Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўнай радзе Ўкраіны патлумачылі, навошта стварылі аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь»


Аляксей Ганчарэнка

3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень незалежнасьці, ва ўкраінскім парлямэнце абвясьцілі аб стварэньні міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь».

Яго кіраўнік, дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка расказаў Свабодзе пра прычыны стварэньня аб’яднаньня, яго будучую дзейнасьць, а таксама, чаму Пятро Парашэнка пакуль не далучыўся да гэтай ініцыятывы.

Былі спадзевы на зьмены ў Беларусі

— Чаму зьявілася такая ідэя і чым будзе займацца дэпутацкае аб’яднаньне, улічваючы, што яно ня мае права афіцыйна прадстаўляць украінскі парлямэнт?

— Аб’яднаньне створанае на афіцыйным узроўні, і сёньня пра гэта абвясьцілі з трыбуны Вярхоўнай Рады. Канечне, яно ня можа дзейнічаць ад імя парлямэнту, як і ніводная з фракцый, але гэта такая праява нашай салідарнасьці з народам Беларусі. Мы хочам, каб Беларусь была сапраўды дэмакратычнай і незалежнай краінай. Менавіта такой мы яе бачым.

Беларусь цяпер перажывае вельмі цяжкі момант, бо наперадзе — прэзыдэнцкія выбары, і былі спадзевы, што яны могуць прынесьці зьмены ў Беларусь, бо зьявіліся рэальныя прэтэндэнты, якія маглі скласьці канкурэнцыю «вечнаму» Лукашэнку. Але мы бачым, што пачаліся палітычныя рэпрэсіі, перасьледуюць апанэнтаў, не дапускаюць кандыдатаў да выбараў і проста зьнішчаюць іх.

У такі момант, мы лічым, трэба прадэманстраваць знак салідарнасьці, што Ўкраіна, як дэмакратычная і свабодная краіна, падтрымлівае прагу беларускага народу да сапраўдных незалежнасьці і дэмакратыі.

Што аб'яднаньне будзе рабіць

— Вы ўжо маеце пэўны плян дзеяньняў?

— Найперш, мы плянуем падрыхтаваць праект пастановы Вярхоўнай Рады з нагоды цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі, і на наступным сэсійным тыдні будзем прапаноўваць яе ўхваліць, і, канечне, будзем рэагаваць на далейшыя палітычныя падзеі ў Беларусі.

Мы таксама ўжо дамовіліся і дапамагаем выдаць кнігу «Беларускі Данбас», якую напісалі беларускія журналісты. А што будзе далей, ужо будзе залежаць ад таго, якія да нас будуць прыходзіць звароты. Зразумела, мы — ня ўлада і не дзяржава, але мы — людзі, якія зацікаўленыя ў тым, каб пабачыць нашага вялікага паўночнага суседа дэмакратычнай і свабоднай краінай.




Мы плянуем займацца беларускай тэматыкай у сілу нашых магчымасьцяў. Дзейнасьць гэтага аб’яднаньня не прадугледжвае асобнага бюджэтнага фінансаваньня, гэта нашая ўласная ініцыятыва.

Чаму Пятра Парашэнкі нямя сярод членаў аб'яднаньня

— У складзе аб’яднаньня найбольш дэпутатаў фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць». Ці далучыўся да вашай ініцыятывы Пятро Парашэнка і як ён да яе паставіўся, улічваючы, што ён нібыта мае сяброўскія дачыненьні з Лукашэнкам?

— Пятру Парашэнку я пакуль не прапанаваў далучыцца, бо такая ініцыятыва зьявілася якраз у той дзень, калі чыніліся палітычныя рэпрэсіі супраць яго (допыт і суд аб абраньні папярэдняй меры стрыманьня — РС). Магчыма, ён далучыцца, магчыма — не. Я пакуль не магу адказаць на гэтае пытаньне.

Калі ў Пятра Парашэнкі будзе больш вольнага часу ад судоў, мы і яму раскажам пра нашае аб’яднаньне. І калі ён пажадае, то зможа далучыцца. Але ўжо сёньня яшчэ некалькі дэпутатаў выказалі жаданьне далучыцца да нашага аб’яднаньня. Агулам у складзе аб’яднаньня — каля 20 дэпутатаў, але яшчэ трэба дакладна палічыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG