Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні асудзілі відэаапэратара блогера Ціханоўскага за тое, што нібыта ён здымаў і размахваў рукамі адначасова


Суд над Вяргіліем Ушаком 2 ліпеня праходзіў празь відэасувязь

Падчас адміністрацыйнага суду адзін фігурантаў крымінальнай «справы Ціханоўскага», палітвязень Вяргілій Ушак змог празь відэасувязь убачыцца са сваёй нявестай. «Як ты даехала?», — пасьпеў запытацца ён у яе падчас паседжаньня, але судзьдзя адхіліла пытаньне.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Жыхара Менску Вяргілія Ўшака пакаралі адміністрацыйным арыштам на 7 сутак за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі 2 ліпеня.

Ягоная адміністрацыйная справа ня мае дачыненьня да крымінальных, у апошніх суду яшчэ не было. Праз крымінальныя справы ён прызнаны палітычным зьняволеным.

26-гадовы Вяргілій Ушак жыве ў Менску, нежанаты, дзяцей ня мае. Быў затрыманы 29 траўня на пікеце ў Горадні. Знаходзіцца ў СІЗА #1 Менску. Ушак паведаміў, што ён таксама падазраваны паводле артыкулу 364 і абвінавачаны паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Ён удзельнічаў у судовым працэсе праз відэасувязь зь СІЗА.

Справу разглядала судзьдзя Натальля Козел. Сьведкамі выступілі амапаўцы Павел Конан, Дзяніс Серада, міліцыянт Сяргей Рымко, а таксама дзяўчына Ўшака Надзея Салодкая. На судзе прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Міхал Паўлоўскі.

Паводле пратаколу, Ушак 29 траўня на Савецкай плошчы крычаў, выказваўся нецэнзурна, настойліва чапляўся да людзей, спрабаваў зладзіць патасоўку. Пры затрыманьні супраціўляўся, упіраўся, размахваў рукамі, спрабаваў уцячы.

Ушак сваю віну паводле абодвух артыкулаў не прызнаў цалкам. Ён расказаў, што вёў жывую трансьляцыю праз тэлефон з Савецкай плошчы Горадні прыкладна ад 18:00 да 20:00, калі яго затрымалі. Здымаў пікет на законным зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Па ягоных словах, на плошчы было менш за 100 чалавек.

«Ехаў, каб папрактыкавацца здымаць відэа. Я вёў маўклівую трансьляцыю, ні ў кога нічога не пытаўся… Я ўжо больш за месяц у СІЗА і ня стаў лаяцца нецэнзурна… Я сам ня ведаю, як я крычу, што гэта за тэмбар», — заявіў Ушак у адказ на тое, што крычаў і выказваўся нецэнзурна.

«Відаць кожны мой крок, кожнае маё дыханьне; відаць, што я нічога не ўчыняў»

Ён расказаў, што рукамі таксама не размахваў.

«Як гэта ўвогуле магчыма? Я трымаў камэру дзьвюма рукамі і проста стаяў», — патлумачыў Ушак.

Ён прыгадаў, як дзяўчына пачала чапляцца да Ціханоўскага. Ушак аказаўся на ўскрайку штурханіны, калі ўпаў міліцыянт. Паводле яго, натоўп зачапіў шнур ягонага тэлефона.

«Відаць кожны мой крок, кожнае маё дыханьне; відаць, што я нічога не ўчыняў», — спасылаецца Ўшак на сваю відэатрансьляцыю.

Па словах Вяргілія, яго затрымалі праз тры сэкунды пасьля таго, як затрымалі Ціханоўскага. Ён падняў рукі, бо ведаў, як могуць затрымліваць амапаўцы. Кажа, на ягонай трансьляцыі чуваць: «Ідзіце». Ушак кажа, што да яго не прымянялі спэцсродкаў.

На судзе
На судзе

Як расказаў супрацоўнік АМАП Павел Конан у якасьці сьведкі, ён выйшаў на Савецкую плошчу 29 траўня, калі паступіў сыгнал аб гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. Убачыў Ушака, які выказваўся нецэнзурна (ня памятае, якімі словамі дакладна), тыцкаў у твар людзям сваім мабільным тэлефонам са штатывам, пры затрыманьні ішоў спакойна, а калі яго саджалі ў аўтамабіль, то пачаў супраціўляцца, хапаў за форму.

Судзьдзя зьвярнула ўвагу, што раней Конан склаў рапарт, дзе напісаў, што Ўшак адразу супраціўляўся пры затрыманьні. Конан патлумачыў тым, што кепска памятае абставіны. На большасьць удакладняльных пытаньняў ад Ушака ён адказваў «Ня памятаю».

Падобныя паказаньні далі міліцыянты Дзяніс Серада і Сяргей Рымко.

«Ты самае цудоўнае, што я бачыў за апошні месяц»

Дзяўчына Ўшака Надзея Салодкая, якая прыехала на працэс зь Менску, характарызавала Вяргілія як неканфліктнага і непалітычнага чалавека. Яна сачыла за жывой трансьляцыяй свайго хлопца 29 траўня і ня бачыла, каб ён парушаў парадак або не падпарадкоўваўся міліцыі.

Падчас апытаньня Надзеі і сама дзяўчына, і Вяргілій расплакаліся.

«Як ты даехала?», — пасьпеў запытацца Вяргілій у Надзеі падчас паседжаньня, але судзьдзя адхіліла пытаньне.

Ушак заявіў хадайніцтва прагледзець відэа са сваёй жывой трансьляцыі, дзе відаць, што ён нічога не парушаў. Але яго адхілілі, бо своечасова не далучылі да справы.

«Ты вельмі прыгожая, самае цудоўнае, што я бачыў за апошні месяц», — пасьпеў сказаць Вяргілій Надзеі перад абвяшчэньнем пастановы.

Суд прызначыў Ушаку 7 сутак адміністрацыйнага арышту агулам за абодва артыкулы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG