбалісткі «Мінску» ня здолелі атрымаць візы ў Нідэрлянды, дзе меў прайсьці матч з PSV з Эйндговэну ў рамках кваліфікацыі Кубку Эўропы. UEFA перанесла сустрэчу ў Альбанію.

Міні-футбол — выхад на Эўра і скандал

Але дэмарш году адбыўся ў міні-футболе. Зборная Беларусі стварыла амаль немагчымае — прабілася на чэмпіянат Эўропы. Гэта здарылася толькі ў другі раз за ўсю гісторыю. У 2010 годзе беларуская каманда не змагла выйсьці з групы ў фінальнай частцы турніру.

Гэта, мабыць, першы выпадак у гісторыі віду спорту, калі выхад адной зборнай паўплываў на склад гаспадароў фінальнай часткі. Латвія перад тым прапісала ў сваім законе забарону атлетам сустракацца з прадстаўнікамі Беларусі. Падобныя захады ўжыла й Літва. Якраз гэтыя дзьве суседнія зь Беларусьсю дзяржавы меліся прымаць эўрапейскае першынство. Аднак дачакаўшы сярод удзельніц Беларусь, у Рызе і Вільні сынхронна заявілі, што патрабуюць ад UEFA забараніць беларусам удзел у турніры.

У швайцарскім Ньёне, дзе месьціцца галоўная сядзіба арганізацыі, адлучыць беларусаў ад чэмпіянату адмовіліся, пагатоў тыя здабылі сваё права ў кваліфікацыі. Пачалі шукаць разьвязаньне і неўзабаве знайшлі спосаб выбавіцца зь «нявыкруткі». У турніра зьявілася трэцяя краіна-гаспадыня — Славенія. Частку групаў, у прыватнасьці, з удзелам беларусаў, перанесьлі ў цэнтральную Эўропу, акурат у Славеніі пройдуць і вырашальныя паядынкі турніру.

Такім чынам, латышы зь літоўцамі паказалі настойлівасьць, але пазбавіліся права прыняць чэмпіянат Эўропы, які адбудзецца з 18 студзеня па 8 лютага. UEFA захавала аблічча і дагадзіла ўсім бакам у меру магчымасьці. Беларускія заўзятары за мяжою атрымаюць магчымасьць падтрымаць зборную сваёй радзімы з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, што пакуль немагчыма ў самой Беларусі.

Сабаленка зноў на вышыні

Беларуска Арына Сабаленка завяршыла 2025 год на першым месцы ў рэйтынгу Ўсясьветнай жаночай тэніснай асацыяцыі. Яна па-ранейшаму застаецца найбольш вядомай, заможнай, цытаванай і скандальнай тэнісісткай сьвету. У эпоху ТыкТоку толькі гультай мог ня бачыць нарэзак, як тэнісістка лаецца расейскімі мацюкамі на пляцоўцы, сварыцца з сваім трэнэрам і групай падтрымкі, крыўляецца перад заўзятарамі. І вельмі часта перамагае — за гэта ёй прабачаюць усё. Нават калі прагульвае ў фінале, яе стабільнасьць выхадаў на апошнія стадыі непараўнальна вышэй за частату іншых тэнісістак.

Сабаленка ў 2025 годзе пацьвердзіла свой тытул ў Адкрытым чэмпіянаце ЗША, была лідэркай у колькасьці перамог у матчах і тытулах, а таксама дайшла да дзевяці фіналаў вялікіх турніраў. Заняла другое месца на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі і «Ралян Гарос», а таксама дайшла да паўфіналу Ўімбэлданскага турніру. Таму няма нічога дзіўнага, што сёлета другі год запар Сабаленку прызналі гуліцай году (WTA Player of the Year award).

І што яшчэ важна — Сабаленка зраўнялася ў колькасьці званьняў зь Вікторыяй Азаранкай, іншай беларускай. Тая яшчэ працягвае кар’еру, але ўжо далёкая ад 1-й пазыцыі, якую займае зямлячка. Раней Азаранка вельмі доўга была першай ракеткай плянэты, агулам за кар’еру яна перамагла на 21 турніры. І столькі ж пераможных цяпер на рахунку Сабаленкі. Але Арына ўжо пераўзышла Вікторыю ў колькасьці тытулаў на «Вялікім шаломе» — сэрыі найбольш прэстыжных турніраў. Азаранка перамагла на іх 2 разы, а ў Сабаленкі ўжо 4 такія перамогі.

Арына Сабаленка на паказальнай гульні ў Дубаі. 28 сьнежня 2025
Арына Сабаленка на паказальнай гульні ў Дубаі. 28 сьнежня 2025

Кнігі пра гісторыю футболу

Людзей, якія дасьледуюць гісторыю футболу Беларусі вобмаль. Такая праца вымагае шматгадовага сядзеньня ў архівах і бібліятэках, мноства сустрэчаў. Таму 2025 год — знакавы для гэтай галіны, бо ў ім зьявіліся дзьве кнігі. Два буйныя гарады, куды футбол прыйшоў яшчэ ў пачатку ХХ стагодзьдзя, Ворша і Пінск атрымалі свой падрабязны летапіс. Спачатку дасьледнік з Воршы Арцём Сізінцаў напісаў і выдаў кнігу «На „Старт“ і ў „Тэмпе“! Ножны шпурляк на Аршаншчыне». У ёй — гісторыя футболу на Аршаншчыне.

Дасьледнік адрадзіў і перагледзеў шэраг беларускіх спартовых тэрмінаў. Напрыклад, поруч са звыклай вуху назвай віду спорту, запазычанай з ангельскай, — футболам, — у кнізе шырока ўжываецца і беларускі нацыянальны адпаведнік — ножны шпурляк, вынайдзены шмат дзесяцігодзьдзяў таму ксяндзом Пятром Татарыновічам і мовазнаўцам Янам Станкевічам.

У канцы году кніга пра гісторыю мясцовага ножнага шпурляку зьявілася і ў Пінску. Выданьне «Ад „Спарты“ да „Хвалі“. Храналёгія футбольнага стагодзьдзя ў Пінску» (у арыгінале па-расейску «От „Спарты“ до „Волны“. Хронология футбольного века в Пинске»). Фаліянт таксама, як і ў Воршы, выйшаў тоўстым, увабраўшы больш як 400 старонак. У ім — выбітныя гульцы, трэнэры і энтузіясты пінскага футболу, «польскі пэрыяд» пінскай гісторыі, калі ў горадзе дзейнічалі створаныя пры польскай уладзе каманды.

Аўтар кнігі — прэс-сакратар пінскага клюбу «Хваля» Юры Сульжыц. Яму ўдалося карпатліва сабраць унікальныя зьвесткі, ілюстрацыі, біяграмы розных людзей, якія мелі непасрэднае дачыненьне да пінскіх футбольных камандаў.

Унікальны мэдаль Жодзік

За апошнія гады цэлы шэраг беларускіх спартовак атрымаў грамадзянства Польшчы і пачаў выступаць за суседнюю краіну на міжнародных стартах. Гэта і лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, і лучніца Карына Казлоўская. Але найбольшых посьпехаў дасягнула Марыя Жодзік. Ды што там — зборная Польшчы сёлета правалілася на чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы, што праходзіў у Японіі. Ураджэнка Баранавічаў стала адным зь нешматлікіх пазытыўных прыкладаў — менавіта беларуска прынесла палякам адзіны для іх зборнай мэдаль, а ў канцы сэзону была прызнаная найлепшай лёгкаатлеткай году ў Польшчы.

Марыя Жодзік са срэбрам чэмпіянату сьвету ў Токіё. 21 верасьня 2025
Марыя Жодзік са срэбрам чэмпіянату сьвету ў Токіё. 21 верасьня 2025

28-гадовая Жодзік у фінале скачкоў у вышыню пераадолела плянку на рэкордным для сябе ўзроўні 2 мэтры. Гэтую ж вышыню скарыла яшчэ толькі адна скакуха — аўстралійка Нікала Оліслагерс. На жаль, колькасьць спробаў у польскай беларускі была большай, і яна атрымала срэбра.

Беларускі ў скачках у вышыню ніколі дагэтуль не здабывалі мэдалёў на чэмпіянатах сьвету, Эўропы ці Алімпійскіх гульнях.

Зьнікненьне Котава

Былы беларускі чыноўнік, а пазьней апазыцыянэр, актывіст Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Анатоль Котаў прыбыў у аэрапорт Стамбулу з Варшавы ў 13:49 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон, дзе пакінуў краіну праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам у 18:35. Так пісала турэцкая прэса. Пасьля Котаў бясьсьледна зьнік і пра яго цяпер нічога не вядома, як не вядома й пра зьніклую раней Анжаліку Мельнікаву.

Котаў быў адным з тых, хто спрабаваў змагацца за правы беларускіх спартоўцаў за мяжою. Ён меў вялікі досьвед працы ў галіне. Яшчэ ў 2015 годзе перайшоў працаваць з дыпляматыі ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ў той час узначальваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. У 2019 годзе Анатолю Котаву даручылі ўзначаліць арганізацыю ў Менску Эўрапейскіх гульняў. Але 18 жніўня 2020 году Котаў звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, у той жа дзень падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць фальсыфікацыяў на выбарах і асудзілі гвалт сілавікоў.

Неўзабаве пасьля гэтага Анатоль Котаў зьехаў за мяжу ў Польшчу, дзе ўдзельнічаў у працы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці.

Сьмерць Джона Мішука

31 ліпеня памёр Джон Мішук — першы гулец беларускага паходжаньня ў гісторыі Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) — наймацнейшай лігі сьвету.

Мішук нарадзіўся 29 верасьня 1940 году ў вёсцы Налібакі на Стаўпеччыне. У час нямецкай акупацыі ў 1943 годзе хлопчыка разам зь сям’ёй прымусова вывезьлі ў Нямеччыну. Пасьля вайны сем’і зь нямецкіх лягераў пераяжджалі ў Канаду, сярод іх была й сям’я Мішукоў.

Хлопчык пачаў гуляць у хакей у 10 гадоў, што лічылася даволі позьнім узростам. Аднак ён здолеў прабіцца ў НХЛ, дзе правёў 237 матчаў як абаронца ў складзе «Дэтройта», «Чыкага», «Філадэльфіі» і «Мінэсоты».

Джон Мішук прыяжджаў і на радзіму, зь якой лёс разлучыў яго ўжо ў дзяцінстве. У чэрвені 2019 году Свабода запісала зь ім інтэрвію ў Налібаках.

Банкруцтва «Шахтара»

Пра гэта хтосьці нават забыў, але салігорскі клюб стаў першым у гісторыі Беларусі, якога пазбавілі залатых мэдалёў. Адбылося ўсё ў 2022 годзе. Тады высьветлілася, што кіраўніцтва салігорцаў зарганізавала дамоўныя гульні і стымулявала іншыя каманды Найвышэйшай лігі на патрэбныя «Шахтару» вынікі.

У 2024 годзе агучылі прысуды пасадовым асобам клюбу. Былому дырэктару Аляксандру Марчанку прысудзілі 6 гадоў калёніі, адказнаму за працу з заўзятарамі Яўгену Култаеву — 7 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі». У тым жа годзе «Шахтар» пакінуў элітны дывізіён беларускага першынства, пасьля чаго не заявіўся ні ў адзін з турніраў пад эгідай фэдэрацыі футболу.

«Жоўта-чорныя» пачалі імкліва падаць у бездань — запазычанасьць клюбу перад крэдыторамі склала 16 770 045 рублёў. Гэтая сума значна перавысіла кошт усіх актываў клюбу, уключна з аб’ектамі нерухомасьці, транспартнымі сродкамі.

Пры такіх умовах канец яшчэ нядаўна буйнога клюбу, які выступаў за Беларусь у Эўропе, стаў прадказальным, пагатоў санкцыі наклалі на галоўнага дабрадзея «Шахтара» — кампанію «Беларуськалій». Клюб прызналі банкрутам. Маштаб страты сапраўды вялікі. Салігорская дружына тройчы была чэмпіёнкай Беларусі і столькі ж разоў здабывала Кубак краіны. У гісторыі незалежнай Беларусі вельмі мала камандаў дасягнулі большага.

«Пагоня» — клюб беларускай дыяспары

Беларусы Варшавы некалькі гадоў змагаліся за права выступаць у першынстве Польшчы. Шторазу польская бюракратыя знаходзіла прычыны, чаму заявіць каманду ў турнір нельга, а галоўнай было няпольскае грамадзянства бальшыні гульцоў.

«Пагоня» стала першай беларускай футбольнай камандай у польскім чэмпіянаце за ўсю яго гісторыю. Раней «бел-чырвона-белых» дапускалі толькі да разыграньня Кубку Польшчы, у якім не было строгіх абмежаваньняў на колькасьць іншаземцаў у камандзе.

Гульні 8-й польскай лігі ўжо стартавалі без «Пагоні», рашэньне прыняць беларускую дружыну зацьвердзілі ўжо тады, калі ўсе супернікі правялі па некалькі сустрэчаў.

У склад «Пагоні» ўваходзяць пераважна беларусы, якія вымушана пакінулі сваю радзіму праз палітычны перасьлед. Сваім сымбалем і назвай каманды яны выбралі нацыянальны герб Беларусі, фактычна забаронены рэжымам Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG