Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белгазпрамбанк», якім кіраваў Бабарыка, за другі квартал страціў траціну сродкаў кліентаў 


«Белгазпрамбанк»

За другі квартал сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» скараціліся на 30%, або больш як на 1 мільён рублёў, спасылаецца БелаПАН на фінансавую справаздачнасьць установы.

Паводле стану на 1 ліпеня, сродкі кліентаў у банку складалі 2 283,5 млн рублёў супраць 3 292,3 млн рублёў на 1 красавіка.

Прыбытак банку на 1 ліпеня склаў 18,9 мільёна рублёў і зьнізіўся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 36,8%.

Цяпер у «Белгазпрамбанка» ўзьніклі абавязаньні перад Нацыянальным банкам на 215 млн рублёў, кварталам раней такога не было.

15 чэрвеня Нацыянальны банк увёў часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанк», падставай сталі крымінальныя справы, якія распачаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю за «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ўхіленьня ад выплаты падаткаў».

Пры гэтым Нацбанк заяўляў: нягледзячы на гэтыя факты, будзе забясьпечанае ўстойлівае функцыянаванне «Белгазпрамбанку».

11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанку» прайшоў ператрус у рамках крымінальнай справы. Кiраўнiком часовай адміністрацыі прызначылі экс-кіраўніцу Нацбанку Надзею Ермакову.

18 чэрвеня экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, які кіраваў установай 20 гадоў і пакінуў яе ў сувязі з удзелам у прэзыдэнцкіх выбарах, быў затрыманы і абвінавачаны ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасьці.

Улады сьцьвярджаюць, што ў крымінальным перасьледзе Бабарыкі няма палітычнага падтэксту. Сам ён перакананы ў адваротным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG