Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«NATO — не перашкода, выбары — нармальныя». Што расказаў украінцам амбасадар Беларусі ва Ўкраіне


Беларускі амбасадар ва Ўкраіне Ігар Сокал

Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал перакананы, што атрыманьне Ўкраінай статусу партнэра NATO з пашыранымі паўнамоцтвамі не нашкодзіць яе дачыненьням зь Беларусьсю.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі


«Атрыманьне Ўкраінай асаблівага статусу пры NATO цалкам прагназавана з улікам таго вэктару вонкавай палітыкі, які замацаваны ў Канстытуцыі (Украіны). Для нас гэта ня новае, гэта сувэрэннае права Ўкраіны вызначаць свой вонкавы вэктар палітыкі, куды ёй рухацца. Але зыходзіць трэба з таго, што ні мы, ні вы суседзяў не выбіраем, аддаліцца адзін ад аднаго мы ня можам. Таму галоўнае, каб у гэтым рэгіёне, дзе Ўкраіна і Беларусь сумесна пражываюць, быў мір, спакой, магчымасьць грамадзянам мець цесныя зносіны адзін з адным, незалежна ад таго, якія прыярытэты ў зьнешняй палітыцы ў кожнай з краінаў», — сказаў Ігар Сокал у інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна», апублікаванаму 3 ліпеня з нагоды афіцыйнага дня незалежнасьці Беларусі.


«Не ўяўляю нават у кашмарным сьне, каб Беларусь адвярнулася ад Украіны»

Распавядаючы пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі, дыплямат адзначыў, што вынікі выбараў ня выклікаюць зьменаў у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях:

«Ва Ўкраіне за гады сувэрэнітэту цяпер шосты прэзыдэнт. І мне здаецца, гэта ніякім чынам не адбіваецца на беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях, таму што аснову двухбаковай супрацы складаюць глыбокія эканамічныя, культурна-гуманітарныя і роднасныя сувязі. Я не ўяўляю нават у кашмарным сьне, каб Беларусь адвярнулася ад Украіны, і беларускі народ не ўспрымаў украінскі народ як роднасны, таму што паміж намі шмат роднасных і этнічных сувязяў».

Ігар Сокал падкрэсьліў, што стаўленьне Беларусі да Ўкраіны не падлягае ніякім зьменам ці рэвізіі: «Гэтага ж мы чакаем і ад украінскага народа ў адносінах да беларускага».

«Даходзіла да абразы апанэнтаў»

Паводле амбасадара, для любой краіны перадвыбарчы пэрыяд — гэта найбольш інтэнсіўны пэрыяд грамадзкага жыцьця. Выбарчая кампанія ў Беларусі толькі пачалася, але некаторыя ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў для вылучэньня кандыдатаў пачалі «праводзіць незаконныя акцыі з парушэньнем грамадзкага парадку»:

«Даходзіла да абразы апанэнтаў ня толькі зь ліку дзеючай улады, але і абразы супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Рэакцыя праваахоўных органаў у дадзенай сытуацыі абсалютна адэкватная — іх задача забясьпечыць парадак і стабільнасьць у грамадзтве. Для некаторых людзей палітычныя працэсы — гэта асноўны сэнс жыцьця, а для іншых гэтае пытаньне не зьяўляецца прыярытэтным. Большасьць грамадзян жывуць звычайнымі паўсядзённымі клопатамі».

На просьбу карэспандэнта спрагназаваць, ці нармалізуецца сытуацыя ў Беларусі да выбараў, Ігар Сокал адказаў:

«Я сыходжу з таго, што яна (сытуацыя) і цяпер нармальная для электаральнага пэрыяду. І я вельмі рады, што дзяржава ў дадзенай сытуацыі ў поўным аб’ёме выконвае свае абавязаньні перад грамадзянамі па падтрыманьні правапарадку і забесьпячэньні выбарчага працэсу ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам».

Эўразьвяз дапамагае Беларусі і Ўкраіне правесьці мяжу


Беларускі амбасадар паведаміў, што цяпер краіны актывізавалі працы па дэмаркацыі супольнай мяжы, працягласьць якой складае дзесьці 1084 км.

«Мы на асобных участках праводзім сваю частку працы, Украіна — сваю. ... Зараз на асобных участках ідзе непасрэдна ўжо дэмаркацыя, вынас слупоў на мясцовасьць, разьмежаваньне. Важнае садзейнічаньне ў дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы аказвае Эўрапейскі Зьвяз у рамках праграмы Ўсходняга партнэрства. Зараз мы знаходзімся на этапе выбару падрадчыкаў для выкананьня дэмаркацыйных работ. Думаю, што за 2 гады міжнародная частка праекту будзе выканана. Бюджэт праекту для кожнага з бакоў складае 1,9 мільёна эўра».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG