Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патрэбныя эмігранцкія мітынгі? Таболіч супраць Шчура


Акцыя салідарнасьці ў Празе, 27 чэрвеня 2020

Чым тлумачацца сёлетнія акцыі салідарнасьці дыяспары — беспрэцэдэнтныя паводле масавасьці і геаграфічнага ахопу? Ці прыедуць эмігранты ў Беларусь, каб дэманстраваць сваю салідарнасьць на бацькаўшчыне? Чаму акцыі салідарнасьці дыяспары праходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, а сымбалі галоўных цяперашніх канкурэнтаў Лукашэнкі — сэрцайка Бабарыкі і тапак Ціханоўскага?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць музыка і бізнэсовец Алесь Таболіч, пісьменьнік Макс Шчур і аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Таболіч:

  • Добра, што людзі ў дыяспары самаарганізуюцца. Хаця ў мяне ёсьць пытаньне — ці самі, ці іх хтосьці арганізаваў? Калі пасадзілі Ціханоўскага, у дыяспары акцыяў салідарнасьці не было. А як пасадзілі Бабарыку — атрымаўся моцны варушняк па ўсім сьвеце.
  • У Варшаве да амбасады прыйшло каля 1000 чалавек мітынгаваць. Але ў Польшчы жыве 150 тысячаў эмігрантаў зь Беларусі.
  • Толькі ў Беларусі беларусы могуць нешта мяняць.
Алесь Таболіч
Алесь Таболіч
  • Падтрымка са сьцягамі і партрэтамі вязьняў — гэта добра. Але хай бы прыехалі ў Беларусь на выбары і прагаласавалі і паказалі б сваю салідарнасьць тут.
  • У мяне як у кандыдата ў кандыдаты ў прэзыдэнты быў свой плян — гэта культурніцкая рэвалюцыя.
  • Я першым выступаў за кансалідацыю, я прапанаваў перамовы паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты.
  • Зараз у Беларусі палітыкай, выбарамі цікавяцца ўсе. У 2010 годзе такога не было.
  • Мяне, як палез у кандыдаты, пазнаюць людзі на вуліцах.
  • Я ня супраць дыяспары. Клёва, што там беларусы кансалідуюцца.
  • Я супраць Плошчы. Я супраць яе, таму што я супраць крыві. Я за культурную рэвалюцыю.
  • Я ў 2010 годзе быў на Плошчы, я ведаю, што такое мянты, што такое АМАП. Яны разгоняць Плошчу за лічаныя хвіліны.
  • Для мяне газпромаўскі Бабарыка — няблізкі чалавек. Я беларускі патрыёт, беларускі нацыяналіст, і да Газпрому стаўлюся самі разумееце як.
  • Я не магу зразумець, хто яны — Бабарыка, Ціханоўскі, Цапкала.
  • Бел-чырвона-белы сьцяг — для беларускага грамадзтва гэта сьцяг незалежнасьці. Хоць і не для ўсяго.
Макс Шчур
Макс Шчур

Шчур:

  • Дыяспара і мэтраполія, бацькаўшчына — злучаныя сасуды. Калі ўздым хвалі ідзе ў Беларусі, гэта адбіваецца і на эміграцыі.
  • Цяпер іншы склад тых, хто ўдзельнічае ў акцыях салідарнасьці ў дыяспары. Цяпер гэта люстэрка грамадзтва, гэтыя акцыі ахопліваюць усіх.
  • У 2006 і 2010 годзе ў Празе на плошчу выходзілі нацыянальна сьвядомыя беларусы, а цяпер самыя розныя людзі — гастарбайтары, айцішнікі. Бачыў людзей, якія прыехалі з поўначы Чэхіі, якія працуюць на заводзе. Яны адчуваюць сябе беларусамі.
  • Акцыямі салідарнасьці не мяняецца ўлада.
  • Дзеля чаго мне ехаць у Беларусь? У вас, акрамя маханьня сьцягамі і груканьня ў рондлікі, ёсьць нейкі плян?
  • Абсалютна беспадстаўныя абвінавачаньні, што акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі — ня толькі з Бабарыкам — на грошы Газпрому.
  • Цяпер у Беларусі няма лідэраў. Тых, хто быў самы небясьпечны, ужо нэўтралізавалі.
  • Тыя, хто заклікае дыяспару вяртацца, ня ведаюць, што рабіць з тым рэвалюцыйным патэнцыялам, які ўжо ёсьць у Беларусі.
  • Добра, што ў дыяспары не ўзьнікае пытаньняў наконт бел-чырвона-белага сьцяга і «Жыве Беларусь».
  • На акцыі ў Празе было і сэрцайка Бабарыкі (якое нагадвае гаўлаўскае), і тапак, прыйшоў адзін хлопец у чырвона-зялёнай майцы з тапкам. Гэта нармальна.
  • Цяпер зь бел-чырвона-белым сьцягам выходзіць народ. А раней выходзілі толькі прадстаўнікі пэўных групаў — нацыянальна-сьвядомых, дэмакратычных, але народу там не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG