Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаў на 5 гадоў, штрафаў на 190 тысяч рублёў — праваабаронцы падлічылі вынікі перасьледу падчас выбараў


Турма на 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Турма на 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Ад 6 траўня і да 1 ліпеня ўключна ў Беларусі 125 чалавек пакаралі арыштам прыблізна на 1800 сутак, а 246 чалавек — штрафамі амаль на 190 тысяч рублёў у сувязі з палітычнымі акцыямі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Праваабаронцам вядома агулам пра 680 выпадкаў затрыманьняў у сувязі са зборам подпісаў за вылучэньне кандыдатаў і акцыямі салідарнасьці са зьняволенымі.

Беларусы ў краіне і за мяжой зьбіраюць грошы для пакараных — на штрафы, юрыдычную дапамогу і плату за арышт. На момант публікацыі сабранай сумы хапае, каб сплаціць вядомыя штрафы цалкам.

Названыя лічбы наўрад ці канчатковыя — 2 ліпеня праходзяць суды ў Горадні (адміністрацыйныя працэсы над фігурантамі крымінальнай «справы Ціханоўскага» Вяргіліем Ушаком, Аляксандрам Арановічам і Арцёмам Сакавым) і Жлобіне (над Сьвятланай Зыль і Віталём Грыцковым за тое, што пляскалі ў ладкі на плошчы Вызваліцеляў 19 чэрвеня).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG